На мінулым тыдні мы зрабілі тэст пра беларускую палітыку і атрымалі рэкордную колькасць лайкаў за ўвесь час свайго існавання. Цяпер час распавесці пра нашую метадалогію і зрабіць высновы для беларускіх палітыкаў.
Як гэта працуе
За кожнае пытанне любая партыя, рух ці асоба атрымоўваюць балы, у канцы яны падсумоўваюцца і найбольш блізкае да вас значэнне высвечваецца як ваш палітычны выбар. Такі прынцып робіць магчымым пагадзіцца з легалізацыяй марыхуаны і атрымаць напрыканцы кансерватыўную БХД. Альбо змяніць некалькі адказаў і пабачыць АГП замест БНФ. Балы розныя, даюцца яны не толькі за згоду альбо нязгоду, але месцамі і за адказ “не ведаю”.
Магчыма, з такой канструкцыяй варта было б даваць дыяграму, наколькі вашыя погляды супадаюць з той ці іншай партыяй/рухам. Мы гэтага не зрабілі, але выправім гэта пасля парламенцкіх выбараў.
Дарэчы, праходзіць тэст, даючы адзін аднолькавы варыянт адказу, не зусім карэктна, бо сказы, з якімі трэба пагаджацца альбо не, маюць рознае значэнне.
“Трэба зменшыць колькасць бясплатных медычных паслугаў да самых базавых, астатняе павінна стаць платным”, азначае, напрыклад, пагадзіцца з платнай медыцынай.
“Кожнаму беларусу мусіць належаць права на бясплатную вышэйшую адукацыю” – пагадзіцца з бясплатнай адукацыяй.
Што атрымалася
Тэст прайшло 2,5 тысячы чалавек, самы лепшы вынік мае ліберальная Аб’яднаная грамадзянская партыя (1092) і канструктыўная “Гавары праўду” (665).
Поспех АГП крыецца ў іх класічнай ліберальнай праграме, якая проста аказалася бліжэй чытачам “Ідэі”. “ГП” ж мае месцамі ліберальныя пастулаты, месцамі сацыял-дэмакратычныя ідэі ці проста прагматычнае бачанне палітычнай дзейнасці. Але мае. Робячы тэст, мы сутыкнуліся з тым, што не ўсе палітыкі і партыі маюць акрэсленыя пазіцыі ў шмат якіх пытаннях. Яны кажуць пра рэжым, люстрацыю, байкот/удзел, але маўчаць пра АЭС, пенсійную рэформу ці стаўленне да замежных інвестыцыяў. “Гавары праўду” набрала больш балаў, бо ў іх ёсць адказы на гэтыя пытанні.
У адрозненні ад АГП з адасобленай ідэалогіяй, некаторыя партыі маюць блізнятаў, якія не далі ім шмат набраць.
Напрыклад, БНФ набраў 2,5 %, бо мае двух ідэалагічных блізнятаў – адну партыю з прыстаўках КХП і рух “За свабоду”. Сумарна тры гэтыя арганізацыі маюць 7 %. Гэта столькі ж, колькі і БХД з даволі кансерватыўным падыходам – яны таксама набіралі балы там, дзе набіралі БНФ-ы, рух “За свабоду” і часамі “Малады фронт” (4,6 %)
Што атрымалася з сацыял-дэмакратамі? Статкевіч-палітык не выказваецца ў многіх пытаннях, як і Ірына Вештард, а іх сацыял-дэмакратычныя пастулаты маюць і іншыя партыі/рухі з большай колькасцю акрэсленых пазіцыяў. Таму апошнія І набіраюць больш балаў у выніку.
Каб падсумаваць вынікі нашага “галасавання”, мы ўявілі, што было б, калі б 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў размяркоўваліся з дапамогай прапарцыйнай сістэмы, а людзі галасавалі за партыйныя спісы. Мы ўстанавілі парог у 3 % і выкарысталі сістэму Д’Ондта, якая размяркоўвае галасы на карысць тых, за каго галасалі найбольш. Гэтак лічаць галасы ў Польшчы, Даніі ці Чэхіі. І вось што выйшла.