Чэрвень гэтага году асаблівы для Калінінграда: самы заходні рэгіён Расіі прымае ў сябе шэраг матчаў чэмпіянату свету па футболе. Гэта ўнікальная магчымасць, каб разбурыць глыбока укаранелыя стэрэатыпы 1990-х гадоў. Аднак падкрэслена напышлівы фасад, узведзены ў Калінінградзе, не можа схаваць шматгадовых тэндэнцыяў, што пануюць у рэгіёне.
Баль падчас чумы?
Калінінград цяпер – гэта горад, які ў захапленні ад футбольных матчаў. Але праўда палягае ў тым, што ранейшая эканамічная няпэўнасць нікуды ня знікла; на самой справе, яна вырасла. Там, дзе калісьці быў значны транспамежны абмен і супрацоўніцтва з суседнімі краінамі кшталту Польшчы, цяпер можна ўбачыць, што гэта скарачаецца, а эканамічна залежнасць ад федэральнага цэнтру расце.
Рашэнне ў красавіку 2016 аб спыненні статусу асаблівай эканамічнай зоны ў Калінінградскай вобласці (АЭЗ) было ўспрынятае як кепскі жарт з боку Крамля. У наступным годзе Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які, па сутнасці, аднавіў АЭЗ, аднак клімат застаецца несуцяшальным і недружалюбным да бізнесу.
Гэтую сітуацыю найлепш апісаў калінінградскі бізнесовец Стэфана Влаховіч, калі ён адзначыў, што ў выніку гэтага рашэння “мы проста здохнем”.
Калінінград сутыкаецца з нарастальным цяжкасцямі, каб развіваць гандаль, а магія вельмі хвалёнага Еўразійскага эканамічнага саюза не спрацоўвае – прынамсі, у гэтай частцы Расіі. Рашэнне Масквы спыніць субсідыі на перавозку грузаў з Калінінграда на мацярык ашаламіла мясцовых бізнесоўцаў. Акрамя таго, Беларусь павялічыла тарыфы на транзіт па яе тэрыторыі, і цяпер за транзіт па яе тэрыторыі калінінградскіх тавараў трэба плаціць у два разы даражэй, чым па тэрыторыі Расеі.
Рэакцыя ўладаў была хуткай: мясцовая адміністрацыя ўзмацніла ціск на бізнес і прадпрымальнікаў, пагражаючы зачыніць некаторыя з іх. Колькасць скаргаў імкліва расце, для мясцовага бізнесу наступілі цяжкія часы, а чэмпіянат свету хіба толькі на коратка адцягне ўвагу.
“Паляванне на ведзьмаў”, “пятая калона” і “паўзучая германізацыя”
На фоне эканамічных праблемаў у Калінінградскай вобласці ідзе ідэалагічная барацьба. Пасля закрыцця Нямецка-рускага дому, бо яго кваліфікавалі як “замежнага агента”, ультракансерватыўныя мясцовыя СМІ разгарнулі агрэсіўную кампанію пошуку слядоў таго, што “вобласць дрэйфуе на Захад” пад уздзеяннем, як мяркуецца, “пятай калоны”. Вынікам серыі фільмаў, круглых сталоў і канферэнцыяў стаў жудасны дыягназ: “замежныя агенты спрыяюць духу неанацысцкай ідэалогіі ў расійскім трофейным рэгіёне”.
Гэтае шаленства падштурхнула мясцовыя СМІ і кансерватараў скіраваць свой гнеў супраць прафесаркі Балтыйскага федэральнага ўніверсітэту Ганны Алімпеевай, якую абвінавачваюць у такіх смяротных грахах у сённяшняй Расіі, як “распальванне сепаратызму”, “лібералізацыя грамадскай думкі” і “прапаганда ЛГБТ-ідэалаў”.
Наступны этап масавай істэрыі пачаўся з заявы мясцовага губернатара Антона Аліханава, што “няма Калінінградскай ідэнтычнасці” і гэта паняцце “ўкараняецца звонку”. Ультракансерватыўныя парталы NewsBalt і ІА REGNUM пайшлі далей, наўпрост выставіўшы абвінавачванні супраць Германіі і ЗША ў спробах “задушыць вобласць” і “падтрымаць антырасійскія сілы”.
Мясцовыя кансерватыўныя сілы распачалі крыжовы паход, і ў сваіх намаганнях яны карыстаюцца відавочнай падтрымкай зверху.
Але гэта наўрад найлепшы шлях, каб зрабіць Калінінград больш прывабным месцам і для турыстаў, і для інвестараў з-за мяжы.
“Крэпасць” памерла. Няхай жыве “бурбалка”!
З пачаткам канфлікту ва Украіне Расія ўзяла курс на далейшую мілітарызацыю Калінінграда. Галоўны аб’ект еўрапейскай заклапочанасці – гэта “Іскандэр-М”, мабільныя балістычныя ракетныя комплексы бліжняй далёкасці, здольныя несці ядзернае ўзбраенне, якія маюць далёкасць 450 кіламетраў (хаця фактычная далёкасць можа быць значна большай, чым афіцыйна заяўляецца). Цяпер Расія вырашыла разгарнуць“Іскандэры” ў Калінінградзе на сталай аснове, што яна і падкрэсліла падчас паказушнай дэманстрацыі гэтай грознай зброі для грамадскасці на парадзе Перамогі 9 траўня гэтага года.
Наяўнасць “Іскандэраў” фактычна ператварыла Калінінград у самую перадавую расійскую шматслойную “бурбалку” забароны доступу, якая мае як абарончы, так і наступальны патэнцыял.
Гэта нават без згадкі супрацьпаветранай зенітнай сістэмы С-400 “Трыюмф” ды ракетных комплексаў берагавой абароны К300П Бастыён-П і 3К60 Баль. Нават калі пакінуць у баку нарошчванне ваеннай моцы, варта чакаць новы віток бразгання зброяй з чарговым выкарыстаннем Калінінграда ў якасці “рэгіянальнага пудзіла” – а гэта ніяк не стасуецца з чаканнямі ад чэмпіянату свету.
Чэмпіянат свету ў Расіі, а выйграюць палякі
Лічыцца, што калінінградскі стадыён – другая па кошце самая дарагая арэна, пабудаваная да турніру: кажуць таксама, што яго фактычны сабекошт павялічыўся ўдвая праз карупцыю.
Аднак малаверагодна, што гэтыя велізарныя выдаткі акупяцца.
Паводле некаторых прагнозаў, Калінінград названы як адзін з гарадоў, які атрымае найбольшую выгаду ад чэмпіянату свету, што можа быць праўдай толькі ў параўнанні з астатняй Расіяй. На самай справе, польскі горад Гданьск можа ў канчатковым выніку быць тут пераможцам: замежныя турысты адкрылі для сябе, што, спыняцца ў Польшчы танней і бяспечней, і яны едуць у Калінінград, каб толькі паглядзець матчы, а потым адразу ж з’ехаць назад.
Гэта не можа не засмучаць. Але, зважаючы на тое, як Масква трактавала Калінінград цягам апошніх гадоў – шкодзіла ягонай эканоміцы і выкарыстоўвала эксклаў, каб запалохаць Захад, – страчаныя магчымасці чэмпіянату свету амаль не выклікаюць здзіўлення.