падтрымаць нас

Артыкулы

Горад светлай будучыні і шэрага сёння: Светлагорск і яго праблемы

Горад светлай будучыні і шэрага сёння: Светлагорск і яго праблемы

Цэнтр новых ідэй паразмаўляў з жыхарамі Светлагорска, каб высветліць, як горад пачуваецца цяпер, як змяняюцца і змагаюцца з праблемамі яго жыхары і што чакае раённы цэнтр у будучыні.

Светлагорск – малады горад з багатым мінулым, які рэгулярна трапляе ў загалоўкі СМІ ў сувязі з рознымі скандальнымі гісторыямі. Колішні перспектыўны прамысловы цэнтр у атачэнні лясоў, горад юнацтва і мараў “Светлік” сутыкнуўся з крызісам, заняпадам і буйнымі экалагічнымі праблемамі.

Суцэльная “туізацыя” горада і гэта нейкі жах”.

Светлагорск будаваўся як эксперыментальны горад. Сярод архітэктараў панавала ідэя стварыць сапраўды зялёны горад пасярод лесу. Такога беражлівага да прыроды падыходу прытрымліваліся пры будаўніцтве першых трох мікрараёнаў, аднак за часы незалежнасці ад гэтых прынцыпаў пачалі адыходзіць і новыя мікрараёны зелянінай пахваліцца не могуць.

“Вуліца Леніна – адна з галоўных вуліц у Светлагорску, якая і раней патанала ў зялёных насаджэннях, а цэнтральная плошча скрозь была аточаная ліпамі. Аднак па рашэнні мясцовых уладаў за апошнія гады былі ліквідаваныя елкі, грэцкія арэхі, ліпы, а замест іх высаджаныя туі. Суцэльная “туізацыя” горада і гэта нейкі жах”.

Мала чаго засталося ў выніку імклівага развіцця і ад старых Шацілак. У выніку цэлы пласт беларускай каталіцкай і габрэйскай местачковай культуры знік, а разам з ім і каларыт, які мог радаваць месцічаў ды прывабліваць турыстаў.

Горад хімікаў, горад будаўнікоў, горад юнацтва

Савецкі ўрад паскоранымі тэмпамі ствараў са Светлагорска новы індустрыяльны цэнтр, развіваючы ў горадзе хімічную, будаўнічую, машынабудаўнічую і іншыя віды прамысловасці. На адным толькі светлагорскім нафтахімічным прадпрыемстве “Хімвалакно” за савецкім часам працавала да 10 тыс. чалавек, з якіх сёння працуе толькі 3 тыс.

Горад светлай будучыні і шэрага сёння: Светлагорск і яго праблемы

Дадатны вынік у такім скарачэнні прамысловай вытворчасці быў хіба што для прыроды, бо ў пэўны момант у горадзе і ваколіцы нават пазнікалі ландышы, але апошнія гады іх колькасць павялічваецца, як і колькасць птушак.

Брудны кітайскі след

Светлагорск рэгулярна трапляе ў топ найбольш неспрыяльных для жыцця гарадоў Беларусі па стане экалогіі. Яшчэ ў 1990-ыя Савет міністраў прыняў пастанову не развіваць болей хімічную вытворчасць, каб не шкодзіць навакольнаму асяроддзю яшчэ больш. Але мясцовыя ўлады з цягам часу вырашылі інакш і прыступілі ў 2012-ым годзе да будаўніцтва ў двух кіламетрах ад гарадской рысы і ў 500 м ад вёскі Якімава Слабада новага завода беленай сульфатнай цэлюлозы, за які адказвалі кітайскія кампаніі.

Грошы ўзялі, завод пабудавалі, псуюць нашую прыроду, выкарыстоўваюць нашы лясы, вырабляюць цэлюлозу і грошы аддаюць кітайцам. Профіт!

