падтрымаць нас

Бяспека

Валоданне і продаж зброі ў Беларусі: ці патрэбная лібералізацыя?

Валоданне і продаж зброі ў Беларусі: ці патрэбная лібералізацыя?

Пяць адказаў, чаму гэтага рабіць не трэба і чаму ў найбліжэйшай будучыні не будзе зменаў.

Нягледзячы на тое, што легалізацыя зброі не знаходзіцца ў топе найбольш важных пытанняў у краіне, пэўная дыскусія на гэты конт у грамадстве існуе. Пытанне зброі ў Беларусі рэгулюе адпаведны Закон “Аб зброі”, які быў прыняты ў 2001-ым годзе.

Варта адзначыць, што ён накладае шмат абмежаванняў датычна набыцця і валодання зброяй. Напрыклад, забараняецца яе набываць асобам, якія раней былі працягнутыя да адміністратыўнай адказнасці за дробнае хуліганства альбо за паўторнае, цягам года, распіццё піва. Да таго ж сама працэдура атрымання дазволу на агнявую зброю (напрыклад, паляўнічую) досыць складаная, забюракратызаваная (розныя паперкі і камісіі) і можа займаць некалькі месяцаў.

У суседзяў сітуацыя істотна не адрозніваецца. Тыя ж Украіна, Польшча маюць таксама сур’ёзныя абмежаванні што да набыцця і валодання зброяй.

Падобна на тое, што ў найбліжэйшай будучыні ў Беларусі па гэтым пытанні не варта чакаць зменаў (лібералізацыі). Ды яны і непатрэбныя. І вось чаму.

1. Адсутнасць культуры абыходжання са зброяй.

У Беларусі няма шматгадовай традыцыі абыходжання са зброяй і звязанага з гэтым пачуцця адказнасці. Калі параўноўваць нас са Злучанымі Штатамі, то там на працягу стагоддзяў валоданне зброяй было нармальнай з’явай. З пакалення ў пакаленне перадаваліся адпаведныя навыкі і з дзяцінства людзі разумелі што гэта, навошта і як з ёй трэба абыходзіцца.

Сярод насельніцтва павінна быць разуменне, што зброя – гэта не сродак запалохвання, пагрозы альбо павышэння самаацэнкі, а рэч, якую трэба ўжываць толькі для абароны. Інакш гэта можа прывесці да трагічных падзей. Страшна ўявіць, што б адбылося, калі б Улад Казакевіч меў на руках стрэльбу ці аўтамат, а не бензапілу.

2. Няма падставы для маштабнага ўзбраення насельніцтва.

Адным з аргументаў прыхільнікаў легалізацыі зброі з’яўляецца магчымасць самаабароны ў выпадку небяспекі для жыцця і здароўя.

Аднак у Беларусі колькасць такіх асабліва цяжкіх злачынстваў як забойства, замах на забойства або разбой адносна невялікая (каля 0,7 % ад агульнай колькасць злачынстваў). Прычым прыкладна траціна забойстваў у краіне адбываецца на сямейна-бытавой глебе. А гучныя справы па забойствах або рабаваннях можна пералічыць па пальцах.

Да гэтага варта дадаць практычна поўную адсутнасць арганізаванай злачыннасці і нізкі ўзровень выкарыстання агнявой зброі. Гэта значыць, беларусы фактычна не маюць неабходнасці адстрэльвацца, а маштаб патэнцыйнай рэформы не адпавядае ўзроўню яе патрэбнасці ў краіне.

3. Беларусы занадта шмат п’юць.

У рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь апынулася на 27-ым месцы па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва. Хаця яшчэ нядаўна была ў першай тройцы. Асабліва трывожна, што вялікая колькасць злачынстваў здзяйсняецца ў краіне пад уздзеяннем алкаголю. У 2017-ым годзе з больш як 61 тыс. злачынстваў, па якіх было скончанае папярэдняе следства, кожнае чацвёртае было здзейснена нецвярозымі людзьмі.

Пры ліберальным стаўленні да зброі беларусы нападпітку будуць хапацца не за нажы і каструлі, а за ствалы. І наступствы будуць нашмат больш сур’ёзныя, чым сёння. Бо п’янаму чалавеку становіцца складаней адэкватна ацэньваць сітуацыю і наступствы.

4. Легалізацыя зброі і ўзровень чалавечай культуры.

Варта адзначыць, што ў шматлікіх развітых краінах даволі вялікі працэнт насельніцтва мае зброю на руках. Напрыклад, у Швейцарыі гэты паказнік у шэсць разоў вышэйшы, чым у Беларусі. А забойстваў у 7 разоў менш. І, хутчэй, справа не ў тым, што зброя адпужвае патэнцыйных злачынцаў, а ў тым, што ўзровень чалавечай культуры ў гэтай краіне знаходзіцца на высокім узроўні, а жыццё мае вялікую каштоўнасць.

Узровень культуры складана вымераць. Аднак беларусам, бадай, ёсць куды расці. Яскравым прыкладам гэтага і праявай непавагі да чалавечага жыцця з’яўляецца выкарыстанне смяротнага пакарання ў нашай краіне (апошняй у Еўропе). Гэта адбываецца з маўклівай згоды грамадства.

5. Улада баіцца ўзброенага насельніцтва.

Калі казаць пра перспектывы лібералізацыі продажу і валодання зброяй у Беларусі, то відавочна, што сёння дзяржава нават не разглядае такога варыянта. І мяркуючы па ўсім, не будзе разглядаць і ў найбліжэйшай будучыні. Прынамсі пры Лукашэнку.

Наяўнасць у вялікай колькасці зброі ў насельніцтва – гэта патэнцыйная пагроза для ўладаў. І яны гэта разумеюць. Бо калі прыйдзе крызіс, які выльецца ў сур’ёзную незадаволенасць насельніцтва, хто ведае, наколькі далёка ўсё можа зайсці.

А з улікам геапалітычнай сітуацыі і агрэсіўнай Расіі – гэта дадатковая рызыка. Бо для прарасейскіх элементаў гэта была б выдатная магчымасць мець легальна на руках сур’ёзны боекамплект.

Тое, што ўлады паталагічна баяцца ўзброеных грамадзянаў, пацвярджае і практыка канфіскацыі афіцыйна зарэгістраванай зброі ў насельніцтва гарадоў і вёсак, куды прыязджае Лукашэнка. Бо нашмат больш упэўнена сябе адчуваеш, калі ў цябе ёсць аўтамат, а ў апанентаў адно вілы ды рыдлёўкі.