падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Чаму ўцечка мазгоў змяняе нашую краіну да лепшага

Чаму ўцечка мазгоў змяняе нашую краіну да лепшага
Эмігранты з Беларусі ствараюць новыя гіганты памераў ЕРАМ Systems. Падобны шлях ужо прайшлі Ізраіль і Тайвань. 

Сусветны міграцыйны ландшафт чакаюць сур’ёзныя змены. Краіны Захаду сутыкнуліся з недахопам высокакваліфікаваных кадраў у сферы STEM: science, technology, engineering, math – навукі, тэхналогіяў, інжынерыі і матэматыкі. Яны ўжо гатовыя адмовіцца ад бягучай рэпрэсіўнай візавай палітыкі, Беларусь жа павінна будаваць стратэгію ўзаемадзеяння з супольнасцямі мігрантаў.

Галоўны магніт высакаякасных спецыялістаў – Злучаныя Штаты  ўжо распрацавалі новую «Агульную міграцыйную рэформу». Законапраект S.744 (такі нумар яму прысвоілі) прайшоў сенат і цяпер стаіць на чарзе ў кангрэс. Сумнявацца ў тым, што ён неўзабаве атрымае подпіс Абамы не выпадае, бо галоўнымі лабістамі гэтай рэформы выступалі тэхналагічныя гіганты краіны, на чале з Facebook.

Гэта не дзіўна, бо адначасова з легалізацыяй незаконных імігрантаў адбудзецца спрашчэнне працэдураў працоўнай іміграцыі для высокакваліфікаваных спецыялістаў, прадпрымальнікаў і інвестараў. Прэферэнцыі атрымаюць і выпускнікі ўніверсітэтаў ЗША, а ўвоз таннай працоўнай сілы наадварот будзе прыпынены.

У сітуацыі недахопу Заходнімі краінамі больш за 1 млн. STEM-спецыялістаў, менавіта ЗША дабіваюцца захопу патоку такіх мігрантаў. Каб не застацца ў дурнях, астатнія развітыя краіны таксама пачнуць візавую лібералізацыю, як гэта ўжо робяць Канада ды Вялікабрытанія.

Такое значнае павышэнне працоўнай мабільнасці істотна паўплывае і на Беларусь. Нягледзячы на тое, што наша краіна працягвае захоўваць пазітыўнае сальда міграцыі, з краіны з’язджаюць пераважна самыя актыўныя і якасныя кадры. Агульная ж колькасць беларускіх мігрантаў у развітых краінах складае амаль 500 000 чалавек, што больш за 10 % працаздольнага насельніцтва. Ва ўмовах сусветнага дэфіцыту якасных спецыялістаў, Беларусь не здольная нават прыпыніць «уцечку мазгоў», а забаронныя метады ў дадзенай сферы не спрацуюць.

Менавіта таму галоўнай задачай становіцца правільнае выкарыстанне мігрантаў для карысці эканомікі. Акрамя відавочных грашовых адпраўленняў, якія па афіцыйных дадзеных складаюць штогод $ 500 млн., а па неафіцыйных каля $ 1,5 млрд., што амаль 2 % ад ВУП, мігранты аказваюць значна большы схаваны ўплыў на эканоміку радзімы.

Атрымаўшы заходнюю адукацыю касмапалітызаваныя прадпрымальнікі рэдка вяртаюцца дамоў, але імкнуцца не губляць сувязі з роднай краінай. Свой бізнес у Крамянёвай даліне яны будуюць на чалавечым патэнцыяле менш развітай радзімы. Дэцэнтралізацыя і аўтсорсінг спрыяюць пераносу вытворчасці ў рэгіёны з таннейшай працоўнай сілай.

Прадпрымальнікі-мігранты маюць заходнюю адукацыю і наладжаныя сувязі на глабальным рынку, гэтак жа яны валодаюць кантактамі на радзіме і ведаюць «правілы гульні» на хатнім рынку. Такім чынам менавіта яны з’яўляюцца тым звяном, якое звязвае лакальныя высокаэфектыўныя вытворчыя кадры з вялікімі развітымі рынкамі і крыніцамі перадавых тэхналогіяў.

У выніку на радзіме з’яўляюцца цэлыя кластэры, якія робяць інавацыйны прадукт для развітых рынкаў Захаду. Адначасова ў гэтыя краіны прыходзяць самыя сучасныя тэхналогіі і метады вядзення бізнесу. Такі прыток у выніку змяняе цэлыя сферы эканомікі.

Гэты шлях прайшлі ўжо Ізраіль і Тайвань. У сярэдзіне 80-х яны выглядалі даволі адсталымі і малапрывабнымі, але ўсё змянілі спецыялісты, якія эмігравалі ў ЗША. Яны спрыялі ўзнікненню на радзіме патрэбных сусветнай эканоміцы вытворчасцяў, а дзякуючы веданню роднага рынку, і прытоку інвестыцыяў буйных венчурных фондаў. Апошняе дзесяцігоддзе такі працэс адбываецца з Індыяй і Кітаем.

Лідар беларускага парку высокіх тэхналогіяў EPAM Systems паўстаў менавіта такім чынам, калі два мігранты ў ЗША стварылі там першы офіс. Цяпер капіталізацыя кампаніі складае больш за $ 2 млрд., галоўны вытворчы цэнтр знаходзіцца ў Беларусі і цэлае пакаленне школьнікаў марыць вывучыцца на праграміста і трапіць туды працаваць.

Карысць і ўплыў на ўсю краіну гэтай кампаніі цяжка пераацаніць. Але такіх захапляльных прыкладаў было б значна больш, калі б нашая краіна мела распрацаваную стратэгію ў дачыненні да сваіх эмігрантаў.

Для пачатку трэба змяніць стаўленне да эмігрантаў і спрасціць працэдуры ад’езду. Для прыкладу, толькі ў 2011 Польшча выдала амаль 11 000 дазволаў на працу беларусам, пры тым, што афіцыйная статыстыка кажа толькі пра 1 800 мігрантаў ва ўсе краіны па-за СНД. Калі эмігрант уцякае з краіны па турыстычнай візе, ці, што яшчэ горш, атрымлівае палітычны прытулак, наўрад ці ў яго потым будзе магчымасць стварыць старт-ап на радзіме.

Гэтак жа Міністэрству замежных спраў неабходна шчыльней працаваць з мясцовымі дыяспарамі: спрыяць іх станаўленню і фармаванню, садзейнічаць іх дзейнасці і камунікацыі з радзімаю. Развітыя дыяспары будуць дапамагаць новым мігрантам хутчэй адаптавацца да новай краіны і знайсці там лепшую працу.

З такім ростам працоўнай мабільнасці ўцечка мазгоў ператворыцца ў іх цыркуляцыю. Наладжаная шчыльная камунікацыя з супольнасцямі мігрантаў падштурхне да развіцця канкурэнтных на сусветным рынку галін эканомікі, як тое адбываецца сёння з сферай ІТ. Такія змены прывядуць да якаснай эвалюцыі сістэмы адукацыі і іншых сфераў грамадства.

Беларусь не здольная супрацьстаяць міграцыі высакаякасных кадраў, таму мае навучыцца атрымліваць карысць ад гэтага працэсу.