падтрымаць нас

Артыкулы

Справядлівасць вачамі тых, хто перажыў гвалт: на што звярнуць увагу

Справядлівасць вачамі тых, хто перажыў гвалт: на што звярнуць увагу

На што варта звярнуць увагу ў даследаванні праваабаронцаў? І гаворка не толькі пра справядлівасць як такую. Разважае Генадзь Коршунаў.

Сёлета 15-га лістапада былі прэзентаваныя вынікі даследчыцкага праекта пра ўспрыманне справядлівасці тымі беларусамі, якія перажылі гвалт з боку сілавікоў рэжыму. Я распрацоўваў метадалогію праекта (што было для мяне адначасова вялікім гонарам і адказнасцю), а аснову даследавання склалі звесткі, сабраныя праваабаронцамі “Вясны” і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Аналізаваліся меркаванні не ўсіх беларусаў, а менавіта тых, хто прайшоў праз катаванні ці зведаў жорсткае абыходжанне (12 глыбінных інтэрв’ю і выбарка ў 580 чалавек у колькасным даследаванні). З поўнай справаздачай можна пазнаёміцца па спасылках: на беларускай мове, на англійскай і на расейскай.

Аб прэзентацыі напісалі амаль усе беларускія незалежныя медыі, за што ім вялікі дзякуй. Аднак мне падаецца (як даследчыку), не ўсе прынцыпова важныя моманты былі агучаныя належным чынам. 

Па-першае, я б зрабіў большы акцэнт на тым, што людзі хаця і не вельмі вераць у магчымасці аднаўлення справядлівасці ў найбліжэйшы час, не перастаюць  прагнуць справядлівасці.

Так, 84% лічаць, што дамагчыся справядлівасці  ў Беларусі ў хуткім часе шанцаў амаль няма, але пры гэтым 36% падкрэсліваюць, што гэта можа атрымацца, калі звяртацца ў суды іншых краін ці ў міжнародныя інстанцыі.

Справядлівасць вачамі тых, хто перажыў гвалт: на што звярнуць увагу
Інфаграфіка: справаздача “Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне”

Гэта важна: мы адэкватна ацэньваем перспектывы, але не апускаем рукі і разглядаем розныя варыянты. Як той казаў, калі надзея паступова сплывае, застаюцца вытрымка, зацятасць і ўпартасць.

Да таго ж перспектывы руху ў гэтым напрамку не цьмяныя, хутчэй, нават наадварот. Тут я маю на ўвазе зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай правесці расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці. Калі згадаць прэцэдэнт М’янмы, то і тут ёсць неблагія шанцы. Пра гэта таксама гаварылася на прэзентацыі 15-га лістапада. Але на жаль, інфармацыі пра тое ў медыях няшмат.

Другі момант, які падаецца мне важным: апытаныя зацікаўленыя ў аднаўленні справядлівасці не толькі і не столькі для сябе асабіста (хаця і гэта важна), колькі дэманструюць прагу да аднаўлення справядлівасці “вялікай”, “гістарычнай”. Гэта значыць, для іх найважнейшае – звяржэнне рэжыму Лукашэнкі і вызваленне грамадства ад яго ўлады. Падчас глыбінных інтэрв’ю менавіта пра гэта казалі рэспандэнты, якія перажылі катаванні, – яны самі, без падказак, разважалі пра тое, што для іх з’яўляецца справядлівасцю.

У межах колькаснага даследавання, калі рэспандэнтам прапаноўваўся спіс з 12 варыянтаў таго, што трэба зрабіць для тых, хто перажыў гвалт з боку сілавікоў, патрабаванне зрынуць рэжым аказалася на 4-ым месцы разам з кампенсацыяй маральнай шкоды (76%). На трох вышэйшых пазіцыях апынуліся: кампенсацыя матэрыяльнай шкоды, медычная і псіхалагічная рэабілітацыя, а таксама публічнае вяртанне добрага імя пацярпелым.

