Падаецца, інфармацыйная хваля наконт апошніх расійскіх сацыялагічных дадзеных па Беларусі, што пратачыліся ў сеціва, крыху схлынула. То можна паглядзець на гэтыя лічбы больш спакойна і ўзважана.
Па-першае, хутчэй за ўсё, гэта сапраўднае даследаванне, якое было зроблена на замову расійскіх уладаў. Гэта не адзінае, не першае і не апошняе даследаванне расіянамі таго, што думаюць беларусы. Наш усходні сусед пастаянна цікавіцца станам беларускай грамадскай думкі і свабодна атрымлівае неабходную яму інфармацыю (балазе, сучасныя тэхналогіі спрыяюць развіццю дыстанцыйных методык сацыялагічных даследаванняў; хаця гэта па факце нелегальна – пастанову Саўміна №707 ад 31.05.2002 аб неабходнасці акрэдытацыі сацыялагічных устаноў ніхто пакуль не адмяняў).
Па-другое, наколькі мне вядома, раней цікавасць расійскіх уладаў да сацыялогіі з Беларусі мела, хутчэй, выпадковы характар і канцэнтравалася збольшага ў адной з некалькіх вежаў Крамля. Цяпер ёсць падставы меркаваць, што заказчык даследавання стаў узроўнем вышэй – за апытанне ў Беларусі ўзялася адна з самых буйных расійскіх сацыялагічных арганізацый (Усерасійскі цэнтр даследаванняў грамадскай думкі, ВЦИОМ), прычым робіцца гэта на сістэмнай аснове. «Злітае» даследаванне не разавае, а серыйнае – на некаторых слайдах мы бачым лічбы дынамікі, то бок параўнанні з папярэднім даследаваннем, якое датуецца чэрвенем, – атрымліваецца штомесячны зрэз інфармацыі. Гэта вельмі высокі ўзровень пільнасці.
Па-трэцяе, у абсалютнай большасці расійскія даследаванні Беларусі застаюцца ў маўклівых тэчках вялікіх кабінетаў і ў сеціве яны амаль ніколі не з’яўляюцца. А калі такое і адбываецца, то даследаванні бываюць вельмі «своечасовымі». Ну, вось як, напрыклад, вынікі даследавання МДІМА (МГИМО), па якіх нібыта «почти 90 % белорусов выступают за союзнические или партнерские отношения с Россией». Звяртаем увагу на дату публікацыі – лістапад 2019-га, акурат пад фіналізацію года «дарожных мапаў». У гэтым сэнсе сапраўды цікава, што чарговы «зліў» адбыўся менавіта цяпер – калі з падпісаннем «дарожных мапаў» яснасці няма, калі пытанне з канстытуцыйнымі зменамі не рухаюцца, калі пачынаецца нейкая дзіўная дынаміка беларуска-расійскіх стасункаў…
Па-чацвёртае, паўтаруся, заўсёды звяртайце ўвагу на выбарку, метад збору інфармацыі і тэрміны, калі інфармацыя збіралася.
Што мы тут бачым:
Выбарка своеасаблівая – толькі насельніцтва буйных гарадоў з насельніцтвам ад 100 000 чалавек і болей. Відавочна, калі б была патрэба, то рэсурсы УЦДГД дазволілі б зрабіць больш «глыбокую» выбарку і дайсці калі не да вёсак, то дакладна да райцэнтраў. Не пайшлі. Значыць, замоўцу цікавіла найбольш пратэсная частка беларускага грамадства. Для сябе была такая патрэба ці менавіта для «зліву» – цяжка сказаць, але факт застаецца фактам.
Метад збору інфармацыі – анлайн-апытанне. Пэўна, самы аптымальны метад, бо класічнае апытанне face-to-face цяпер немагчымае і праз забароны ўладаў, і праз кавідныя абмежаванні; тэлефоннае апытанне ў такой таталітарнай краіне, як наша, дае дзікія перакосы ў бок лаялісцкіх адказаў; застаюцца толькі анлайнікі, якія можна рабіць з-за мяжы, і на якія людзі не баяцца адказваць праз ананімнасць сеціва (і тых жа VPN).
Тэрмін – ліпень. Той жа час, калі сваё даследаванне праводзіў Chatham House з выкарыстаннем таго ж метаду анлайн-апытання. Такім чынам, можам параўнаць вынікі, праўда, з улікам розніцы выбарак (усё гарадское насельніцтва ў Chatham House і толькі буйныя гарады ў УЦДГД).
І вось што нам даюць дадзеныя:
1. Паводле абодвух даследаванняў тройка найбольш вядомых палітычных фігур – гэта Лукашэнка, Ціханоўская, Бабарыка.
2. Якую частку гараджанаў не бяры, давярае Лукашэнку ўсё роўна не больш за траціну апытаных; недавер жа на ўзроўні 50-55 % (у іншых праўладных персон справы яшчэ горшыя).
3. Бабарыка – бясспрэчны топ-палітык сярод усіх гараджанаў. Ён у парным выбары выйграе ў любога іншага палітыка (Chatham House), а Калеснікавай вельмі сімпатызуюць жыхары буйных гарадоў (УЦДГД).
4. Цікавы момант пра фармат беларуска-расійскіх стасункаў. У Chatham House і ў УЦДГД вельмі розныя фармулёўкі, але і ў тым, і ў другім выпадку супраць «Саюза Беларусі і Расіі» ці «Аб’яднання Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву» – дзве траціны апытаных (ці нават больш).
5. Я не ведаю, ці траплялі на галоўны стол у Крамлі дадзеныя даследавання Chatham House, дзе баланс станоўчага і адмоўнага стаўлення да Пуціна па ўсім гарадскім насельніцтве «+30» у станоўчы бок. Але ўпэўнены, што вынікі апытання УЦДГД па буйных гарадах туды аднеслі, і там усё не так добра – баланс стаўлення складае «–5» (45 % ставяцца адмоўна, станоўча – толькі 40 %).
Рэдкі выпадак, калі мне – як беларусу і патрыёту – падабаліся вынікі даследавання ад нашага ўсходняга суседа. А яшчэ больш даспадобы тое, што гэтыя дадзеныя атрымаў той, хто іх замовіў.
Фота: TUT.BY