падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Бедныя раёны бяднеюць хутчэй за ўсю астатнюю Беларусь

Бедныя раёны бяднеюць хутчэй за ўсю астатнюю Беларусь
Як расслойваецца Беларусь, тлумачыць навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Алег Мазоль.

Чаму расце разрыў у заробках

Праблема няроўнасці з’яўляецца глабальнай і ў многіх краінах, якія развіваюцца, узровень няроўнасці заробкаў куды вышэйшы, чым у Беларусі. У нашай краіне розніца паміж малымі раёнамі і агульнарэспубліканскім узроўнем не такая вялікая і складае каля 20 %.

Але праблема ў тым, што гэтая дыспрапорцыя ў апошнія два гады расце.

На фоне ўсёй краіны раёны Віцебскай вобласці адстаюць найбольш, і там разрыў ад агульнарэспубліканскага ўзроўню складае больш за 25 %.
 

 

Рост разрыву ў заробках звязаны з эканамічным крызісам, бо малыя раёны перадусім арыентуюцца на датацыі з цэнтра. Сёння ж памеры датацыяў скарачаюцца і адначасова змяншаюцца магчымасці ў раённых прадпрыемстваў зарабляць грошы на дзяржаўных замовах.

Будучыня малых раёнаў

Паколькі крызіс працягнецца, то і разрыў у заробках паміж раёнамі і сярэднерэспубліканскім узроўнем будзе і надалей расці. Рэформы пакуль адкладваюцца і ў любым выпадку ў кароткатэрміновай перспектыве яны прывядуць да таго, што ўзровень дабрабыту ўсё адно працягне падаць. Хоць, безумоўна, у доўгатэрміновай перспектыве рэформы прывялі б да паляпшэння якасці жыцця.

Але я б не хацеў казаць, што з рэгіёнамі нічога добрага не будзе. Бо чым больш будзе крызісных з’яваў, тым больш улады будуць намагацца нешта выправіць.

Але рабіць гэта будуць так, як рабілі дагэтуль.

Да гэтага ж часу ўсё выпраўлялася дзякуючы датацыям, ільготным крэдытам ці пераразмеркаванню прадуктаў, якія вырабляюцца ў малых раёнах.

І задача сёння акурат у тым, каб паказаць насельніцтву гэтых раёнаў, што яно само мусіць шукаць шляхі зарабіць грошы. А дзяржава ж мае проста не перашкаджаць ім гэта рабіць. Апроч таго, улады павінны навучыць людзей, як гэтыя грошы можна зарабляць.

Ці варта чакаць рэформаў

Нельга раздзяляць пытанні рэгіянальнага развіцця і эканамічнага росту ва ўсёй краіне, але прыярытэт трэба аддаваць развіццю малых раёнаў – каб працоўныя месцы паўставалі менавіта ў гэтых рэгіёнах. Там і прадпрымальнікаў нашмат менш, таму там ёсць рэзервы для развіцця, асабліва ў сферы сельскай гаспадаркі.

Але многія рэформы трэба было б правесці 15-20 гадоў таму.

Цяпер жа правядзенне рэформаў, напрыклад, у сельскай гаспадарцы, выглядае маларэальным, бо створаныя буйныя аграхолдынгі, якія ўлады наўрад ці захочуць перадаваць у прыватныя рукі.

Ды і насельніцтва ў сельскіх раёнах не гарыць жаданнем нешта змяняць. Людзі  ўжо прызвычаеныя да таго, што яны як і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, на якіх людзі працуюць, арыентаваныя на дзяржаву. Якасць і колькасць чалавечага капіталу ў сельскіх раёнах таксама змяншаецца.

І, калі шчыра, то даволі складана казаць, што можа зрабіць дзяржава сёння, бо шмат што ў малых раёнах настолькі дэградавала, што рэформы трэба праводзіць па ўсіх накірунках, якія толькі магчымыя. Але пакуль дзяржава на гэта не гатовая.