падтрымаць нас

Даследванні

Барометр рэпрэсій у Беларусі. II квартал 2024 года

Барометр рэпрэсій у Беларусі. II квартал 2024 года

У трэцяй справаздачы па даследаванні «Барометр рэпрэсій у Беларусі» Цэнтр новых ідэй паказвае на лічбах, што ціск на беларускае грамадства працягвае расці.

У 2024 годзе рэпрэсіі супраць тых, каго рэжым Лукашэнкі лічыць сваімі апанентамі, толькі ўзмацняюцца — для разумення дынамікі былі ўзяты максімальна дасяжныя лічбы, якія характарызуюць эвалюцыю рэпрэсіўнага ціску з 2020 года.

Асноўныя высновы даследавання:

  • У працэсе знішчэння структур грамадзянскай супольнасці былі два пікі: 3-і квартал 2021-га года і 3-і квартал 2022-га года. У 2-ім квартале гэтага года знікла на 5% больш арганізацый, чым цягам папярэдняга перыяду. У дадзеным кірунку рэсурсы дзеля павелічэння рэпрэсіўнага ціску блізкія да вычарпання.
  • Інструментальнае выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства таксама зведала некалькі пікаў. Першы пік прыпаў на канец 2021–пачатак 2022-га гадоў, другую хвалю мы перажываем цяпер. У сёлетнім 2-ім квартале адносна папярэдняга квартала было праведзена на 2% больш судовых пасяджэнняў, было прызнана на 25% больш “экстрэмісцкіх фармаванняў”, на 74% больш грамадзян было ўнесена ў “экстрэмісцкі спіс”.
  • Колькасць адвольных затрыманняў палітычных апанентаў таксама змяняецца хвалепадобна. Улады маштабна рэагуюць праз гэта на любыя раздражняльнікі, пачынаючы ад вулічных пратэстаў і заканчваючы ініцыятывамі дэмакратычных сіл. У справаздачным перыядзе пасля “электаральнай хвалі” затрыманняў, што набірала моц з сярэдзіны мінулага года, зараз (па папярэдняй інфармацыі) назіраецца невялікі спад колькасці затрыманняў.
  • У справаздачным перыядзе ў параўнанні з папярэднім адміністратыўны ціск знізіўся на 15%. Аднак гадавая сярэднеквартальная дынаміка паказвае, што адміністратыўны пераслед апанентаў рэжыму пасля 2021-га года дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю росту.
  • Крымінальны пераслед беларусаў, не згодных з дзейнай уладай, таксама мае хвалевую структуру: першая хваля адзначалася ў другой палове 2021-га года, другая – у сярэдзіне 2023-га года. Цяпер, верагодна, мы знаходзімся на пачатку трэцяй хвалі, якая пачалася з першага квартала 2024-га года і цяпер выйшла на ўзровень больш за 450 крымінальных спраў за квартал. Гэта абсалютны максімум за апошнія 4 гады.
  • Пік прызнання асуджаных палітычнымі зняволенымі ў Беларусі выпадае на канец 2021-га года, калі ў месяц такімі прызнаваліся больш за 100 чалавек. У наступныя гады інтэнсіўнасць прызнання палітвязнямі была ніжэйшай, аднак у справаздачным перыядзе колькасць “новых” палітвязняў перавысіла аналагічны паказнік мінулага квартала на 80%.


Высунутая раней гіпотэза аб тым, што ў канцы мінулага года пачалася новая “рэпрэсіўная хваля”, спраўджваецца – рэпрэсіўны ціск на беларускае грамадства расце. Рэжым Лукашэнкі працягвае лічыць беларускае грамадства сваім ворагам і ўзмацняе рэпрэсіі супраць тых, каго лічыць сваімі апанентамі.

Запампаваць PDF:

Фота: ПЦ “Вясна