Для многіх футбол — гэта проста спорт, у якім футбалісты спрабуюць забіць гол на працягу 90 хвілін. Да таго ж фанаты нярэдка пасля разгрому любімай каманды вядуць сябе агрэсіўна. Аднак варта прыгледзецца да футбола, бо ён часта перадае палітычныя настроі ў паасобных краінах ці нават цэлых кантынентах. Што чэмпіянат Еўропы па футболе можа сказаць пра палітыку?
Агрэсіўны патрыятызм
Футбол выносіць на паверхню праявы ўльтраправага нацыяналізму. Фанацкая футбольная культура — гэта так званы гарачы нацыяналізм, які звычайна складаецца з гіпермаскуліннасці, ксенафобіі і нярэдка гвалту ў бок “не-сваіх”. Радыкальныя фанаты шалёна заўзеюць за сваю краіну і гатовыя знішчыць кожнага, хто іх не падтрымлівае.
Гучней за ўсё на Еўра-2024 былі чутныя праявы турэцкага нацыяналізму. Гэта, мабыць, невыпадкова, бо фундаментам аўтарытарнага рэжыму Турцыі можна лічыць ультраправы нацыянальны кансерватызм. У аўторак 2 ліпеня на матчы Турцыя–Аўстрыя пасля забітага гола турэцкі футбаліст Мерых Дэмірал паказаў жэст радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі з фашысцкімі каранямі “Шэрыя ваўкі”. Калі футбольная асацыяцыя УЕФА адхіліла футбаліста ад удзелу, то ўлады Турцыі выклікалі нямецкага амбасадара ў Анкару. А прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган адмяніў свой візіт у Азербайджан, каб паглядзець суботні матч Турцыі супраць Нідэрландаў у Берліне. Радыкальная пазіцыя Эрдагана толькі больш заахвоціла шматлікіх турэцкіх фанатаў паказаць забаронены жэст на матчы.
Еўрапейскае над нацыянальным
У адрозненне ад гарачага нацыяналізму, існуе банальны нацыяналізм. Гэта спосаб жыцця ў краіне: напрыклад, калі італьянцы не п’юць капучына пасля 12:00, а ў хаце кожнага фіна ёсць саўна. На Еўра-2024 такая форма нацыяналізму знайшла праяву ў плакатах, з якімі прыйшлі фанаты на матч Іспаніі з Італіяй.
Акрамя адкрытага і банальнага нацыяналізму, футбол можа паказваць праеўрапейскія настроі ў той ці іншай краіне. Гэта відаць на прыкладзе Грузіі – краіны, якая ўпершыню прайшла адбор на Еўра. Традыцыйна краіна была не вельмі схільная да праеўрапейскіх поглядаў, аднак у снежні 2023-га атрымала статус кандыдата ў ЕС. Прыняцце антыеўрапейскага закона аб “іншаагентах” павялічыла палярызацыю ў краіне. Але, як адзначаюць грузіны, удзел у чэмпіянаце «робіць нас неяк бліжэйшымі да еўрапейскай супольнасці. І калі спорт аб’ядноўвае ўсіх людзей, то ён можа прынесці шмат карысці і ў палітыцы». Але пытанне застаецца адкрытым: ці ўсплёск еўрапеізму і выхад каманды ў ⅛ фінала Еўра-2024 дапамогуць па-сапраўднаму аб’яднаць краіну?
Польшча-1 і Польшча-2
Футбол таксама адлюстроўвае палітычныя падзелы ў паасобных краінах. Польшча — не выключэнне з правіла. Польскія заўзятары лічаць сябе не толькі абаронцамі традыцыйных каштоўнасцяў, але і барацьбітамі з камуністамі ды ўсёй “левай” павесткай. Фактычна, польскі футбол адлюстроўвае шматгадовы падзел краіны на прыхільнікаў нацыянальна-кансерватыўнай і еўраскептычнай партыі “Права і справядлівасць” (ПіС) і больш ліберальнай і праеўрапейскай “Грамадзянскай платформы” (ПО). Пікам напружанасці паміж двума лагерамі стала Еўра-2012, якое праходзіла ў Польшчы. Спробы прэм’ер-міністра Дональда Туска (з партыі ПО) замесці футбольную культуру пад дыван яшчэ больш справакавалі радыкальных фанатаў.
У адрозненне ад ПО, ПіС не хавае сваёй падтрымкі для патрыятычнага футбольнага руху. Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда (з партыі ПіС) нават зрабіў фота ў цішотцы патрыятычнага польскага брэнду “Red is Bad”(“Чырвоны (тзн. камунізм) – гэта дрэнна”), які вырас з ультраправай футбольнай культуры і вырабляецца “без фінансавання з Еўрасаюза”.
Аб’яднаць неаб’яднальнае
Спорт можа паказваць не толькі падзелы ў краіне, але і яе адзінства. Гэта бачна на прыкладзе Бельгіі — федэрацыі, якая складаецца з фламандскамоўнай Фландрыі, французскамоўнай Валоніі і Бруселя. Усе сферы жыцця ў краіне падзеленыя паводле моўнай прыкметы. Таму нацыянальная футбольная каманда – гэта ледзь не адзінае, што аб’ядноўвае 10 млн жыхароў. Бельгійскія “Чырвоныя д’яблы” заяўляюць, што сябры іх каманды – гэта ў першую чаргу бельгійцы, а толькі потым фламандцы ці валонцы. Каб пазбегнуць моўных канфліктаў у камандзе, спартоўцы размаўляюць паміж сабой па-англійску. А ў сацсетках падчас кожнага Еўра яны выкарыстоўваюць лозунг “Еднасць робіць сілу” [Unity makes strength], каб паказаць адзінства каманды і краіны.
Еўрапейскі футбол уключае ў сябе нацыяналізм і еўрапейскасць, падзяляе і яднае адначасова. Як і саму футбольную культуру, нельга ўспрымаць еўрапейскую палітыку як маналіт. Еўропа — лапікавая коўдра, а чэмпіянат Еўропы па футболе яскрава паказвае ўнікальнасць кожнага з лапікаў.