падтрымаць нас

Артыкулы·Грамадства·Палітыка

Доўгатэрміновы супраціў патрабуе якаснага развіцця палітычных рухаў Беларусі

Доўгатэрміновы супраціў патрабуе якаснага развіцця палітычных рухаў Беларусі

Пяць крытэрыяў якаснага функцыянавання палітычных структураў.

Беларускі пратэст 2020-га стаў агульнанародным, адной з праяваў чаго стала з’яўленне новых дзеячаў і рухаў. Але ці змаглі гэтыя новыя рухі развіцца ў арганізацыі, здольныя змагацца з аўтарытарызмам у Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве і, адпаведна, узяць уладу ў свае рукі ў патрэбны момант?

Ацэньваць устойлівасць і ўплыў палітычных рухаў у аўтарытарных краінах складана, бо барацьба за ўладу ідзе не столькі праз выбарчы і адкрыты працэс, колькі праз шэраг закрытых дамоўленасцяў унутры элітаў. Таму мы часта назіраем, што сыход дыктатара яшчэ не азначае, што дыктатура знікае, бо эліты рэжыму баяцца страціць сваю ўладу і змагаюцца за яе перш за ўсё вядомымі для іх недэмакратычнымі метадамі. Каб уплываць на гэты кіроўны клас, асабліва ў перыяд трансферу ўлады, неабходны грамадскі ціск, які будзе сфармалізаваны ў палітычных арганізацыях. 

Можна вылучыць пяць асноўных крытэрыяў функцыянавання палітычных рухаў, якія могуць спрыяць мабілізацыі грамадскасці ў перыяд трансферу ўлады і, адпаведна, спрыяць пранікненню гэтых сіл ва ўладу і заканадаўчыя органы.

1. Фінансаванне.

Для ўстойлівага функцыянавання палітычных рухаў патрэбныя фінансавыя рэсурсы, якія дазволяць аплачваць працу прафесіяналаў і рухаць перадвыбарчыя кампаніі. Новыя палітычныя сілы Беларусі – не выключэнне, і яны таксама патрабуюць пэўнага фінансавання.

Некантраляваныя, схаваныя і непразрыстыя плыні фінансавання палітычнай дзейнасці з’яўляюцца сурʼёзным выклікам дэмакратыі як у краінах Заходняй, так і Усходняй Еўропы. Мы амаль з аднолькавай перыядычнасцю чуем пра карупцыйныя скандалы ў парламенце Італіі і празмерны алігархічны ўплыў у Вярхоўнай Радзе Украіны.

Таму ад здольнасці новых беларускіх палітычных рухаў знайсці фінансаванне без страты даверу ў выбарнікаў будзе залежаць іх магчымасць далейшага доўгатэрміновага палітычнага ўплыву. У гэтым ім магла б дапамагчы грамадзянская супольнасць, але пакуль не было створана адкрытых фондаў падтрымкі менавіта палітычных ініцыятываў.

2. Фармаванне і прысутнасць у інфармацыйнай павестцы.

Палітыка – гэта камунікацыя. Калі палітычная сіла не заяўляе на рэгулярнай аснове пра свае меркаванні аб найбольш важных для людзей тэмах, то яна перастае быць рэлевантнай або становіцца сілай аднаго палітычнага пытання.

Дэмакратычнае развіццё і гвалт з боку дзяржавы несумненна хвалююць большую частку насельніцтва, але каментаваць толькі гэтыя падзеі недастаткова. Грамадскасці важна ведаць, што думаюць і прапануюць ключавыя палітычныя рухі і лідары пра іншыя падзеі як, напрыклад, вакцынацыя, павышэнне падаткаў, узровень беспрацоўя або выдаткі на медыцыну з бюджэту ў 2021-ым годзе.

