падтрымаць нас

Грамадства

Ці патрэбна беларусам свабода выбару і што агульнага паміж палітыкай і футболам

Ці патрэбна беларусам свабода выбару і што агульнага паміж палітыкай і футболам
Праводзім сеанс псіхатэрапіі для беларускага грамадства.

19-га ліпеня адбылася трэцяя дыскусія праекта “Зомбі-ідэі”, у рамках якога мы развенчваем распаўсюджаныя ў беларускім грамадстве міфы. Гэтым разам тэмай дыскусіі стала пытанне беларускіх інстытутаў улады, неабходнасці моцнага лідара і палітычнай будучыні Беларусі. На дадзеныя тэмы разважалі Пётр Пятроўскі (эксперт “Белай Русі”), Андрэй Дзмітрыеў (лідар кампаніі “Гавары праўду”) і Уладзімір Кавалкін (кіраўнік праекта “Кошт урада”).

Што такое “моцная рука” і якую ўладу хочуць бачыць у Беларусі?

Беларусы чакаюць ад улады менавіта здольнасці вырашаць існыя ў грамадстве праблемы. Прычым жадаюць, каб улада вырашала ўсё яшчэ да таго, як грамадзяне задумаліся пра неабходнасць вырашэння. Але ў той жа час беларусы ўсё часцей не хочуць адчуваць абмежаванняў “моцнай рукі”. Напрыклад, вясновыя пратэсты мінулага года ў сувязі з “падаткам на дармаедства” – гэта рэакцыя на праявы аўтарытарнага прыняцця рашэнняў.

Гэта адпавядае зменам у сучасным беларускім грамадстве – з ростам прыватнага сектара ў эканоміцы з’яўляецца ўсё больш беларусаў, якія гатовыя браць на сябе ініцыятыву, абавязкі, і якія не хочуць, каб за іх вырашалі. І ўсё ж такіх пакуль меншасць.

Паняцце “моцнай рукі” процілеглае паняццю “моцная дзяржава”. Чым мацней дзяржава – мясцовая ўлада, судовая сістэма, – тым меншая патрэба ў “моцным” лідары. “Моцная рука” патрэбная маладой дзяржаве, а Беларусь ужо знаходзіцца на шляху пераходу ад маладой дзяржавы да сталай.

Чаму ў Беларусі такі высокі ўзровень палітычнай апатыі і як з гэтым змагацца?

Палітычная апатыя беларусаў з’яўляецца заканамерным вынікам доўгага панавання савецкай мадэлі. У СССР трэба было імкнуцца да вялікага – перамогі камунізму, запуску ракет у космас, адпраўленню чалавека на Месяц. У сучасным беларускім грамадстве базавыя патрэбы чалавека задаволеныя, але куды імкнуцца далей, грамадзянін часта не разумее.

І ў гэтым выпадку “моцная рука” часцяком прапануе сваё вырашэнне, чаго хоча чалавек. Як адзначыў Андрэй Дзмітрыеў, “у постсавецкіх краінах, не толькі ў Беларусі, “моцная рука” становіцца свайго роду трэнерам у спартыўнай зале. Мы плацім трэнеру не за тое, што ён нешта ведае, а за тое, што ён замяняе нам недахоп нашай уласнай матывацыі, прымушаючы зрабіць яшчэ падыход і яшчэ кола”.

У той жа час, калі ўзяць і прыбраць “моцную руку” у сучаснай сітуацыі, то можа аказацца, што яна была адзіным стрыжнем, на якім усё трымалася.

Спачатку трэба працаваць над стварэннем умоў, тады патрэба ў моцным лідару знізіцца.Гэта магчыма за кошт адукацыі ў шырокім сэнсе, не толькі школьнай і ўніверсітэцкай. Неабходна вучыць людзей саміх ставіць мэты і браць на сябе адказнасць. Нават самыя простыя ініцыятывы – імкненне людзей у двары аб’яднацца дзеля самакіравання – шлях да прыняцця адказнасці на больш высокім узроўні.

Ці варта Беларусі раўняцца на палітычныя мадэлі Кітая ці Сінгапура?

Сінгапур і Кітай часта прыводзяцца як прыклады краін, якія паспяхова развіваюцца дзякуючы дзеянням “моцнай рукі”. Аднак праблема заключаецца ў тым, што наяўнасць моцнага лідара дае хоць і хуткі, але кароткатэрміновы эфект. У доўгатэрміновай перспектыве гэтая мадэль не апраўдвае сябе.

Вобраз “моцнага бацькі” – інфантылізм, які мы выносім з дзяцінства і шукаем на ўзроўні дзяржавы.

Але раней ці пазней даводзіцца сталець. Частка беларускага грамадства, у прыватнасці прадпрымальнікі, ужо “выраслі” і гатовыя пазбавіцца ад улады аўтарытарнага лідара, бо такое праўленне ставіць пад сумнеў недатыкальнасць прыватнай уласнасці. А калі прадпрымальнік не адчувае сваёй абароненасці, нельга чакаць доўгатэрміновых поспехаў у краіне.

Трамп, Пуцін, Орбан: свет хоча “моцных” лідараў?

У свеце адбываецца пэўны злом, і таму людзі ўсё часцей выбіраюць “моцную руку” для кіравання краінай. Такіх лідараў выбіраюць не таму, што яны больш здольныя весці наперад, а таму, што людзі не ведаюць, што іх чакае ў будучыні і не жадаюць туды зазіраць.

А моцныя лідары, з’яўляючыся, па сутнасці, рэтраградамі, абяцаюць акурат не новую страшную будучыню, а вяртанне прывычнага і добра знаёмага мінулага. У выніку частка краін развіваецца, а частка – рэакцыйна стрымлівае развіццё.

Якая палітычная будучыня чакае Беларусь?

Кожны з запрошаных экспертаў мае ўласнае бачанне будучыні нашай краіны.

Пётр Пятроўскі мяркуе, што будзе адбывацца далейшае ўключэнне Беларусі ў сусветную супольнасць, але аўтарытарная ўлада захаваецца, нават можа ўзнікнуць Лукашэнка 2.0. Яна можа эвалюцыянаваць таксама ў якасным вымярэнні, і тады, напрыклад, мы ўбачым калектыўны аўтарытарызм.

Уладзімір Кавалкін наадварот адмаўляе магчымасць захавання аўтарытарнай улады, бо яна заганяе краіну ў пастку беднасці і болей трываць народ не зможа. На яго думку, пры захаванні існай сістэмы даўгавы цяжар на мясцовы і рэспубліканскі бюджэты будзе такі, што дзяржава не зможа падтрымліваць ні сацыяльную абарону, ні адукацыю, ні ахову здароўя.

Андрэй Дзмітрыеў прапануе сфакусавацца на тым, што можна зрабіць ужо цяпер. Каб пазбавіцца ад “моцнай рукі”, нам патрэбныя моцныя інстытуты. А для гэтага неабходна мяняць свядомасць людзей, матываваць іх да палітычнага ўдзелу. Беларускае грамадства абярэ таго лідара, які створыць умовы для таго, каб людзі маглі самі вырашаць.