Справядлівасць вачамі тых, хто перажыў гвалт: на што звярнуць увагу
Інфаграфіка: справаздача “Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне”

Трэці момант, на які я б звярнуў увагу, – гэта успрыняцце судоў. Менавіта яны бачацца амаль такім жа ўвасабленнем рэжыму Лукашэнкі, як і сам дыктатар.

Не АМАП з ГУБАЗіКам, не пракуратура з працаўнікамі СІЗА, а беларускія суды, паводле меркаванняў апытаных, вінаватыя ў хвалі гвалту, якая накрыла Беларусь, і мусяць панесці за гэта адказнасць.

Справядлівасць вачамі тых, хто перажыў гвалт: на што звярнуць увагу
Інфаграфіка: справаздача “Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне”

І справядлівасць, як лічаць пацярпелыя ад гвалту, таксама трэба аднаўляць пры дапамозе судовай сістэмы. Звярніце ўвагу: дзейнічае не прынцып “вока за вока”, а жаданне аднавіць законнасць і сапраўднае правасуддзе. “Ступень віны кожнага і кожнай мусіць вызначаць суд у строга індывідуальным парадку” – гэтак мяркуюць 84%; “пажадана, каб гэта рабіў Міжнародны суд (ці трыбунал), які трэба праводзіць ужо цяпер” – лічаць 46%; у сваю чаргу, 34% апытаных выказаліся за разгляд справаў ужо ў новай беларускай судовай сістэме пасля змены ўлады.

Справядлівасць вачамі тых, хто перажыў гвалт: на што звярнуць увагу
Інфаграфіка: справаздача “Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне”

Яшчэ адзін прынцыповы момант: шмат хто з апытаных сцвердзіў, што менавіта ім дапамога не патрэбная. Выкарыстоўваюцца фармулёўкі тыпу “я моцны(ая), я сам(а) дам рады”, “іншым больш патрэбна”, “мне і так ужо дапамагалі” і г.д. Мяркую, гэтак праяўляюцца глыбейшыя чыннікі, чым, напрыклад, упэўненасць у сваіх сілах або ўстаноўка на непрыманне дапамогі “з боку”. У нас, беларусаў, няма вялікага досведу лабіявання сваіх інтарэсаў, адвакатавання ці хаця б абароны сваіх правоў, асабліва на групавым узроўні. За апошняе дзесяцігоддзе мы трошачкі навучыліся адстойваць свае правы на персанальным узроўні. А вось тое, што хоць крыху вышэйшае, большае і шырэйшае, – не ўмеем, не ведаем і не разумеем, навошта гэта трэба.

Мы да апошняга выжываем у адзіночку: “Я моцны, мне дапамога не патрэбная”. А потым надыходзіць момант, што мы выгараем і знясільваемся. 

Праз тое і пытанні аб тым, што маглі б рабіць суб’екты рознага ўзроўню для пацярпелых ад гвалту, выклікалі ў рэспандэнтаў пэўныя цяжкасці. Беларусам разважаць аб дапамозе ў свой бок – складана. Тое ж самае і на ўзроўні супольнасцяў, якія б аб’ядноўвалі асоб, што прайшлі катаванні і/ці жорсткае абыходжанне. На гіпатэтычным узроўні рэспандэнты гатовыя разважаць аб неабходнасці і карысці такіх аб’яднанняў. Калі ж даходзіць да практычнага ўзроўню, то патрэбы свайго ўдзелу ў такіх групах рэспандэнты хутчэй не бачаць.

Між тым дапамога не будзе залішняй, асабліва ў кірунку спрашчэння працэсаў легалізацыі і адаптацыі беларусаў у трэціх краінах, у намаганнях дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці і ў рэабілітацыі пацярпелых.

У якасці высновы скажу наступнае: шчыры дзякуй праваабаронцам за іхную працу! А ўсім тым, хто займаецца лабіяваннем беларускіх інтарэсаў, яшчэ раз раю пазнаёміцца са справаздачай (гл. таксама на англійскай і расейскай).

Фота: Valery Sharifulin/Tass/PA Images

Падпісвайцеся на рассылку, каб кожны тыдзень новы выпуск «Што думаюць беларусы» прыходзіў прама на пошту!

* indicates required

Intuit Mailchimp