падтрымаць нас

Грамадства

Кубак свету ў Бразіліі: прыгожая гульня і брудная палітыка

Кубак свету ў Бразіліі: прыгожая гульня і брудная палітыка
Прэзідэнтка Бразіліі Дылма Русеф спадзявалася, што Мундыяль прынясе ёй рост папулярнасці, але чэмпіянат свету хутчэй скончыць яе кар’еру.

Бразілія ‑ адзіная краіна, якая ніколі не прапускала чэмпіянату свету, у яе пяць тытулаў чэмпіёнаў свету і за тры апошнія дзесяцігоддзі яны выйгравалі больш разоў, чым любая іншая краіна. Для ўладаў, чыё кіраванне цяжка назваць паспяховым, чэмпіянат свету стаўся своеасаблівым анальгетыкам, які можа і не вылекуе, але абязболіць эканамічныя і палітычныя праблемы краіны.

Болей за тое, прэзідэнтка Дылма Русеф спадзяецца, што на хвалі ўдалага правядзення чэмпіянату яна здолее захаваць свае пазіцыі падчас прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у кастрычніку 2014. Аднак, у краіне, якая лічыць футбол першай і адзінай нацыянальнай рэлігіяй, Кубак свету прынёс пакуль больш незадаволенасці, чым радасці.

Мундыяль стаў пацверджаннем парушанай грамадскай дамовы паміж жыхарамі ды ўладаю. Бразілія ‑ адна з самых няроўных краінаў свету, яе найбяднейшыя грамадзяне плацяць найбольш падаткаў, але атрымліваюць найменш ад дзяржавы. Незалежна ад сацыяльна-эканамічнага класу, карупцыя і дробная злачыннасць застаецца нормай для абсалютнай большасці бразільцаў. Аўтарка гэтага тэксту была асабіста абрабаваная ў Рыа.

Як не спраўдзілася бразільская мара

У 2007 годзе, калі Бразілія выйграла права на правядзенне Чэмпіянату-2014, краіна перажывала свой лепшы эканамічны перыяд за апошнія дзесяцігоддзі. У 2007 годзе эканоміка Бразіліі павялічылася на 4,5% дзякуючы капіталу, які паступаў у краіну ад замежных інвестараў, інфляцыя знаходзілася пад кантролем. Розніца паміж багатымі і беднымі, здавалася, нарэшце скарачалася. Краіна пачала рэалізоўваць свой магутны патэнцыял.

Нягледзячы на поспех, замацаваць яго не атрымалася ‑ прагнозы не спраўдзіліся, а эканоміка пачала змяншацца. Бразілія сёння мала нагадвае вобраз краіны, які быў прададзены свету яе лідарамі сем гадоў таму.

Эканамісты Сайман Купер і Стэфан Шыманскі ў сваёй кнізе “Soccernomics” пішуць, што Кубак свету трэба разумець як шэраг фінансавых трансфераў: “Ад жанчынаў да мужчынаў (якія будуць атрымліваць больш задавальнення); ад бразільскіх падаткаплацельшчыкаў да ФІФА і футбольных заўзятараў; ад падаткаплацельшчыкаў да бразільскіх футбольных клубаў і будаўнічых кампаніяў. Бразілія ахвяруе сваёю будучыняю для правядзення чэмпіянату свету”, — пішуць яны.

Гэта ўжо адбываецца. У нядаўнім дакладзе Bloomberg адзначае рэзкі рост прыбыткаў манапалістаў на рынку Бразіліі. У прыватнасці, вартасць акцыяў адной з манапалістычных будаўнічых кампаніяў, якая пастаўляе бетон і будаўнічы лес, патроіліся з 2010 году. Але шараговыя жыхары Бразіліі не адчулі росту дабрабыту.

Безадказная палітыка

У часе адкрыцця чэмпіянату увесь свет заўважыў незадаволенасць бразільцаў сваёю палітычнаю элітаю. Шмат хто з 60 тысячаў фанатаў на арэне Карынфіас скандаваў лаянкі супраць існай прэзідэнткі краіны Дылмы Русеф і кіраўніка ФІФА Ёзэфа Блатэра, якія сядзелі ў скайбоксе на стадыёне. Масіўныя вулічныя дэманстрацыі ахапілі ўсю Бразілію.

2

Нягледзячы на неверагодна моцную падтрымку нацыянальнай дружыны, шмат бразільцаў абураныя выдаткамі свайго ўраду ‑ больш за $ 11 млрд на Кубак свету ў той час, калі эканоміка краіны не функцыянуе належным чынам, а камунальная інфраструктура вымагае інвестыцый.

