падтрымаць нас

Артыкулы

Хто найбольш зрабіў на карысць Беларусі?

Хто найбольш зрабіў на карысць Беларусі?

Працягваем друкаваць вынікі аналізу матэрыялаў даследавання беларускай ідэнтычнасці (першы артыкул тут).

У траўні-чэрвені 2023 года яго праводзілі Цэнтр новых ідэй і “Народнае апытанне” шляхам інтэрнэт-апытання. Нагадаем, што ў інтэрнэт-апытанні бралі ўдзел 4000 чалавек, 2127 з іх цяпер знаходзяцца ў Беларусі; яно праводзілася сярод пераважна прапратэснай часткі грамадства. Яшчэ адной асаблівасцю даследавання было тое, што людзі маглі выбіраць мову для адказаў на пытанні: беларускую ці рускую.

У першым артыкуле мы аналізавалі збольшага агульныя моманты беларускай ідэнтычнасці, у другім глядзелі на некаторыя асаблівасці тоеснасці прадстаўнікоў дыяспары. Зараз звярнем увагу на гістарычны складнік з фокусам на гераічныя постаці як мінушчыны, так і сучаснасці.

Веды пра мінулае і адчуванне повязі эпох, відавочна, ёсць адным з кутніх камянёў нацыянальнай самасвядомасці. Тое, чым мы ёсць, шмат у чым залежыць ад таго, адкуль мы паходзім. 

І тут не з’яўляецца нечаканасцю, што галоўным гістарычным падмуркам беларускай дзяржаўнасці апытаныя ў першую чаргу бачаць раннесярэднявечныя княствы: Полацкае і Турава-пінскае (48%). На другім месцы – і з пункту гледжання гісторыі, і па колькасці выбараў – Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае (29%), а на трэцім месцы – Беларуская Народная Рэспубліка (9%). 

Звяртае на сябе ўвагу, што і БССР, і сучасная Рэспубліка Беларусь на “падмуркі” не цягнуць, у такой якасці іх адзначыла крыху болей за 1%. Таксама паказальна, што ў адказах на пытанне, якія гістарычныя перыяды найбольш паўплывалі на развіццё беларускага народу, і перыяд сучаснай Рэспублікі Беларусь, і савецкі час – далёка не на першых месцах. Найбольш уплывовымі апытаныя палічылі эпоху ВКЛ (70%), а таксама часы БНР і Рэчы Паспалітай (па 36%). Перыяд існавання Рэспублікі Беларусь апынуўся толькі на 4-м месцы з 24% выбараў.

У даследаванні было і пытанне, якія асобы зрабілі найбольш на карысць Беларусі і беларусаў. Гэта было адкрытае пытанне, то-бок апытаныя пісалі свае адказы без аніякіх падказак. У выніку атрымаўся наступны ТОП-10 выбітных беларусаў і беларусак усіх часоў:

  1. Кастусь Каліноўскі
  2. Францыск Скарына
  3. Вітаўт
  4. Леў Сапега (і цалкам род Сапегаў)
  5. Тадэвуш Касцюшка
  6. род Радзівілаў цалкам
  7. Янка Купала
  8. Пётр Машэраў
  9. Станіслаў Шушкевіч
  10. Еўфрасіння Полацкая

То агулам, але яшчэ цікава паглядзець на такі “пантэон герояў і гераінь” у разрэзе эпох, тым больш што пытанне пра асоб было звязана з папярэднім пытаннем пра ўплывовыя перыяды беларускай гісторыі.

Адзначым яшчэ адзін момант. Хаця пытанне задавалася пра асоб, якія зрабілі шмат на карысць Беларусі, рэспандэнты(кі) час ад часу ўзгадвалі і тых, чый уплыў таксама быў значны, але ішоў далёка не на карысць беларусам. Такія прозвішчы ішлі з подпісамі кшталту “шмат кепскага нарабіў” ці “згуртаваў супраць сябе”. То-бок маем на ўвазе, што у спісе “герояў” трапляюцца і “антыгероі”, якія таксама паўплывалі на развіцце і беларускіх земляў, і беларускага народу.

