падтрымаць нас

Артыкулы

Ці зменяць новыя партыі палітычны ландшафт Беларусі? Канспект дыскусіі ЦНІ

Ці зменяць новыя партыі палітычны ландшафт Беларусі? Канспект дыскусіі ЦНІ

На працягу апошніх тыдняў пра стварэнне ўласных палітычных партый заявілі каманда Віктара Бабарыкі і Павел Латушка. Аб намерах ствараць уласныя палітычныя структуры раней паведамлялі прыхільнікі Крамля, Юры Васкрасенскі, і нават улады зноўку падумалі, каб афіцыйна аформіць “Белую Русь” у партыю.

Цэнтр новых ідэй зладзіў адмысловую анлайн-дыскусію з экспертамі на тэму актуальнасці і перспектыў стварэння новых палітычных партый у Беларусі сёння. Прапануем вашай увазе канспект з гэтага мерапрыемства.

Які сэнс зараз ствараць партыі і ці рэальна гэта?

Cярод беларусаў цяпер пануюць два дыскурсы наконт пытання аб палітычных партыях. Адныя кажуць, што ў нас адбываецца рэвалюцыя, якую спрабуюць задушыць, усталяваць нейкую Паўночную Карэю, таму і ствараць партыі цяпер неактуальна. Другія кажуць, што менавіта зараз трэба пачынаць доўгатэрміновае будаўніцтва новых структур. Калі яны не прыдадуцца ў гэты момант, то спатрэбяцца потым.

Можна апісаць усё статыстычнымі тэрмінамі і прапанаваць дзве гіпотэзы. Першая – нулявая гіпотэза.

Адносна Беларусі гэта значыць, што ўсё застанецца так, як і было, – новых партый не будзе, нават “Белую Русь” афіцыйна не аформяць. Прыўладныя старыя партыі застануцца, але ў цэлым нічога не зменіцца. Пры такім раскладзе ні прарасійскі “Саюз”, ні меркаваная партыя Васкрасенскага, ні “Разам” Бабарыкі ды нейкай іншай партыі не зарэгіструюць. “Не чапай, бо лясне!” – так думаюць цяпер людзі ва ўладзе.

Тым больш досвед Расіі і Казахстана ў плане партыйнага будаўніцтва тут таксама нікога не ўражвае. Той жа рэйтынг “Адзінай Расіі” падае хутчэй за асабісты рэйтынг Пуціна. А лаялісцкія палітычныя структуры ў Беларусі ў часы леташняга крызісу сябе не паказалі. Рэжым абапіраўся на сілавікоў, а не на партыі. Ды і партыі – гэта заўжды патэнцыйныя цэнтры крышталізацыі пратэстаў, і ў нейкі момант могуць актывізавацца. Таму ўлады не хочуць рызыкаваць. Для іх партыі – заўжды праваднікі замежнага ўплыву, у тым ліку і расійскага.

Альтэрнатыўная гіпотэза

Мінулагодні крызіс стаўся крызісам легітымнасці, і ва ўладзе гэта збольшага разумеюць.

Нават Аляксандр Шпакоўскі перад Усебеларускім сходам заявіў, што больш за 50% ВУП ствараецца ў прыватным сектары, а прадстаўнікоў ад бізнесу на сходзе было толькі 5%.

Феномен пераўтварэння “Белай Русі” ў партыю –  гэта ледзь не адзіная фронда, якая не разглядаецца як крамола, і яе ўжо выказвалі раней. З боку ўлады ёсць думкі, што трэба неяк выпускаць пар і задаволіць патрэбы ўмераных колаў грамадства.

Стварыць партыю ад безвыходнасці або навошта гэта самім беларусам

Можна лічыць, што гэта ад безвыходнасці, бо і цяпер ужо ствараюцца розныя структуры кшталту галіновых прафсаюзаў, ствараюцца мясцовыя супольнасці, протапарламент “Сход” ды іншыя.

Тады стварэнне новых партый – гэта спосаб захавання людзей у палітыцы і палітычнай актыўнасці.

Тая ж Святлана Ціханоўская вымушаная быць вельмі асцярожнай у пытаннях абароны прыватнай уласнасці, беларускай мовы, раўнапраўя або прыярытэту культур. Яна несвабодная ў пытаннях знешняй палітыкі і шмат якіх іншых. Ёй проста недапушчальна пакуль што мець акрэсленыя пазіцыі ў гэтых пытаннях, бо яна – усеагульны лідар. Але ў людзей погляды розныя і людзі гатовыя іх адстойваць ужо больш актыўна.

