Імперская спадчына і Еўразвяз
Турэцкае грамадства дастаткова закрытае, унутраныя праблемы краіны цікавяць людзей больш, чым вонкавыя падзеі. У той жа час Турцыя – пераемніца імперыі, таму ў некаторых палітыкаў ёсць жаданне аднавіць былыя імперскія звычкі ў знешняй палітыцы. Але калі параўноўваць з еўрапейскімі краінамі, занепакоенасць вонкавымі палітычнымі падзеямі сярод грамадства значна меншая.
У Турцыі не мяняецца ўлада, але дынамічна мяняецца яе характар. У 2003-2006 гадах кіраўніцтва абрала вектар на ўваходжанне ў Еўразвяз, грамадства гэта падтрымлівала. Потым здарылася “арабская вясна”, грамадзянская вайна ў Сірыі і турэцкія палітыкі пачалі разважаць пра аб’яднанне Сярэдняга Усходу і асабістую ролю Турцыі ў гэтым працэсе. Гэта змяняла знешнепалітычны кірунак краіны. У апошнія гады каля 50% грамадства падтрымлівае чалецтва ў ЕЗ, таму што ёсць расчараванне ва ўладзе, асабліва з-за эканамічнага крызісу. Але ў асноўным жыхары краіны ганарацца, што яны туркі, і рэдка сочаць за падзеямі ў свеце.
Традыцыі дэмакратыі
У плане палітычных правоў і свабод Турцыя падобная да Беларусі і Расіі – усім нам дрэнна. Але пэўныя дэмакратычныя традыцыі ў Турцыі ёсць. У 50-ым годзе мінулага стагоддзя Турцыя перайшла на шматпартыйную сістэму, таму шляхам выбараў мы можам мяняць уладу ў краіне.
Цяпер ёсць 3 асноўныя палітычная сілы:
- урадавы партыйны блок;
- апазіцыя;
- пракурдская партыя і іх саюзнікі – левыя сілы.
Знешнепалітычныя абставіны, моцны эканамічны крызіс, сітуацыя пацярпелых курдаў – усё гэта можа дапамагчы апазіцыі перамагчы на папярэдніх выбарах. Пасля магчымай перамогі апазіцыі будзе крыху лепей, таму што яна, напрыклад, супраць палітычных зняволенняў. Але калі глядзець шырэй, канцэпцыі рэалізацыі ўсіх дэмакратычных свабод (напрыклад, гендарнае пытанне, ЛГБТК+) няма.
Вайна. Адносіны Турцыі і Расіі
У сілу геаграфічнай блізкасці ёсць пэўная зацікаўленасць канфліктам з боку турэцкага грамадства. Але такой вялікай цікавасці, як у еўрапейскіх краін, няма. Спачатку было больш увагі і падтрымкі, цяпер людзі прызвычаіліся да гэтых навін. Цікавасць павышаецца толькі пасля выступленняў Эрдагана, калі ёсць ініцыятыва і свае інтарэсы з боку Турцыі (напрыклад, сітуацыя са збожжавым калідорам).
Расія і Турцыя ўдзельнічаюць у канфліктах розных краін: Сірыя, Лівія. У іх розныя погляды на падзеі ў гэтых краінах (напрыклад, Пуцін падтрымлівае Асада ў Сірыі, Эрдаган – не), але ім неяк атрымліваецца балансаваць. З канца лютага Эрдаган займаў збалансаваную пазіцыю ў расійска-ўкраінскім канфлікце. Цяпер Эрдаган выступае на баку Расіі ў ролі “прэс-сакратара” Пуціна. У той жа час Турцыя – чалец НАТА, яна не можа адарвацца ад заходняга гандлю. Гэта тонкія лініі супрацоўніцтва. Што да адносін турэцкага грамадства да Расіі, у апошнія гады ў Турцыі ўзмацняюцца антызаходнія настроі. На Расію глядзяць як на сілу супрацьстаяння Захаду, таму шмат хто любіць Пуціна.
Завяршэнне вайны ва Украіне. Пазіцыя Турцыі
Турцыя наўрад ці захоча поўную перамогу Пуціна. Кіраўніцтва Турцыі і Расіі выкарыстоўвае слабасці адно аднаго і спрабуе пастаянна маніпуляваць. Ці захоча Эрдаган поўную перамогу Кіева – невядома. Левыя сілы Турцыі падтрымліваюць Пуціна і жадаюць перамогі Расіі. Гэта звязана з запытам на супрацьстаянне заходняму імперыялізму.
Армяна-азербайджанскі канфлікт
У перыяд распаду Савецкага Саюза былі размовы аб адраджэнні цюркскага свету, але ў Турцыі не было і цяпер асабліва няма эканамічных магчымасцяў для гэтага. Цяпер супрацоўніцтва паміж Турцыяй і Азербайджанам моцнае, дзяржавы падтрымліваюць адна адну на розных узроўнях. У канфлікце Азербайджана з Арменіяй Турцыя займае пэўнае месца, і гэта крок наперад да цюркскага свету. Але ўсё ж у вайне паміж Азербайджанам і Арменіяй, асабліва ў пытанні Нагорнага Карабаха, асноўныя ініцыятывы зыходзяць ад Пуціна.
Беларусь як сфера інтарэсаў Турцыі
Эрдаган і Лукашэнка сімпатызуюць адзін аднаму. Беларусь далёкая геаграфічна. Турэцкае грамадства рэдка пра яе чуе, некаторыя блытаюць Беларусь і Расію. Пра адносіны паміж краінамі ўзгадваюць толькі падчас афіцыйных візітаў.
Да невялікай часткі турэцкага грамадства (некалькі сотняў тысяч чалавек), якая сочыць за падзеямі, дайшло разуменне таго, што адбывалася з беларусамі ў 2020-ым годзе. Цяпер цікавасць да знешніх падзей будзе расці, шмат працэсаў адбываецца за межамі краіны. Мабыць, штосьці зменіцца.
Турцыя праз пяць гадоў
Незразумела, што будзе далей. У Турцыі за тыдзень можа адбыцца некалькі канфліктаў, крызісаў, важных падзеяў. Калі пераможа дзейная ўлада на будучых выбарах, – незразумела, што будзе з апазіцыяй і курдамі. Дзе будуць тады мясцовыя курдскія левыя кіраўнікі? Магчыма, іх лёс будзе нагадваць лёс Марыі Калеснікавай. Што здарыцца са свецкім характарам Турцыі, ці застанецца яна рэспублікай, – таксама незразумела.
Фота: Reuters