Пачнем з эпохі, якую рэспандэнты(кі) адзначылі галоўнай па ўплыву на развіццё беларускага народу. Такім чынам, ТОП-10 найбольш уплывовых асоб часоў ВКЛ:

  1. Францыск Скарына
  2. Вітаўт
  3. род Сапегаў
  4. род Радзівілаў
  5. Міндоўг
  6. Альгерд
  7. Ягайла
  8. Гедымін
  9. Канстанцін Астрожскі
  10. Мікола Гусоўскі

Зразумела, што гэта ўсё – вынік гістарычнай палітыкі і таго, што прапісана ў школьных падручніках. Але падаецца выбітным першае месца кніжніка Скарыны, які пасунуў уніз і вялікіх князёў, і вайсковых правадыроў.

Наступны па важнасці этап – часы БНР. І вось ТОП-5 выбітных асоб часоў Беларускай Народнай Рэспублікі:

  1. браты Антон і Іван Луцкевічы
  2. Вацлаў Ластоўскі
  3. Браніслаў Тарашкевіч
  4. Клаўдзій Дуж-Душэўскі
  5. Раман Скірмунт

З пералічаных тут асоб рэпрэсіі абмінулі толькі Івана Луцкевіча, бо ён памёр у 1919 годзе. А перажыў рэпрэсіі толькі Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Астатнія былі забітыя.

За час Рэчы Паспалітай абодвух народаў абралі такі ТОП-5 асоб:

  1. род Сапегаў
  2. род Радзівілаў
  3. Стэфан Баторы
  4. род Агінскіх
  5. Бона Сфорца

Тут адзначу, што калі сярод Радзівілаў і Агінскіх цяжка вылучыць умоўны “твар” роду, то сярод Сапегаў гэта, безумоўна, Леў Сапега – дзяржаўны дзеяч і дыпламат, без якога магло і не стацца Статуту Вялікага Княства Літоўскага.

Калі ж казаць пра асоб, якія паспелі зрабіць шмат на карысць краіны за час існавання Рэспублікі Беларусь, то тут топ выглядае наступным чынам:

  1. Станіслаў Шушкевіч
  2. Зянон Пазняк
  3. Васіль Быкаў
  4. Святлана і Сяргей Ціханоўскія
  5. Віктар Бабарыка
  6. Аляксандр Лукашэнка
  7. Алесь Бяляцкі
  8. Святлана Алексіевіч
  9. Марыя Калеснікава
  10. Мікалай Статкевіч

Адзначу, што часцяком Аляксандр Лукашэнка ўносіўся рэспандэнт(к)амі ў спіс з пазнакай “антыгерой”.

Перыяд раннесярэднявечных княстваў даў Беларусі такіх выбітных асоб (па меркаваннях апытаных):

  1. Еўфрасіння Полацкая
  2. Усяслаў Чарадзей
  3. Рагвалод
  4. Кірыла Тураўскі
  5. Рагнеда

Не магу не адзначыць, што гэта другі гістарычны перыяд, дзе чалавека кнігі (і жанчыну) апытаныя паставілі вышэй за людзей мяча (князёў-мужчын).

Спіс выбітных беларусаў і беларусак за часы СССР мае такі выгляд:

  1. Янка Купала
  2. Пётр Машэраў
  3. Якуб Колас
  4. Уладзімір Караткевіч
  5. Ларыса Геніюш

Як мы бачым, тут таксама літаратар стаіць вышэй за палітыка.

І скончым спісам тых, што шмат даў Беларусі падчас яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі:

  1. Кастусь Каліноўскі
  2. Тадэвуш Касцюшка
  3. Адам і Максім Багдановічы
  4. Францішак Багушэвіч
  5. Адам Міцкевіч
  6. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
  7. Марк Шагал
  8. Эмілія Плятэр
  9. Эліза Ажэшка

Як мяркуюць апытаныя, за часамі Расійскай імперыі над нашымі землямі галоўнымі героямі і гераінямі Беларусі былі тыя, хто змагаўся супраць гэтага.

Напрыканцы яшчэ раз зазначу, што гэта вынікі апытання не ўсяго беларускага грамадства, а яго прапратэсна настроенай часткі.

P.S. За дапамогу ў апрацоўцы даных аўтар выказвае падзяку Дзянісу Рабчуку.

Фота: 34travel