падтрымаць нас

Артыкулы

“Пандэмія абвастрае няроўнасці ў грамадстве, а Саюзная дзяржава становіцца абстракцыяй”

“Пандэмія абвастрае няроўнасці ў грамадстве, а Саюзная дзяржава становіцца абстракцыяй”

Адзінаццаць тэзісаў пра будучыню сусветнай палітыкі і эканомікі.

Кожны тыдзень Цэнтр новых ідэй выходзіць у анлайн, каб абмеркаваць будучыню свету і Беларусі пасля каранавіруса. Падчас першай дыскусіі, якая прайшла 9-га красавіка, мы абмяркоўвалі будучыню сусветнай палітыкі і эканомікі ды наступствы глабальных зменаў для Беларусі.


Ніжэй знаходзіцца канспект размовы дырэктара па даследаваннях Цэнтра новых ідэй Рыгора Астапені і акадэмічнай дырэктаркі BEROC Кацярыны Барнуковай.

Як пандэмія адбіваецца на палітыцы? (Рыгор Астапеня)

  • Не варта перабольшваць росту значэння дзяржавы. У такой крызіснай сітуацыі, як успышка хваробы, важна арганізаваць сістэмы аховы здароўя і  бяспекі так, каб з імі не адбыўся калапс, а таксама ратаваць прадпрыемствы – гэта найлепш можа рабіць дзяржава як інстытут. Таму, натуральна, што яе роля расце.
  • Пры гэтым ёсць і расчараванне дзеяннямі палітыкаў – тым, наколькі аператыўна яны зарэагавалі на пандэмію. У некаторых жа выпадках каранавірус можа не проста не павялічыць ролі дзяржавы, а дабіць дзяржаўныя інстытуты. Напрыклад, Венесуэла, якая і дагэтуль была неэфектыўнай дзяржавай, цяпер становіцца краінай, дзе дзяржаўныя інстытуты існуюць толькі на паперы. 
  • Плацежаздольныя краіны робяцца больш значнымі. Краіны глядзяць у бок сваіх саюзнікаў, якія могуць аплаціць страты. Так, напрыклад, Італія глядзіць у бок Германіі. Малыя краіны змогуць атрымаць больш, калі будзе зразумела, навошта плацежаздольным краінам іх падтрымліваць. У выпадку Беларусі, напрыклад, гэта пакуль незразумела.
  • Дэглабалізацыя – гэта цяпер не проста факт, гэта ў нейкай ступені пажаданы стан. Многія пачалі пераацэньваць устойлівасць гандлёвых і вытворчых ланцугоў і задумвацца, ці цяпер не трэба выдаляць некаторыя звёны.  Але пры гэтым ёсць вялікае жаданне захаваць неабходныя сувязі. У заходняй частцы ЕС сельскагаспадарчая праца пабудаваная на працаўніках з усходняй часткі Еўропы, і цяпер незразумела, што з гэтым рабіць. 
  • Пандэмія – гэта той момант, калі Расія можа перастаць падтрымліваць Беларусь. Відавочна, што ідэя Саюзнай дзяржавы будзе рабіцца ўсё большай абстракцыяй.
  • Праўдападобна, што краіны будуць асцерагацца Кітая. У тым ліку з-за таго, што на пачатку эпідэміі каранавіруса кітайскія ўлады хавалі сапраўдны стан рэчаў з хваробай у краіне. Але пры гэтым Кітай можа пачаць падтрымліваць тыя краіны, якія не падтрымліваюцца Захадам і міжнароднымі структурамі, таму роля Кітая можа вырасці.
  • Наагул палітыка становіцца больш левай. Ужо не мае вялікай розніцы, наколькі правы ці левы быў палітык у сваёй эканамічнай праграме. Ён усё адно будзе публічна казаць ці выконваць левыя пастулаты. Вялікае пытанне ў тым, ці можна будзе лёгка адысці ад гэтага пасля пандэміі.

Што чакае сусветную і беларускую эканоміку? (Кацярына Барнукова)

  • Цяперашняя сітуацыя чымсьці падобная на 1990-ыя – тады звыклы свет і эканамічныя сувязі таксама рухнулі, і трэба было будаваць нешта новае.
  • Вялікая дэпрэсія паспрыяла таму, каб з’явілася сістэма сацыяльнага страхавання. Пасля каранакрызісу яна можа выйсці на новы ўзровень – да з’яўлення безумоўнага базавага даходу. Іспанія ўжо думае пра гэта.
  • Абвастраецца пытанне няроўнасцяў: рэгіянальнай, гендарнай, сацыяльнай. Гендарную няроўнасць “падагравае” тое, што большасць занятых у медыцыне ў свеце – гэта жанчыны. Што тычыцца сацыяльнай няроўнасці, то тут больш імаверна, што працу згубяць людзі з невялікім узроўнем даходу і дзейнасцю, якую цяжка перанесці ў анлайн. 
  • Хуткасць выхаду Беларусі з крызісу залежыць ад трох фактараў: стану сітуацыі з пандэміяй у свеце; палітыкі ўладаў адносна падтрымкі бізнесу і насельніцтва; макраэканамічнай ды фінансавай стабільнасці дзяржавы. Два апошнія чыннікі асабліва важныя, бо фінансавы і банкаўскі крызісы маюць зацяжны эфект.
  • Беларускім уладам трэба скарачаць бюджэтныя выдаткі на падтрымку неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў і на вялікія праекты, якія не падтрымліваюць занятасці. 

Сачыце за анонсамі новых мерапрыемстваў на сайце, а таксама ў нашых сацсетках: Facebook, VK, Twitter.