Ужо да 2022-га года пад Мінскам скончыцца месца на галоўным палігоне для адкідаў. У сярэднім кожны беларус выкідвае 350 кг смецця ў год, а мінчукі ўвогуле 500 кг – і гэта нават больш, чым у Еўрасаюзе.
Чым больш адкідаў мы ствараем, тым больш дзяржава выдаткоўвае грошай на разборкі з імі.
Перапрацоўка ж дазваляе і грошы зэканоміць, і працоўныя месцы зрабіць, і вызваліць прастору, каб беларусам дыхалася лягчэй.
Улады вырашылі пайсці простым шляхам − пабудаваць смеццепальны завод на базе ЦЭЦ. Але ён толькі часткова дапаможа разабрацца з адкідамі і пры гэтым узмоцніць іншую праблему − забруджванне паветра. І на гэта пойдзе € 200 млн.
1) У Беларусі перапрацоўваюць 17 % адкідаў
- Гэта нядрэнна – дзесяць гадоў таму было ўдвая менш. Але ў Мінску можна дамагчыся большага – у 84 % жыхароў ёсць доступ да кантэйнераў для паасобнага збору смецця, але толькі 30 % займаюцца сартаваннем.
- У крамах стаяць кантэйнеры для батарэек і лямпаў, у сотні пунктах можна здаць старую побытавую тэхніку. Эксперты прапануюць асобна збіраць састарэлыя і непатрэбныя лекі, лакі і фарбы, вярнуць сістэму збору тэкстылю і падтрымаць малы бізнес, які займаецца рамонтам адзення і аксесуараў. Каб стымуляваць людзей да сартавання адкідаў, трэба павялічыць тарыфы на вываз смецця.
2) Кіраўнік краіны не раз патрабаваў вырашыць праблему пластыку
- Аляксандр Лукашэнка сочыць за трэндамі, таму за апошні год ужо як мінімум чатыры разы казаў пра праблему (1, 2, 3, 4). У асноўным ён выказваўся пра замену пластыкавых бутэлек на шкляныя. Напачатку сакавіка кіраўнік краіны падпісаў дырэктыву № 7, якая “жэстачайшэ” патрабуе адысці ад поліэтыленавага пакавання на карысць шклянога і папяровага, прыцягваць інвестыцыі ў сферу працы з адкідамі і палепшыць эфектыўнасць экалагічнага падатку.
- Добра, што прэзідэнт шмат кажа пра адкіды, але гэтага мала – змены адбываюцца павольна і не вельмі эфектыўна.
3) Пра смецце ў Беларусі пачалі думаць яшчэ да Лукашэнкі
- У 1993-ым годзе прынялі першы закон па гэтым пытанні – ён даваў ільготы арганізацыям, якія выкарыстоўваюць адкіды як сыравіну ці перапрацоўваюць іх. У пачатку 2000-ых быў уведзены прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў, то бок яны самі займаюцца ўтылізацыяй або плацяць тым, хто робіць гэта за іх. Усё як у Еўропе.
- У 2012-ым годзе стварылі “Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў” – гэта там зрабілі тую самую рэкламу з янотамі. Пазней з’явілася Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з адкідамі да 2035-га года. У ёй патрабуюць у 2020-ым годзе ўвесці дэпазітна-закладную сістэму збору пакавання – і гэта выдатная матывацыя для людзей здаваць бутэлькі на перапрацоўку. Але ўжо хутка 2020-ты, а многія пытанні з гэтай сістэмай дагэтуль не вырашаныя.
- Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі павінны перапрацоўваць 50−60 % адкідаў. Гэта было б цудоўна, але пакуль да такіх паказнікаў нам як да Месяца. Найлепшыя ў свеце паказнікі па перапрацоўцы мае Германія – 55-65 % у залежнасці ад метаду падліку.
4) У Германіі смецце – гэта цэлы бізнес. Але ёсць нюанс
- На нямецкіх прадпрыемствах, якія займаюцца смеццем, працуе больш за 270 тыс. чалавек. Агульны абарот усіх кампаній – каля € 70 млрд у год. Дзякуючы выкарыстанню другаснай сыравіны краіна эканоміць € 3,7 млрд.
- Гучыць нядрэнна. Але для прыбытковага бізнесу трэба шмат смецця – і тут Германія ў лідарах. У краіне за год выкідваюць 626 кг смецця на чалавека (у ЕС у сярэднім 480 кг). Для экалогіі добрага тут мала.
5) У Беларусі перапрацоўка можа быць карысная для прамысловасці
- Дзякуючы кантэйнерам для паасобнага збору “Гарадзенскі шклозавод” павялічыў долю шклабою ў вытворчасці з 15-25 % да 60 %. Гэта ніяк не ўплывае на якасць, але дазваляе ашчаджаць на сыравіне, дый прыродзе прыемна. У 2018-ым годзе прадпрыемства стала прыбытковым, там плануюць павялічваць магутнасці.
- Усяго ў Беларусі працуюць 7 смеццеперапрацоўчых заводаў, летась пачалі будаваць яшчэ адзін у Віцебску. Чым лепш мы сартуем смецце, тым больш для іх працы – і, адпаведна, большая выручка. Усім добра.
6) Спальванне смецця – не выйсце
- У Швецыі менш за 1 % смецця адпраўляецца на сметнік, але ажно палову смецця спальваюць для атрымання энергіі. Дзякуючы фільтрам у атмасферу трапляюць толькі вуглякіслы газ і вадзяная пара. З попелу, які застаецца пасля спальвання, робяць жвір для будаўніцтва дарог, а рэшткамі ад фільтрацыі дыму запаўняюць закінутыя шахты.
- Такія тэхналогіі патрабуюць грошай і кваліфікаванага персаналу. Ці ёсць гэта ў Беларусі – вялікае пытанне. У нашым выпадку попел давядзецца закопваць, у ідэале – трэба будзе будаваць для яго асобны палігон, а гэта таксама нятанна. Ды і забруджанне паветра ад завода ўсё адно застанецца.
7) Але і перапрацоўка нас не выратуе
- Бясконцая перапрацоўка немагчыма, кожная рэч рана ці позна стане для гэтага непрыдатнай. У Германіі пластыкавыя бутэлькі толькі на 30 % складаюцца з перапрацаванага матэрыялу, астатнія 70 % – новы пластык, атрыманы з сухой нафты.
- У Беларусі пакуль што верхняя мяжа па перапрацоўцы – 27 %. У нас зашмат арганічных адкідаў, з якімі нічога не робяць. Яшчэ 20-27 % смецця – гэта змяшаныя адкіды, якія немагчыма перапрацаваць. Дадамо сюды і пластык, які ў нас могуць перапрацаваць далёка не ўвесь.
- Перапрацоўка – не панацэя. У экалогіі існуе канцэпт “5R”: адмоўся (refuse), зменш (reduce), выкарыстай паўторна (reuse), перапрацуй (recycle) і кампастуй (rot). Апошняе адносіцца і да спальвання смецця для атрымання энергіі. Самы эфектыўны спосаб вырашыць праблему адкідаў – адмовіцца ад выкарыстання прадуктаў, якія яе ствараюць. І толькі выключна тады, калі немагчыма купіць тавар без пакавання, трэба браць такі, які мінімізуе шкоду для экалогіі ці які можна перапрацаваць або выкарыстаць паўторна.