Таму партыі больш вольныя ў такіх пытаннях і адразу заяўляюць: мы вось за гэта і супраць вось таго. Разам з іншымі пытаннямі гэта дапамагае людзям абараняць свае інтарэсы.

Партыйнае будаўніцтва — гэта добра і яно дапаможа ў тым выпадку, калі партыі зарэгіструюць. Каб атрымаць прастор для дзейнасці, ім неабходная перамога, – у гэтым інтарэсы тых жа новых партый Бабарыкі і Латушкі супадаюць.

Нават калі гэта – глупства, то робім мы яго ўсе разам

Займацца фармаваннем і ўзмацненнем партый неабходна. Можна спрачацца, ці скончылася рэвалюцыя, але першая фаза, этап “штурму і дрангу” дакладна мінуў.

Калі браць рэвалюцыі ў іншых краінах, то партыя “Майдана” не ўзнікла нідзе. Адзінства ў стылі “возьмемся за рукі, сябры!” захоўваецца толькі ў самы актыўны і гарачы перыяд супрацьстаяння. Цяпер такой сітуацыі ўжо няма і ідзе заканамерная дыферэнцыяцыя.

Цяпер – не жнівень 2020-га года, таму не так істотна, зарэгіструюць партыі Васкрасенскага, Бабарыкі ды іншых. Сама спроба іх ствараць – натуральны працэс. Трэба спрабаваць, трэба дзейнічаць, тыркацца ва ўладу. Можа, і не атрымаецца, можа, партыі – гэта наогул спадчына ХІХ ст. і цяпер усё можна вырашаць з дапамогай перспектыўных дваравых чатаў ды інтэрнэт-паблікаў – на гэта ў дадзены момант не адкажа ніхто дакладна. Але варта спрабаваць, тым больш, што ў шматлікіх краінах партыі існуюць і дзейнічаюць.

Самыя папулярныя палітыкі ў нашай краіне заявілі аб стварэнні партый і гэта ўжо агульны трэнд. Нават калі гэта глупства, то робім мы яго ўсе разам.

Старыя партыі могуць заняць сваё месца ў гэтым ландшафце, але тут важнейшая непазбежнасць спробаў будаўніцтва партый. У жніўні мінулага года таксама не было вядома, атрымаецца ці не. Людзі, якія выходзілі, не матываваліся дакладным адказам на пытанне. Людзі заўжды ідуць на пэўную рызыку.

Можна прыгадаць мінулы год і зразумець, што да тых вынікаў яшчэ трэба было дайсці. Мабілізацыя праводзілася людзьмі з рознымі поглядамі. Выбарцы Ціханоўскага/Ціханоўскай або Бабарыкі абсалютна розныя, але яны аб’ядналіся, калі кандыдатам адмовілі ў рэгістрацыі.

Пры любой палітычнай канкурэнцыі масавая прарасійская партыя таксама непазбежная. Немагчыма ў дэмакратычнай краіне забараніць яе існаванне. Яны ёсць ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы.

Мода на стварэнне партый ад улады і “партыя ўлады”

Моду на партыйнае будаўніцтва абазначылі самі ўлады. Былі намёкі, што менавіта роля партый будзе ў тым, дзеля чаго ўлады гатовыя мяняць Канстытуцыю.

Партыйнае будаўніцтва – надзея часткі грамадскіх сілаў, што ўлады іх дапусцяць у шэрагі статуснай апазіцыі. Вось ёсць жа ў Расіі Жырыноўскі, Зюганаў і ўсё добра. Але, канешне ж, партыі – гэта і магчымасць працаваць на перспектыву.

Ніводная дэмакратыя ў свеце не існуе без развітых інстытутаў. Таму, калі рэжым рухне, усё будзе залежаць ад таго, наколькі грамадства і апазіцыйныя палітыкі ды актывісты падрыхтаваныя да пераменаў.

У любым разе трэба глядзець на “партыю ўлады”. У іншых аўтарытарных краінах такія партыі ствараюць не для таго, каб задаволіць людзей, а каб аб’яднаць эліты вакол сябе. І варта глядзець, як яны будуць інстытуцыяналізавацца. Менавіта праз іх можа адбыцца трансфармацыя рэжыму. Так цяпер адбываецца ў Казахстане і можа адбыцца ў Расіі.

З іншага боку, ёсць пагроза таго, што новыя лідары, якія ўзнікаюць на хвалі такіх моцных пратэстаў у розных краінах і потым прыходзяць да ўлады, зусім не зацікаўленыя ў будаўніцтве моцных партый і за гэтым таксама варта сачыць.