Нягледзячы на тое, што ў 2012-ым годзе гараджане сабралі 10 тыс. подпісаў (у горадзе па дадзеных 2021-га жыве 65 тыс. чалавек) супраць будаўніцтва гэтага завода, аб’ект быў у выніку скончаны напрыканцы 2017-га. Пры гэтым завод так і не запрацаваў на поўную магутнасць. Кепскую ролю сыграла тое, што кампанія, якая адказвала за будаўніцтва, раней не займалася ўзвядзеннем і наладжваннем такіх буйных вытворчасцяў. Да таго ж гэта быў відавочны распіл грошай. Так, эксперты з Расіі выказвалі думку, што замест выдаткаванага мільярда долараў можна было набыць якаснае абсталяванне ў аўстрыйскіх фірмаў і ўзвесці ўвесь аб’ект за $ 400-450 млн.

“Ён вісіць пятлёю не толькі на шыі Светлагорска, але і на шыі рэспублікі. Крэдыт жа звязаны, грошы трэба аддаваць. Ніякіх саюзніцкіх сентэнцый, “джаст бізнес” – хітры ўсходні кітайскі падыход. Грошы ўзялі, завод пабудавалі, псуюць нашую прыроду, выкарыстоўваюць нашы лясы, вырабляюць цэлюлозу і грошы аддаюць кітайцам. Профіт!”

Вынікі працы кітайцаў дагэтуль шмат у чым пакрытыя змрокам. Замест імпартных станкоў усталяваныя нееўрапейскія, да ўсяго было багата звестак і прыкмет таго, што і тыя былі раней у выкарыстанні.

У выніку спрэчкі з кітайскімі падрадчыкамі наладжваць працу на заводзе давялося беларускаму боку і няякасна выкананыя працы рэгулярна прыводзілі да аварый. У траўні 2019-га работнікі прадпрыемства распаўсюдзілі ў сацсетках фатаграфіі даху ў адным з новых цэхаў. Кіраўніцтва камбіната доўга адмаўляла факт абвальвання даху, заяўляючы аб яго планавым рамонце, але ўсё ж было вымушанае прызнаць факт надзвычайнага здарэння.

30-га ліпеня 2020-га года на камбінаце падчас рамонтных работ прарвала трубу з высокатэмпературнай шчолачнай сумессю, з-за чаго два чалавекі атрымалі цяжкія апёкі (у аднаго з рамонтнікаў зафіксаваны апёкі 90 % цела, а другі памёр у шпіталі ў Мінску). А 19-га кастрычніка 2020-га года адбыўся выбух і наступнае ўзгаранне рэзервуара з талавым алеем, пры гэтым выбуховая хваля зрынула на зямлю працоўнага, што прывяло да яго смерці.

Горад светлай будучыні і шэрага сёння: Светлагорск і яго праблемы

Няякаснае абсталяванне дагэтуль не дазваляе заводу працаваць на поўную магутнасць і стабільна ён прадукуе толькі даўгі. Так у 2020-ым годзе выручка прадпрыемства склала $ 140 млн, а чыстыя страты – $ 28 млн. Доўгатэрміновыя абавязацельствы пацягнулі на – $ 820 млн. Тыповая беларуская “эфектыўнасць”.

Пасля ўводу завода ў эксплуатацыю пачасціліся скаргі мясцовых жыхароў на непрыемны пах, удушша, млоснасць, пяршэнне ў горле і нават ваніты.

Тым не менш 14-га траўня 2022-га года Саўмін прыняў пастанову № 305, з тэксту якой вынікае, што сярод іншых прадпрыемстваў рэспублікі найбольшыя бюджэтныя ўліванні летась спатрэбіліся менавіта Светлагорскаму цэлюлозна-кардоннаму камбінату, і сума дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемства склала 27,8 млн рублёў. Пры гэтым Светлагорскі ЦКК да гэтага часу не апублікаваў вынікі гаспадарчай дзейнасці за 2021-ы год.

Яшчэ адным з негатыўных наступстваў рашэння мясцовых “крэпкіх хазяйственнікаў” стала пагаршэнне экалагічнай сітуацыі.

