падтрымаць нас

Грамадства

Што пайшло не так з Еўрапейскімі гульнямі

Што пайшло не так з Еўрапейскімі гульнямі

Чым бліжэй спартовае свята, тым выразней заўважныя яго мінусы.

Улады Беларусі прэзентуюць Еўрапейскія гульні ў Мінску як падзею ўсяленскага маштабу. На іх правядзенне ўжо выдаткавана нямала рэсурсаў, як фінансавых, так і людскіх. Усё сведчыць пра тое, што арганізацыя іх будзе на высокім узроўні, бо для ўладаў (у першую чаргу асабіста для Аляксандра Лукашэнкі) гэта не толькі адна з галоўных падзеяў у 2019-ым годзе, але і справа прэстыжу.

У той жа час па-ранейшаму існуюць сумневы, што рашэнне праводзіць Гульні ў Беларусі было правільным.

І вось чаму:

1. Як заўсёды грошы.

  • Нягледзячы на ​​тое, што першапачаткова на Гульні планавалася выдаткаваць $ 30-40 млн., ужо сёння гэтая сума вырасла прынамсі да $ 112 млн.
  • Магчыма, гэта яшчэ не ўсё. Нядаўна Сяргей Румас паскардзіўся, што так і не ўдалося прыцягнуць дастатковую колькасць буйных міжнародных спонсараў. Таму не дзіва, калі дзяржаве прыйдзецца дадаткова раскашэліцца.
  • Здаецца, у параўнанні з Азербайджанам, дзе правядзенне Гульняў каштавала $ 1,12 млрд, грошы, выдаткаваныя на Еўрапейскія гульні у Беларусі некрытычныя. Аднак іх можна было б патраціць на штосьці больш карыснае. Напрыклад, міністр фінансаў не ведае, дзе ў гэтым годзе знайсці грошы на павышэнне заробкаў.
  • Пытанне, наколькі эфектыўна выдаткоўваюцца народныя грошы, застаецца актуальным. Напрыклад, кошт камплекта адзення валанцёра – амаль $ 500. Для параўнання, камплект формы львоўскіх валанцёраў на футбольным Еўра-2012 каштаваў $ 50.
  • Цырымоніі закрыцця і адкрыцця Гульняў, за якія будзе адказная фірма вядомага расійскага прадзюсара Ігара Крутога, абыдзецца падаткаплатнікам у $ 12 млн. У той час як адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра абышлося ў $ 21 млн. У Беларусі трохі танней, але і маштаб спаборніцтваў непараўнальны.

2. Давайце скажам шчыра: асаблівага прэстыжу ў Еўрапейскіх гульняў няма.  

  • Еўрапейскія гульні ў Мінску будуць праводзіцца другі раз у гісторыі і не маюць вялікага значэння ў свеце. І тое, што канкурэнтаў на іх правядзенне ў Беларусі не было, гэта пацвярджае.
  • На нашых Гульнях будзе абмежаваная колькасць спаборніцтваў у параўнанні з Алімпійскімі гульнямі. Будзе прадстаўлена 15 відаў спорту, некаторыя з якіх з’яўляюцца, мякка кажучы, спецыфічнымі: баскетбол у фармаце 3х3, аэробіка, самба.
  • Пры гэтым скачка любові да Беларусі чакаць не варта. Напрыклад, правядзенне Чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, акрамя кароткатэрміновага эфекту, у цэлым не прывяло да змены стаўлення да краіны ў свеце. Санкцыі застаюцца ў сіле. Ці варта было выдаткоўваць на гэта мільярды?
  • Канешне, вельмі добра, што ўлады дбаюць пра прэстыж краіны. Але перш за ўсё ён павінен будавацца не разавымі PR-акцыямі, а паслядоўнымі поспехамі (эканамічнымі, тэхналагічнымі ды іншымі). Усе намаганні па арганізацыі Гульняў будуць марныя, калі праз тыдзень пасля іх завяршэння будзе выкананы чарговы смяротны прысуд ці пачнецца новая “справа БелТА”.

3. Паток турыстаў не будзе надта вялікім.

  • Прычына ўсё тая ж: Еўрапейскія гульні не з’яўляюцца прэстыжнымі спаборніцтвамі і не ўяўляюць асаблівай цікавасці для еўрапейскіх турыстаў. І прома-ролікі наўрад ці ў гэтым дапамогуць. І гэта нягледзячы на ​​пашыраны бязвізавы рэжым, які ўводзіцца на час Гульняў (уезд праз любы міжнародны памежны пераход, а таксама праз Расію пры наяўнасці квітка прынамсі на адно спаборніцтва).
  • Чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіў у Мінску ў 2014-ым годзе, паводле самых аптымістычных дадзеных наведалі да 60 тыс. турыстаў. Цікавасць да Еўрапейскіх гульняў, вядома, будзе значна ніжэйшая, нягледзячы на большую колькасць краін-удзельніц. Для параўнання, усяго ў 2017-ым годзе Беларусь наведала 4,2 млн. замежнікаў. То бок добра будзе, калі колькасць спартовых турыстаў у чэрвені складзе 1% ад агульнай колькасці за год.

4. Чыноўнікам пры стагнацыі ў эканоміцы ёсць чым заняцца апроч Гульняў.

  • Нядаўна Сяргей Румас абмовіўся, што ён больш займаецца Еўрапейскімі гульнямі, чым сваймі непасрэднымі абавязкамі. І, напэўна, у прэм’ер-міністра ёсць справы больш важныя, чым Гульні.
  • Велізарная колькасць чалавека-гадзінаў, выдаткаваных чыноўнікамі (і не толькі) на арганізацыю і правядзенне чэрвеньскага мерапрыемства, магла б выкарыстоўвацца больш эфектыўна. Інакш гэта нагадвае сітуацыю з дармаедамі, калі чыноўнікі трацяць шмат часу на сумнеўную справу замест таго, каб засяродзіцца на сваіх профільных абавязках.