падтрымаць нас

Грамадства

Беларуская сістэма падтрымкі спорту зламаная: вось як яе направіць

Беларуская сістэма падтрымкі спорту зламаная: вось як яе направіць
Неэфектыўныя дзяржаўныя выдаткі, слабыя спартыўныя вынікі і што з гэтым трэба рабіць.

У Беларусі вельмі сур’ёзнае стаўленне да спорту. Вы гэта і так, напэўна, ведалі, але, магчыма, не чулі, што ў 2017-ым на спорт плануецца выдзеліць усяго столькі сродкаў з рэспубліканскага бюджэту, колькі на культуру і СМІ разам узятыя. Для параўнання, па падліках Еўрастата, у краінах ЕС выдаткоўваецца ў сярэднім на спорт у два разы менш бюджэтных сродкаў, чым на культуру і медыі.

У нас спорт, як у даўнія савецкія часы, мае дэманстраваць усяму свету перавагі краіны і асабістыя вартасці кіраўніка. Увесь час на самым высокім узроўні праводзяцца нарады, прысвечаныя развіццю спорту. У абсалютнай большасці краін свету нядаўняе прызначэнне паспяховага чыноўніка, якім з’яўляецца Сямён Шапіра, кіраўніком у спартыўную федэрацыю азначала б рух уніз па кар’ернай лесвіцы. Але ў Беларусі гэта можна разглядаць як знак асаблівага даверу прэзідэнта.

Але ўсе гэтыя намаганні марныя. Празмерныя дзяржаўныя фінансавыя выдаткі на спорт за апошнія 20 гадоў не трансфармавалася ў сур’ёзныя поспехі.

Толькі ў хакей за дзесяцігоддзе дзяржава ўклала больш за $ 1 млрд.

Лепш за ўсё пра спартыўныя вынікі кажуць Алімпійскія гульні і дынаміка атрыманых медалёў. Выступленне на апошняй Алімпіядзе сам Лукашэнка прызнаў правальным. Відавочна, што Беларусь Спартыўная дакладна і няўхільна, нягледзячы на ​​шчодрае дзяржаўнае фінансаванне, становіцца ўсё менш канкурэнтаздольнай у параўнанні з іншымі краінамі.

Не лепшыя вынікі і ў гульнявых відах спорту. Так, футбольная зборная да гэтага часу ні разу не выходзіла ў фінальную стадыю чэмпіянатаў Еўропы ці свету і цяпер яе ўзровень значна ўпаў у параўнанні з тым, што было хоць бы 10 гадоў таму. Хакейная дружына  таксама, як мінімум, не прагрэсуе.

Усё гэта выразна сведчаць пра неэфектыўную дзяржаўную палітыку ў сферы спорту. Карэнныя рэформы ў гэтай сферы наспелі, і вось тры рэчы, якія трэба зрабіць.

Разабрацца з дзяржаўнымі выдаткамі

У плане падтрымкі спорту Беларусь паводзіць сябе як звышдзяржава, спрабуючы фінансаваць як мага большую колькасць спартыўных дысцыплін. Аднак эканамічныя магчымасці краіны відавочна абмежаваныя і разумна было б сканцэнтравацца на традыцыйных і гістарычна паспяховых для Беларусі дысцыплінах. Яны, дарэчы, не патрабуюць маштабнага фінансавання. Гэта, напрыклад, гандбол, мастацкая і спартыўная гімнастыка, фехтаванне, веславанне, лёгкая і цяжкая атлетыка.

Прыклад балканскіх дзяржаваў больш чым пераканаўчы.

Яны традыцыйна моцныя ў камандных гульнявых відах спорту. І сёння яны робяць стаўку на развіццё гэтых дысцыплін, што дазваляе ім пастаянна ўваходзіць у футбольную, баскетбольную, гандбольную і валейбольную эліты.

Выдаткі трэба не толькі аптымізаваць, але і рацыяналізаваць. Відавочна, што немалыя грошы, напрыклад, неэфектыўна траціліся на хакейныя патрэбы. Яшчэ свежыя ў памяці неадэкватныя заробкі хакеістаў (якія ў год дасягалі  $ 100 тыс.), якія гулялі ў чэмпіянаце Беларусі.

Гэта пры тым, што дадзеныя выдаткі аплочвалі беларускія падаткаплацельшчыкі.

Значную частку тых жа 1 $ млрд, выдаткаваных на развіццё хакея ў РБ, можна было б перанакіраваць на падтрымку тых відаў спорту, якія ў Беларусі гістарычна моцныя.

Згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020, адным з яе важных напрамкаў з’яўляецца фармаванне спартыўнай інфраструктуры. Ва ўмовах цяперашняга эканамічнага крызісу больш чым актуальнай з’яўляецца задача будаўніцтва толькі тых спартыўных аб’ектаў, якія акупляюцца альбо не патрабуюць вялікіх сродкаў на ўтрыманне.

Прыцягнуць у спорт прыватны капітал

Ненармальнай з’яўляецца сітуацыя, калі практычна ўсе (хіба што акрамя футбольнага БАТЭ і гандбольнага БГК ім. Мяшкова) спартыўныя выдаткі ўскладаюцца на плечы дзяржавы (і падаткаплацельшчыкаў). У той час, як у Еўропе ўжо склалася практыка, што, напрыклад, у гульнявых відах спорту дамінуе прыватны капітал.

Неабходна распрацаваць адпаведную стратэгію па камерцыялізацыі спорту. Магчыма, на прыкладзе свабодных эканамічных зон, з надаваннем пэўных падатковых ільгот і прэферэнцыяў кампаніям, якія ўкладваюць свае грошы ў спорт. Гэтак было зроблена ў Кітаі, дзе кампаніі, якія фінансуюць футбольныя клубы, атрымоўваюць пэўныя ільготы ад дзяржавы.

Рэфармаваць спартыўны менеджмент

Спартыўнымі федэрацыямі ў Беларусі кіруюць пераважна цяперашнія або былыя дзяржаўныя службоўцы, праўладныя бізнесмены альбо іншыя набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі персоны. Чыноўнік, прызначаны на пасаду кіраўніка федэрацыі, часцяком раней не меў дачынення да дадзенага віду спорту. І не факт, што яму гэта ўвогуле цікава, аднак загад ёсць загад.

Таму праблема кампетэнцыяў і матывацыі спартыўных менеджараў відавочная.

Сёння ўлада імкнецца змяніць падыход фармавання інстытута кіраўнікоў спартыўных федэрацыяў: імі павінны кіраваць матываваныя прафесіяналы, якія, пажадана, дасягнулі вынікаў у спорце і якія маюць шматгадовы досвед працы ў спартыўнай галіне (як Цяцерын у тэнісе або Цылінская ў веласпорце). Гэта добрае рашэнне. Аднак такім людзям трэба даць магчымасць працаваць у спакойнай абстаноўцы, пазбавіўшы іх ад пастаяннага наганяю і ціску зверху.