“Маючы на руках карт-бланш на ўзвядзенне новага завода па сваіх стандартах якасці і нормах забруджвання навакольнага асяроддзя, будаўнікі з Паднябеснай будавалі ўсё танна, хутка і былі вызваленыя ад рэгулярнага кантролю за якасцю прац і ачышчальных прылад з боку беларускіх уладаў”.

Мясцовыя ўлады і прадстаўнікі завода пад націскам гараджан былі вымушаныя пацвердзіць факт выкідаў, але назвалі іх часовымі і звязалі з вымушанай наладкай абсталявання ў працэсе выхаду на праектную магутнасць. Пры гэтым падкрэслівалася, што ў пробах паветра не было выяўлена перавышэння гранічна дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў. Тым не менш працы па ўсталяванні дадатковых ачышчальных прыладаў былі праведзеныя і якасць паветра хоць і троху, але палепшылася.

А мы нюхаем пах светлагорскіх “ружаў” з 2017-га…

Да 2020-га вакол пратэсту супраць будаўніцтва і дзейнасці ЦКК паспеў узнікнуць нефармальны мясцовы рух. У выніку яго дзейнасці мясцовыя ўлады былі вымушаныя пачаць кантраляваць пэўныя працэсы і паставіць ачышчальныя апараты. Смуроду ў выніку стала меней, але ён не знік зусім. Цяпер ва ўмовах, калі любая скарга можа стаць нагодай да ўзбуджэння крымінальнай справы, сітуацыя ўскладнілася і ва ўладаў зноў развязаныя рукі.

“Давялося быць неяк у Нямеччыне, дзе мы праязджалі каля сталеліцейнага завода, каля завода па перапрацоўцы адкідаў – там пахла ружамі і паўсюдна былі кветкі! А мы нюхаем пах светлагорскіх “ружаў” з 2017-га…”

Акрамя ўводу ў эксплуатацыю завода беленай сульфатнай цэлюлозы, у горадзе вядзецца і рэканструкцыя Светлагорскай ЦЭЦ з перспектывай замены дарагога імпартнага паліва мясцовым торфам, у працэсе спальвання якога ўтвараецца шмат попелу, які потым ападае на зямлю.

Замест хакейнага палаца – палац “правасуддзя”

Адзін з самых вядомых даўгабудаў у Светлагорску – будынак хакейнага палаца. Аб ідэі будаўніцтва Палаца гульнявых відаў спорту загаварылі яшчэ ў 2006-ым, але на ўзгадненне праекта і пачатак прац спатрэбілася яшчэ пяць год. Будучы комплекс меўся ўключаць у сябе лядовы палац, залы для гульнявых відаў спорту, басейн, гасцініцы і стаянкі.

У кастрычніку 2011-га ў лесапаркавай зоне пачалі рыхтаваць пляцоўку для будаўніцтва першых будынкаў будучага комплексу – уласна самой лядовай арэны. Для гэтага высеклі лес, аднак далей за падмурак справа не рушыла і абнесенае плотам месца будоўлі пачало зарастаць. Не дапамаглі і вылучаныя на гэта спонсарам – “Беларусьнафтай” – 4 млрд рублёў. Па розных звестках агульны кошт аб’екта меў скласці ад 56 да 65 млрд рублёў.

Тым часам дзеля лядовай арэны ў горадзе замарозілі будаўніцтва базы для заняткаў акадэмічным веславаннем і адмысловага канала. За гэтыя гады ў Светлагорску паспелі дабудаваць шэраг гандлёвых цэнтраў (“Бярозкі” і “Анжэнка”), т.зв. Іранскі квартал, “Гасціны двор”, сеткавыя крамы, але сваёй хакейнай арэны так і не дачакаліся. Усёй увагі вышэйшага кіраўніцтва да гэтага віду спорту аказалася мала, затое далі новае абяцанне – скончыць будаўнічыя працы ў 2023-ім годзе. Праўда, ва ўмовах сённяшняга сацыяльна-эканамічнага крызісу і санкцый гэтая дата выглядае яшчэ больш неверагодна.

Затое зусім іншыя пачуцці мясцовыя чыноўнікі маюць да правасуддзя.