Русеф, якая прытрымліваецца левых палітычных поглядаў, чакае пераабрання ў кастрычніку, але яе папулярнасць адметна паменшылася за мінулы год. 55% бразільцаў кажуць, што правядзенне Мундыялю прынясе больш шкоды, чым карысці для шараговых жыхароў.

Мінулы прэзідэнт Лула пры лабіяванні правядзення чэмпіянату абяцаў не выдаткоўваць дзяржаўныя сродкі на правядзенне спаборніцтваў, а інвеставаць у інфраструктуру і іншыя сацыяльныя праекты. Усё гэта адбіваецца на іміджы сённяшняй прэзідэнткі, а выбыццё Бразіліі з чэмпіянату толькі дадасць алею ў агонь. Але, нягледзячы на мільярды, якія ўжо пайшлі на новыя стадыёны і транспарт, трэба адзначыць, што Бразіліі ўсё ж удалося павялічыць свой бюджэт на ахову здароўя і адукацыю. Гэта знак таго, што Дылма слухае пратэстоўцаў. Высокі ўзровень незадаволенасці спарадзіў новы “мем” сярод бразільцаў: “Imagina na Copa”, што літаральна азначае “уявіце сабе гэта падчас чэмпіянату”.

Прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блатэр сказаў, што пратэстоўцы “не павінны выкарыстоўваць футбол, каб прымусіць улады пачуць свае патрабаванні”, і што дзяржаўныя выдаткі на будаўніцтва спартовых аб’ектаў накіраваныя на “будучыню, а не толькі на чэмпіянат свету”. Але, як і будаўніцтва гатэляў да чэмпіянату ў Менску, такія праекты мусяць адпавядаць доўгатэрміновым патрэбам краіны, а не хвіліннай неабходнасці.

Як прыклад, стадыён Амазоніі ў горадзе Мінаўс быў пабудаваны па вызначаных ФІФА стандартах. Стадыён разлічаны на амаль 45 тысячаў гледачоў, а яго бюджэт склаў больш за $ 270 млн. Што самае цікавае, пабудаваны ён усяго толькі для чатырох гульняў Мундыялю, а ў самім горадзе нават няма сваёй футбольнай каманды і муніцыпалітэт не ведае, што з рабіць са стадыёнам пасля. Больш за тое, будаўнічыя матэрыялы для стадыёну былі прывезеныя з Францыі ўглыб Амазонскіх лясоў на лодках, бо ніякага іншага транспартнага злучэння з горадам у сэрцы тропікаў няма.

Былы бразільскі футбаліст, а цяпер палітычны дзеяч, Ромарыё назваў чэмпіянат “самым вялікім крадзяжом у гісторыі”, спасылаючыся на ўласныя ацэнкі, што рэальны кошт яго правядзення перавысіць $ 45 млрд. Ромарыё заклікаў да больш глыбокага расследавання шырокага нямэтавага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, якое ён лічыць прычынай пратэстаў. Тым не менш, ён таксама быў скрытыкаваны кіруючай партыяй за атрыманне амаль $ 0,5 млн за тэлевізійную рэкламу, прысвечаную чэмпіянату свету.

Такім чынам, шмат хто з палітычных элітаў вядзе несумленную гульню. Ды і бразільцам пратэставаць супраць будаўніцтва стадыёнаў і велізарных выдаткаў ужо позна: варта было б задумацца пра гэта яшчэ ў 2007 годзе. Сёння ж Мундыяль можа быць выкарыстаны ў якасці пачатковага пункту для патрабавання лепшага сацыяльнага забеспячэння з боку дзяржавы ‑ будзь то ў форме аховы здароўя або аўтамабільных дарог.

Але што адбудзецца, калі спаборніцтвы скончыцца і свет пачне менш цікавіцца тым, што адбываецца ў Бразіліі? Безумоўна, чэмпіянат застанецца вялікім святам для жыхароў Бразіліі і ўсяго свету. Але ці здольныя будуць грамадзяне вызначыць прыярытэты сваёй краіны ў пахмеллі, будзе гэта радасным святам перамогі або гараваннем пра выбыццё нацыянальных куміраў, ад чэмпіянату?

Футбол, як і любы іншы спорт, не павінен вызначаць грамадскую думку. Адказная палітыка павінна быць прыярытэтам незалежна ад таго, ці атрымае краіна перамогу і ці будзе свет звяртаць увагу на праблемы Бразіліі.