падтрымаць нас

Палітыка

Выбары ў Чэхіі: барацьба да апошняга голасу

Выбары ў Чэхіі: барацьба да апошняга голасу
25-26 студзеня ў Чэхіі адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Гэта першыя ў гісторыі Чэхіі наўпроставыя выбары прэзідэнта, якога дагэтуль абіраў парламент.

Па выніках першага туру Мілаш Зэман і Карл Шварцэнберг, набралі 24,2% і 23,4% адсоткі галасоў адпаведна. Калі выхад у другі тур Мілаша Зэмана нікога не здзівіў, то вынік Шварцэнберга стаўся непрыемным сюрпрызам для экс-прэмьера Яна Фішэра, які па прагнозаў мусіў заняць другі радок. Набраўшы зайздросны тэмп, Шварцэнберг здолеў атрымаць удвая болей галасоў, чым тое прагназавалі аналітыкі. Таму інгрыга захоўвацца да канца.

Пераможца першага тура, Мілаш Зэман, з’яўляецца чалавекам старой загартоўкі. Атрымаўшы эканамічную адукацыю, ён доўгі час узначальваў Сацыял-дэмакратычную партыю Чэхіі, паспеўшы праўда перад гэтым пабыць чальцом Кампартыі. Моцны аратар, Зэман займаў ужо пасаду прэм’ера з 1998 па 2002 год.Яго кіраванне характэрызавалася эканамічным ростам, а таксама ўступам Чэхіі ў НАТА.

Для нас куды больш выбітным быў ягоны візіт у Мінск у 2002 годзе. У той час, прыехаўшы ў краіну не як прэм’ер-міністар, а як прыватная асоба запрошаная Мікалаем Статкевічам, Зэман 6 разоў адмовіўся ад сустрэчы з Лукашэнка. Прадстаўляючы дэлегацыю Сацыялістычнага інтэрнацыянала, ён тады даў шмат вострых інтэрв’ю. Некаторыя цытаты з якіх, як «Ваша краіна ў шматлікіх пытаннях яўляе сабой музей. Ваша галоўная газэта называецца «Советская Белоруссия» ці «паказчыкам даверу да краіны з’яўляюцца не прамовы палітыкаў, а прыток інвестыцый»  дагэтуль добра ілюструюць нашу рэчаістасць.

Яшчэ некалькі тыдняў таму ніхто не мог падумаць, што ў другі тур пройдзе сённяшні міністр замежных справаў Карл Шварцэнберг. Грамадзянін Чэхіі і Швейцарыі, гэты прадстаўнік аўстрыйскага дваранства, дзякуючы добрым PR-дарадцам нават свой вялікі ўзрост – 75 год – здолеў пераўтварыць у рэклямны ход. Як вынік, самы сталы з усіх кандыдатаў большай падтрымкай карыстаецца менавіта сярод моладзі.

Вярнуўшыся ў Чэхію толькі пасля падзення камуністычнага рэжыму, ён адразу трапіў у каманду прэзідэнта Гавэла. Мабыць таму і не здзіўна, што ён крытыкуе аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку і Расію. Аднак пры ўсім пры гэтым, менавіта ён у 2009 годзе перадаў Мартынаву запрашэнне ў Прагу на ўстаноўчы саміт «Усходняга Партнёрства» для Лукашэнкі і толькі дэмарш прэзідэнта Чэхіі Клаўса і іншых еўрапейскіх палітыкаў прывёў да таго, што замест Усходняга Партнёрства Лукашэнка паляцеў у Італію да Папы Рымскага і Сільвіё Берлусконі.

Пры ўсёй гатоўнасці весці дыялог з афіцыйнымі ўладамі, Карл Шварцэнберг імкнецца падтрымаць беларускую грамадскую супольнасць, аб чым сведчаць як персанальнае віншаванне Алесю Бяляцкаму да яго юбілея, гэтак і нядаўняя снежаньская тэлефонная размова з Уладзімірам Макеям дзе пытанні палітвязняў і сітуацыі з правамі чалавека занялі асобнае месца.

Сказаць зараз, хто з кандыдатаў пераможа, даволі складана. З аднаго боку Мілаша Зэмана падтрымліваюць на ўсходзе краіны, у той час як Шварцэнберга – больш адукаванае насельніцтва вялікіх гарадоў і заможняй Цэнтральнай Чэхіі. А вось як адыграе на вынік выбараў адкрытая падтрымка сённяшняга прэзідэнта – Вацлава Клаўса – Мілашу Зэману застаецца адкрытым пытаннем. Бліжэй да канца свайго мандата Клаўс пачаў, насуперак сваім ранейшым абяцанням, раздаваць шталікія памілаванні, што выклікала абурэнне ў грамадства.

Не на карысць левацэнтрыста Зэмана і ўсплываючыя час ад часу цмяныя гістрыі пра ягоныя сувязі з расійскім бізнэсам, а таксама не да канца празрыстыя сродкі фінансавання прэзідэнцкай кампаніі. І хоць электарат Зэмана больш стабільны, але зараз Шварцэнберг мае даволі добры імпэт, які можа дазволіць яму перамагчы. Карл Гавэл альбо Мілаш Клаўс? Пра гэта даведаемся ў суботу.

P.S. Аўтар выказвае падзяку праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” за магчымасць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Чэхіі ў якасці міжнароднага назіральніка.

Фёдар Махноў