Так, сёлета было вырашана грунтоўна рэканструяваць будынак суда Светлагорскага раёна. Агульны каштарысны кошт будаўніцтва аб’екта ў цэнах на 1-га красавіка 2021-га года складае BYN 8 155 740 і будзе цалкам фінансавацца за кошт бюджэтных сродкаў. Дарэчы, для праекта плануюць выкарыстаць і грошы, якія спаганяюцца з прымусовых збораў. Ёсць планы да існага будынка дабудаваць трэці паверх і ўзвесці трохпавярховую прыбудову з падземным гаражом. Залы судовых пасяджэнняў размяркуюць па трох паверхах будынка і агулам іх будзе пяць: дзве для слухання грамадзянскіх спраў умяшчальнасцю да 20 чалавек і тры для слухання крымінальных спраў умяшчальнасцю да 40 і 60 чалавек. Зрэшты, на шматлікія судовыя пасяджэнні ў сённяшняй Беларусі або зусім не пускаюць, або пускаюць у абмежаванай колькасці сваякоў, прэсу і зацікаўленых у працэсе асобаў. Навошта тады такія працы па рэканструкцыі – невядома.

Акрамя рэканструкцыі будынка суда, праект прадугледжвае добраўпарадкаванне найбліжэйшай тэрыторыі. Арыентацыйны кошт закупкі складае 6,5 млн рублёў, што на сённяшні дзень крыху больш за $ 2 млн. У выніку рэканструкцыя суда ў Светлагорску па кошце можа нават абысці будаўніцтва новага будынка суда для Навабеліцкага раёна Гомеля, якое абышлося прыкладна ў такую ​​ж суму.

Пратэсты, санкцыі, вайна і партызаны

“Гарачы” 2020-ы Светлагорск перажыў як і шматлікія іншыя куткі Беларусі. Незадаволеныя дзеяннямі ўладаў гараджане пратэставалі, была і спроба выйсці на агульную забастоўку – частка людзей з горада пад’ехала да “Хімвалакна”, але рабочых на змене проста пазачынялі ў цэхах. Вядома, пасля горад накрылі рэпрэсіі. На прадпрыемствах пачаліся палітычна матываваныя звальненні.

Горад светлай будучыні і шэрага сёння: Светлагорск і яго праблемы

Санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, большасць прадпрыемстваў Светлагорска наўпрост не закранулі, але эфект ад таго, што краіна стала для большасці партнёраў таксічнай у плане супрацы, – выяўляецца.

У выніку спынення падтрымкі ў Беларусі інфраструктурных праектаў з боку ЕБРР сярод іншага ў горадзе было перарвана фінансаванне рэканструкцыі пуцеправода на Шасейнай вуліцы.

Пасля пачатку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў прадпрыемстваў горада пачаліся дадатковыя праблемы. Ёсць звесткі аб цяжкасцях у збыце прадукцыі ў “Хімвалакна”.

Сёлета ад 23-га сакавіка прыпыніў сваю працу Светлагорскі завод зварачных электродаў, які належыць прадпрыемству ўкраінскага бізнесоўца Віктара Слабадзянюка, якога звязваюць з Пятром Парашэнкам. На дадзены момант прадпрыемства распрадае складскія запасы, і што будзе далей (у тым ліку з рабочымі) – пакуль што пытанне.

Напружанне для мясцовай вертыкалі ствараюць не толькі эканамічныя ці сацыяльныя праблемы, што павялічваюцца штодня, як снежны ком, але і дзейнасць мясцовых партызан. Так, 3-га сакавіка былі затрыманыя трое жыхароў Светлагорска – Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун ды Алег Малчанаў, якіх абвінавацілі ў акце тэрарызму на чыгунцы. МУС паведаміла, што пасля грунтоўнай падрыхтоўкі ўвечары 28-га лютага яны выправіліся на чыгуначны перагон за горадам і спалілі рэлейную шафу сігнальнай устаноўкі. У выніку абсталяванне выгарала цалкам, што прывяло на дадзеным участку да запавольвання руху цягнікоў, у тым ліку і ваенных эшалонаў з расейскай вайсковай тэхнікай. На дадзены момант следства па справе “светлагорскіх партызанаў” скончылася і справу перададуць у пракуратуру з далейшым накіраваннем у суд. Пасля апошніх зменаў у Крымінальным кодэксе абвінавачаным можа пагражаць нават смяротнае пакаранне.