Менавіта прысутнасць у інфармацыйнай павестцы забяспечвае фармаванне палітычнымі рухамі іх патрабаванняў і праграм. Не дастаткова мець добра напісаную палітычную праграму, калі грамадскасць за межамі руху не абмяркоўвае прынамсі яе самых значных частак.

Пакуль мы мала чуем каментароў ад прадстаўнікоў як новых, так і старых палітычных сілаў аб падзеях, якія не звязаныя з пратэстамі.

3. Уцягванне прыхільнікаў у палітычныя рухі.

Палітычны рух толькі тады можа стаць народным, калі дае магчымасць прыхільнікам стаць яго часткай. Чым больш прыхільнікаў унутры руху, тым большая фармальная рэпрэзентатыўнасць. Чым больш разнастайныя гэтыя прыхільнікі, тым прасцей руху выпрацоўваць ідэі, якія не адасобленыя ад звычайных людзей.

Нягледзячы на ​​тое, што апошнія 60 гадоў назіраецца змяншэнне колькасці чальцоў у палітычных рухах ЕС як у абсалютных, так і адносных лічбах, яна ўсё роўна знаходзіцца ў сярэднім на адзнацы каля 5 % усяго электарату. Беларусь наўрад ці стала б выключэннем. Калі б сяброўства ў палітычных партыях не ўяўляла пагрозы, можна было б выказаць здагадку, што каля 350 тыс. беларусаў, або 5 % выбарнікаў, маглі б быць актыўна ўцягнутыя ў разнастайныя палітычныя рухі Беларусі.

Гэты рэсурс пакуль не рэалізаваны, бо новыя палітычныя сілы не змаглі сфармаваць структуру прыняцця прыхільнікаў. Пакуль гэты механізм працуе толькі ў старых палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях Беларусі, але і там мы не назіраем росту колькасці чальцоў.

4. Зразумелая і выразная арганізацыйная структура.

Стабільнасць палітычных рухаў залежыць наўпрост ад таго, як яны арганізаваныя. Правілы прыняцця рашэнняў павінны быць зразумелыя ўсім, таксама як і працэдуры па змене гэтых правілаў. Нават калі гэта робіць працэс прыняцця рашэнняў даўжэйшым, гэта дазваляе паменшыць рызыку расколу ўнутры руху. Таксама гэта дае магчымасць праводзіць хуткае абнаўленне палітычнага лідарства партыі, калі такое неабходна.

Арышт новых лідараў нанёс сур’ёзныя страты па здольнасці палітычных сілаў да палітычнага рэагавання. Адыход ад персаналістычных рухаў да групавых уяўляецца на дадзены момант найбольш дзейснай стратэгіяй у выпадку доўгатэрміновага супрацьстаяння.

5. Здольнасць фармавання палітычных альянсаў.

Якой бы паспяховай не была партыя і якія б харызматычныя ў яе не былі лідары, ​​атрыманне агульнанароднай падтрымкі найчасцей патрабуе стварэння саюзаў і кааліцый. На пачатак 2021-га ў большасцi краін ЕС існуюць кааліцыйныя ўрады, паколькі ніводная з палітычных сілаў не змагла набраць абсалютнай большасці на выбарах. 

Нават калі гэты прынцып, хутчэй, адносіцца да парламенцкіх дзяржаваў, ён усё роўна рэлевантны ў дачыненні і да Беларусі. Паводле сацыялагічных апытанняў, пры ўмове допуску ўсіх кандыдатаў і сумленнага падліку галасоў не ўдалося б пазбегнуць другога тура выбараў прэзідэнта РБ і ў 2021-ым. У парламенце новай Беларусі цяжка было б таксама ўявіць абсалютную большасць за адной з партыяў.

Таму новыя беларускія палітычныя сілы павінны паказваць здольнасць да аб’яднання і каардынацыі. Усё ж усенародная падтрымка Ціханоўскай на выбарах прэзідэнта не была б магчымая, калі б тры асноўныя палітычныя сілы не стварылі альянсу.

Фота: Павел Крычко