Усе жылі надзеяй, што вось зараз улада зменіцца, таму можна пачакаць

Шмат хто зараз абураецца: “Дзе мая перамога?” Людзі ўдзельнічалі ў пратэстах, не плацілі падаткі, як ім раілі, і чакалі зменаў, але яны так і не наступілі. На асабістым узроўні зразумелае гэтае вялікае расчараванне.

Але палітыка – гэта заўжды пра масавасць і цяпер пануе запыт на надзею, на тое, што мы не здаемся і не кідаем людзей зноўку на рыфы, шукаем іншыя інструменты ўздзеяння на ўладу.

Пытанне “ці можна стварыць моцную палітычную партыю?” неактуальнае. Важна частцы пратэсту, які дэмабілізаваны, даць інструменты, каб яны маглі застацца ў руху. Для гэтага важна даць надзею, даць канкрэтныя спосабы, як дзейнічаць. Для гэтага мае быць і нейкі вынік іх актыўнасці: накіравалі запыт дэпутату, склалі петыцыю або выйшлі і іх не затрымалі. Гэтым мае займацца партыя.

У мінулым годзе людзі на пэўны час наогул забыліся на ўсе праблемы – садзікі, школы, інфраструктуру і т.п. Усе жылі надзеяй, што вось зараз улада зменіцца, таму можна пачакаць.

Але цяпер менавіта партыі маюць падымаць пытанні пра рабочыя месцы ў рэгіёнах, паборы ў школах, недахоп дзіцячых садкоў і іншыя. Партыі могуць і будуць ствараць павестку.

Галоўнае з гэтай гісторыяй – рэальна пачаць ствараць партыі, бо заяваў хапала і раней.

Бальшавікі таксама не былі аформленай палітычнай партыяй, але ў выніку перамаглі…

Варта памятаць, што партыя – гэта структура, якая генеруе тры віды працэсаў:

1)     Пераўтварэнне грамадскай незадаволенасці праз абмеркаванне ў законапраекты;

2)     Пераўтварэнне людзей, прыхільнікаў пэўнай ідэі ў прадстаўнікоў улады (заканадаўчай, судовай або выканаўчай);

3)     Пераўтварэнне прыхільнікаў у выбарцаў.

Цяпер у Беларусі стварэнне новых партый матывуюць наступнымі прычынамі:

А) Выбары: без партыі нельга высунуць кандыдатаў;

Б) Супрацьдзейнічаць расійскім партыям і расійскаму ўплыву;

В) Не згубіць і не расчараваць сваіх прыхільнікаў;

Г) Забеспячэнне палітычнай канкурэнцыі ў “светлай Беларусі будучыні”;

Д) Падрыхтоўка праграмы зменаў;

Е) Афармленне ўзаемаадносін з уладай праз легалізацыю.

Але ж ці патрэбныя для гэтага новыя партыі менавіта цяпер? Магчыма, але ж тыя самыя бальшавікі да Кастрычніцкага перавароту таксама не былі аформленай партыяй і, хутчэй, нагадвалі агітацыйную сетку рознага тыпу актывістаў.

У дадзены момант ёсць некалькі шляхоў, якімі рухаюцца постсавецкія краіны. Адныя ствараюць партыі пад канкрэтнага лідара з кліентэлай. Другі варыянт – шматузроўневыя сістэмы з аб’яднаннем розных think tank’аў, грамадскіх аб’яднанняў і т.п.

Як будзе ў Беларусі – пакажа час, але калі ўсе пачынаюць дзяліцца на групы, то, сапраўды, патэнцыял да аб’яднання зніжаецца.

Працэс ужо ідзе і “партыя” Вольгі Карач

Фактычна размова цяпер ідзе аб стварэнні сістэмы палітычнай мабілізацыі з ідэалогіяй або лідарам, і не мае значэння, як гэта завецца. Нават у той жа Вольгі Карач, да дзейнасці якой шмат хто з беларусаў ставіцца па-рознаму, ёсць сёння такое аб’яднанне ў выглядзе кампаніі “Наш дом”. Таму неістотна, як гэта называць. Істотна, ці створаць іншыя свае моцныя структуры.

БНФ быў створаны напрыканцы 1988-га года і афіцыйную рэгістрацыю атрымаў пазней. Але ён існаваў і дзейнічаў. Таму мы не ведаем, магчыма, партыя Бабарыкі або Латушкі наросціць свае цягліцы так, як той жа БНФ у свой час.

Тэкст паўстаў па выніках мерапрыемства, зладжанага пры супрацы з Фондам імя Фрыдрыха Эберта. Меркаванні, якія прагучалі падчас дыскусіі, ніякім чынам не звязаныя з меркаваннем Фонду.

Фота: Павел Крычко