Ненаркаманская сталіца або як змяніліся звычкі светлагорцаў

У 1990-я гады Светлагорск меў дурную славу “наркаманскай сталіцы” Беларусі і знаходзіўся ў сумных лідарах па колькасці ВІЧ-інфікаваных. Але за апошнія дзесяцігоддзі гэты трэнд удалося зламаць і гэтая сумная з’ява засталася ў мінулым.

Што да эканамічных праблем і беспрацоўя, то месцічы ў яе пошуках часта з’язджалі ў больш буйныя беларускія гарады і сталіцу. Шмат хто спрабаваў зарабіць грошы і за мяжой, у тым ліку ў Расіі, але пасля 2014-га і асабліва 2020-га прыярытэты змяніліся і цяпер большасць з’язджае на заробкі ў Літву, Польшчу ды іншыя заходнееўрапейскія краіны. Шмат хто быў вымушаны з’ехаць прымусова з-за звальненняў і рэпрэсій, у выніку чаго ў горадзе назіраецца недахоп спецыялістаў у некаторых сферах.

“Не хапае лекараў. Паўсюль вялізныя чэргі, у тым ліку і ў дзіцячай паліклініцы. Праблемы з афтальмолагамі. А выбіць накіраванне, каб паехаць і абследавацца ў спецыялістаў і на лепшым абсталяванні ў той жа Гомель – пра гэта можна забыцца”.

Праблемы з эканомікай гараджане заўважаюць нават у дэталях: аддзяленні банкаў раней былі ўласныя, а цяпер падпарадкоўваюцца Жлобіну. Малочны завод быў Светлагорскім, цяпер жа – частка Калінкавіцкага.

“Усё вывозіцца, а значыць і грошы ідуць не ў бюджэт горада! Шкада за родны Светлагорск”.

Светлая будучыня Светлагорска

Сярод відавочных плюсаў Светлагорска варта вылучыць яго кампактнасць, вынясенне прамысловасці за межы горада і тое, што старыя мікрараёны відавочна ўпісаныя ў навакольныя лясы. У плане зручнасці інфраструктуры варта заўважыць тое, што большасць бардзюраў зануленая дзякуючы руплівай дзейнасці актывістаў. Але на якасць дарог паступае ўсё больш і больш нараканняў.

“Ходнікі і дарогі ў жахлівым стане! Такое ўражанне, што вайна не ва Украіне, а ў Светлагорску”.

Сярод пажаданняў светлагорцаў можна прыгадаць разбіўку ландшафтнага парка і ўсталяванне новай зоны з атракцыёнамі. Пакуль жа з адметных забаваў горад можа пахваліцца вяровачным міні-паркам “Green Adrenaline” на скрыжаванні дзвюх самых інтэнсіўных дарог насупраць ГЦ “Бярозкі”.

Дарэчы, багатая індустрыяльная спадчына горада магла б служыць адным са шляхоў прыцягнення ў горад турыстаў. Пагатоў для гэтага трэба ўсяго няшмат – зрабіць краіну і горад зноў бяспечнымі і прывабнымі для наведвання.

“Пры сённяшняй уладнай вертыкалі, калі няма гаспадара і людзі не могуць паўплываць на прыняцце рашэнняў, змены да лепшага амаль немагчымыя. Да нас прыязджаюць працаўнікі на пэўны час, робяць усё, што ім трэба, і за гэта ім нічога не бывае. Толькі наяўнасць сфармаванай мясцовай грамадзянскай супольнасці і мясцовага самакіравання забяспечыць нам лепшую будучыню. У Светлагорска дакладна ёсць патэнцыял для таго, каб быць сапраўдным горадам “для жыцця”.

Фота: govorim.by