падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Як Uber змяняе транспартную сістэму Мінска

Як Uber змяняе транспартную сістэму Мінска
Прыход Uber не пагражае сістэме пасажырскіх перавозак Мінска, а робіць яе толькі лепшай.

Пасля свайго гучнага прыходу з пратэстамі традыцыйных таксістаў і дзяржаўнымі праверкамі Uber становіцца рухавіком перамен для беларускай сталіцы. Мінск імкліва стаў  лідарам рэгіёна “Еўропа, Бліжні Усход, Афрыка” ў развіцці сэрвісу: “Можна сказаць што кожны месяц колькасць карыстальнікаў Uber павялічваецца ў Мінску на два Браславы,” – кажа менеджар па камунікацыях Uber у Расіі і СНД.

У чым адметнасці бізнес-мадэлі Uber:

  • яны адмовіліся называцца таксі і пазіцыянуюць сябе «асабістымі кіроўцамі»;
  • Uber змог значна знізіць трансакцыйныя выдаткі, працуючы праз дадатак у смартфоне;
  • яны стварылі абсалютна празрыстую сістэму ацэнкі якасці;
  • Uber дазваляе кіроўцам самастойна вызначаць час працы;
  • схема разлікаў з Uber простая: 20 % належыць UBER, 80 % кіроўцу;
  • Uber стварае сістэму, якая дазволіць перавозіць двух пасажыраў адначасова, а гэта значна павысіць эфектыўнасць і аблегчыць нагрузку на горад.

Пры гэтым у свеце сэрвіс мае нямала адмоўных водгукаў. Uber шматкроць павысіў кошты пасля ўрагану “Сэндзі” ў ЗША, што выклікала хвалю крытыкі. Пасля гэтага людзі сур’ёзна задумаліся наконт магчымых маніпуляцыяў пры манапалізацыі рынку перавозак. Крытыка гучала ў бок Uber і падчас барацьбы з канкурэнтамі, якая вялася не вельмі этычнымі метадамі (напрыклад, масавая замова і пасля адмена выклікаў).

Некаторыя крытыкуюць Uber за збоі ці за тое, што яго кіроўцы не маюць сацыяльнага забеспячэння.

Развіццё Uber і ўплыў на транспартную сістэму мегаполіса

Сапраўдная экспансія пачалася пасля запуску Uber-X. Сёння сэрвіс прадстаўлены ў 409 гарадах, а колькасць людзей, якія скарысталіся з сэрвісу, дасягнула 1 млрд.

Экспансія Uber праходзіць пры моцным супраціўленні традыцыйных таксі. Амаль ва ўсіх гарадах, куды прыходзіць кампанія, адбываюцца суды, пратэсты і патрабаванні забароны Uber з боку мясцовых перавознікаў.

«Яны трушчаць машыны металёвымі бітамі. Гэта што, Францыя? Я была ў большай бяспецы ў Багдадзе», – пісала ў Twitter Кортні Лав, машына якой трапіла ў эпіцэнтр забастоўкі парыжскіх таксістаў у чэрвені 2015-га.

uber-go-home

Гучныя пратэсты часткова тлумачыць, чаму Uber не шкадуе грошай на лабізм. Кампанія наняла на працу Дэвіда Плуфа, стратэга выбарчай кампаніі Барака Абамы. Ён павінен быў стварыць «мяккі вобраз» Uber і дамовіцца з рэгулятарамі. Кампанія прасоўвае ідэю, што яна з’яўляецца «кампаніяй транспартнай сеткі» і на яе не могуць распаўсюджвацца правілы таксі.

Uber прэтэндуе на стварэнне новай мадэлі транспартнай сістэмы мегаполіса. Яны прапануюць мадэль, якая дае магчымасць кожнаму паспрабаваць сябе ў ролі таксіста. Канешне, пакуль гэта складана з-за ліцэнзавання ды іншых абмежаванняў, але прынцып працы кідае выклік традыцыям.

Ужо сёння ў ЗША стаіць пытанне пра магчымасць адмены ліцэнзавання дзейнасці таксі.

Гэта дасць магчымасць большай колькасці людзей удзельнічаць у падобных сэрвісах.

Так замест традыцыйных таксі, маршрутак, аўтобусаў мы можам хутка пабачыць «уберызацыю» мегаполісаў і станаўленне транспартнай сістэмы іншага пакалення. Канешне, не ўсе паддадуцца хвалі «ўберызацыі», але некалі і электрычнасць выпрацоўвалася асобна для кожнага аб’екта, але сёння гэта проста камунальная паслуга. Uber можна назваць «разбуральным інаватарам» – па сутнасці не маючы ніводнага аўто, яны трансфармуюць усю транспартную сістэму.

Ці пагражае UBER транспартнай сістэме ў Мінску

Uber пачаў працаваць у Мінску ў лістападзе 2015-га. У лютым 2016-га Uber запусціў сэрвіс Uber-X, а ў сакавіку яшчэ і знізіў на яго кошты. Некаторыя дзяржаўныя медыі прыраўнялі Uber да «бамбіл», а Мінгарвыканкам даручыў праверыць працу Uber. Былі інцыдэнты з пазбаўленнем ліцэнзіяў кампаній, якія працуюць з Uber.

На прыкладзе Мінску мы бачым несупадзенне поглядаў з боку грамадзянаў і традыцыйных перавознікаў. Ці сапраўды Uber з’яўляецца пагрозай?

На самай справе прыход Uber мае шмат станоўчага.

Ён стымулюе развіццё рынку, зніжэнне цэнаў на перавозкі, паляпшае якасць транспартных паслуг ды стварае новыя працоўныя месцы. Пры гэтым сама сістэма кампаніі куды больш празрыстая з пункту гледжання падаткаабкладання.

Такім чынам, дзяржаве замест лабіявання інтарэсаў таксі лепш стымуляваць развіццё Uber і падобных сэрвісаў. Стварэнне такіх брэндаў у краіне можа стаць драйверам эканамічнага росту, паскорыць трансфармацыю эканомікі і палепшыць імідж краіны.

На прыкладзе Uber мы бачым нараджэнне новага тыпу кампаніяў, анлайн-пляцовак, якія збіраюць попыт і прапанову, а таксама займаюцца прасоўваннем прадукту на рынак. Пры гэтым яны фактычна не з’яўляюцца вытворцамі і не аказваюць паслуг самі.

Беларускі забойца Uber

Uber нарадзіў ужо цэлую хвалю канкурэнтаў у розных краінах (Ola Cabs – Індыя, GrabTaxi – Сінгапур, Didi Kuaidi – Кітай, Lyft – ЗША), але яны значна адстаюць у ахопе рынку і ўзроўню капіталізацыі кампаніі.

Juno, беларускі стартап ад заснавальнікаў Viber, абяцае стаць галоўным канкурэнтам Uber.

Па словах заснавальнікаў, Juno будзе мець шэраг пераваг над канкурэнтам. Ён прапаноўвае больш дэмакратычныя кошты на паслугі, забіраючы сабе толькі 10 % у адрозненні ад 20 % у Uber, і размяркоўвае частку акцыяў паміж кіроўцамі.

Сёння Juno сакрэтна працуе ў Нью-Ёрку, але замовіць таксі пакуль немагчыма – праект займаецца зборам інфармацыі, у хуткім часе мы зможам пабачыць канкурэнта Uber на вуліцах гарадоў свету.

Бадай, гэта найлепшы адказ на з’яўленне Uber – замест спробаў захаваць звыклае, але не эфектыўнае, варта стварыць нешта лепшае і нават паспрабаваць выкарыстоўваць такую мадэль бізнесу ў іншых сферах.