падтрымаць нас

Грамадства

Беларускія ўлады хочуць зрабіць гарады “разумнымі”, але не ведаюць, з чаго пачаць

Беларускія ўлады хочуць зрабіць гарады “разумнымі”, але не ведаюць, з чаго пачаць
Чаму беларускім гарадам трэба стаць smart.

Часцей за ўсё пад smart city разумеюць тэхналагічныя праекты, якія робяць гарады зручнейшымі ды сучаснымі. У першую чаргу сярод іх мы прыгадваем грамадскія ці камерцыйныя ініцыятывы. Але досвед еўрапейскіх “разумных гарадоў” паказвае, што галоўную ролю ў развіцці гэтых праектаў грае адміністрацыя. Менавіта муніцыпалітэты дапамагаюць ініцыятывам smart city атрымаць падтрымку і рэалізавацца ў маштабах усяго горада.

Як прыклад можна прыгадаць Барселону, якая лічыцца адной са сталіц руху smart city. Хав’ер Трыас, які займаў пост мэра горада з 2011-га да 2015-га, дапамагаў ІТ-праектам, арыентаваным на патрэбы грамадства. Гэтак адміністрацыя зрабіла адзіны партал, на якім былі размешчаныя мабільныя дастасаванні, прысвечаныя Барселоне. Гэта вельмі дапамагло як грамадзянам горада, так і турыстам, бо яны цяпер маглі спампаваць усё неабходнае з аднаго сайта.

Адзіны партал, які знаёміць са значнымі для smart city стартапамі ды праектамі, існуе таксама ў Амстэрдаме і ў іншых гарадах Еўропы. Калі глядзець бліжэй, то развіццё “разумнай” Вільні прасоўвае мэр горада Рэмігіюс Шымашус. Паводле рэйтынгу IBM, Вільня ўжо ўваходзіць у дваццатку самых перспектыўных “разумных гарадоў” у Еўропе.

Чаму муніцыпалітэты зацікаўленыя ў “разумнасці” гарадоў

Па-першае, гэта павышае турыстычны статус. Мабільныя праграмы арыентаваныя акурат на тое, каб аблегчыць перамяшчэнне па горадзе, а таксама параіць выдатныя мясціны, крамы ці рэстараны. Такім чынам, гарады, якія не развіваюць мабільных тэхналогіяў, выпадаюць з патокаў “турыстычнай міграцыі” ды губляюць не толькі сімвалічны, але і эканамічны капітал.

Па-другое, развіццё smart city прыцягвае вялікія кампаніі, якія зацікаўленыя ў фінансаванні IТ-праектаў. Прыкладам можа быць тая ж Барселона, адміністрацыя якой падтрымлівала мясцовыя стартапы, а супраца мэрыі з кампаніяй Cisco дазволіла некаторым з іх атрымаць фінансавую дапамогу. Можна ўзгадаць праект IBM Smarter cities. Акрамя вялікіх кампаніяў у развіцці праектаў smart city зацікаўленыя венчурныя фонды. Усё гэта датацыі, якія таксама паступаюць у бюджэт горада.

Нельга абыйсці бокам і той факт, што шмат праектаў smart city звязана з электронным кіраваннем. Яны не толькі дапамагаюць паляпшэнню анлайн-паслуг, развіццю Big Data, але таксама знаходзяць новыя падыходы для вырашэння розных праблем. Напрыклад, сёння немагчыма ўявіць горад без электроннай сістэмы кантролю за транспартным рухам. Таксама можна ўзгадаць аптымізацыю выдаткаў на працу сістэмы асвятлення.  

smart3

Пры гэтым многія стартапы зацікаўленыя, каб супрацоўнічаць з гарадской адміністрацыяй, бо муніцыпалітэт можа быць гарантам пры перамовах з інвестарамі. Падтрымка на адміністрацыйным узроўні заўжды павышае статус стартапа.

Створанае мабільнае дастасаванне можа быць размешчана на адмысловым партале smart city, як гэта ёсць у Барселоне. Зразумела, што магчымыя альтэрнатыўныя парталы, якія таксама зоймуцца зборам усіх праграмаў. Але прыватныя ініцыятывы ўсё ж могуць быць недаўгавечныя, а іх арганізатары могуць мець перадузяты погляд ці лабіяваць толькі тыя праекты, у якіх яны зацікаўленыя.

Таксама трэба ўлічваць тое, што праз адміністрацыйныя ўстановы “разумныя” праекты могуць далучыць да сваёй працы новыя сацыяльныя групы. Гэта датычыцца слаёў грамадства, якія не зʼяўляюцца “дыгітальна актыўнымі”. У Беларусі гэта перадусім людзі сталага веку ды тыя, хто мае праблемы з сацыялізацыяй.

Як улады Мінска ставяцца да smart city

Пакуль што гарадская адміністрацыя займае дзіўную пазіцыю. На запыт сайта E-gov.by адносна “разумнасці” Мінска, якая была анансаваная чыноўніцай Мінгарвыканкама, улады нічога не адказалі пра тое, як будуць падтрымлівацца грамадскія ініцыятывы.

Тым не менш, праект развіцця  “разумнага” Мінска на адміністрацыйным узроўні існуе ўжо каля трох гадоў. Пачыналася ўсё са спробы сустрэчы з прадстаўнікамі вялікіх ІТ-кампаніяў яшчэ ў 2013-ым. Але ўжо тады панавала атмасфера недаверу, што адлюстравалася ў пазіцыі былога генеральнага дырэктара беларускага офіса EPAM Systems Сяргея Дзівіна, які адмовіўся ад сустрэчы з прадстаўнікамі Мінгарвыканкама.

У апошнія гады адміністрацыя час ад часу ўздымае пытанне smart city, але нейкіх планамерных дзеянняў у гэтай галіне няма. Амаль заўжды ўсё зводзіцца да пошуку інвестараў, як гэта было, напрыклад, з Korea Telecom. У Мінску дагэтуль не паўстала адзінай базы дадзеных, без якой немагчыма існаванне звязаных з жыццём горада мабільных праграм. (Таму замест уладаў гэтым займаецца грамадская ініцыятыва). Прыемным выключэннем з дзеяннях выканкаму з’яўляецца  сайт 115.бел, які працуе анлайн-пасярэднікам паміж грамадзянамі ды жыллёва-камунальнымі службамі.

smart4

Што неабходна зрабіць адміністрацыі, каб гарады сталі “разумнымі”

Развіццё smart city незалежна ад гарадской адміністрацыі, пэўна, магчыма, але гэта цяжка ўявіць нават у ліберальных заходніх краінах.

У Беларусі ж “разумныя” ініцыятывы належаць грамадскім суполкам. Але пэўная зацікаўленасць у “разумным” развіцці горада ў адміністрацыі існуе. Толькі складаецца ўражанне, што муніцыпалітэты чакаюць нейкай генеральнай праграмы, пададзенай на дзяржаўным узроўні. Хоць некаторыя першыя крокі можна зрабіць даволі лёгка.

Па-першае, можна стварыць партал аналагічны сайту Барселоны. Гэта дапаможа зрабіць каталог мабільных праграм, карысных грамадзянам, а таксама распавесці аб тэхналагічнай мадэрнізацыі горада.

Па-другое, неабходна абмеркаваць праграму развіцця канкрэтнага горада як smart city, каб убачыць, якія праекты плануецца рэалізаваць і колькі гэта можа каштаваць.