падтрымаць нас

Палітыка

Хуткі канец газавай дамінацыі Расеі

Хуткі канец газавай дамінацыі Расеі
У 2013 годзе Злучаныя Штаты сталі сусветным лідарам па здабычы энергарэсурсаў. 

Якім чынам галоўны імпарцёр энерганосьбітаў пераўтварыўся ў найбуйнейшага здабытчыка, а хутка стане яшчэ і чыстым экспарцёрам газу і нафты?

Змены прыйшлі разам з бумам здабычы сланцавага газу. Рост прыпаў на сярэдзіну 2000-ых, калі амерыканскія кампаніі пачалі актыўна прымяняць тэхналогію гарызантальнага бурэння. Метады здабычы нафты і газу са сланцавых парод выклікаюць занепакоеннасць у эколагаў, але прагматычная пазіцыя адміністрацыі Барака Абамы дазволіла ЗША абагнаць Расею па здабычы энергарэсурсаў.

Як вынік, з 2005 па 2012 год, рост здабычы газу ў ЗША склаў фенаменальныя 34%, у той час як Расея нарасціла здабычу толькі на 13%. Такая раптоўная змена сітуацыі на рынку абваліла кошты на газ у ЗША ў два разы. Ужо зараз гэтыя пературбацыі уплываюць на геапалітыку.

Раней энергетычныя патокі ішлі ад Расеі і Бліжняга Ўсходу да ЗША, Еўропы і Кітая. Гэта схема ўвасоблена праз сістэму газаправодаў, фінансава-палітычных пагадненняў і доўгіх інвестыцый. Дачыненні дапаўняліся шматлікімі газавымі канфліктамі з транзітнымі краінамі ды маштабовымі і эканамічна сумнеўнымі інвестыцыйнымі праектамі кшталту 10-мільярднага Nord Stream.

Зараз пераарыентаванне энергетычных плыняў прывяло і да пераарыентавання інвестыцый. Яскравы прыклад – Штокманаўскае радовішча на Балтыцы. Гэтыя 2% сусветных запасаў прыроднага газу патрабавалі ад Газпраму і партнёраў – Total ды Statoil – 30 млрд $ інвестыцый. З надыходам сланцавай рэвалюцыі і знікненнем патэнцыйных пакупнікоў, еўрапейскія партнёры адмовіліся ад гэтай задумы. Блакітны гігант быў вымушаны замарозіць праект на карысць «будучых пакаленняў».

Сёння Расея хаваецца за бравадамі пра «сланцавы пузыр» ды адмоўную рэнтабельнасць здабычы сланцавых энерганосьбітаў. Тым часам, на рынку з’яўляюцца новыя буйныя гульцы – Канада, Бразілія, Аўстралія, а залежныя ад Газпраму Польшча і Ўкраіна пачынаюць рэалізоўваць праекты па асваенню буйных сланцавых радовішчаў. Не губляюць імпэту і ЗША, ужо зараз дабудоўваюцца першыя тэрміналы па звадкаванню газу для экспарту ў Еўропу. Кітай, іншы энергаспажывальны гігант, павялічыў здабычу сланцавага газу ў 7 разоў за 2013 год.

Пераарыентацыя рынка закранула і Бліжні Ўсход. Катар, найбуйнейшы экспарцёр звадкаванага газу, вымушаны зараз замест ЗША, нарошчваць свае пастаўкі ў Еўропу і Кітай. ЕС, які апошнія гады 40% газу закупляў у Газпраму, з задальненнем скарыстаўся магчымасцю дыверсіфікаваць пастаўшчыкоў. Ужо зараз пабудаваны, ці плануюцца да будаўніцтва шматлікія тэрміналы па прыёму звадкаванага газу ў Грэцыі, Італіі і Літве.

Нашая краіна наўрад ці здолее застацца ў баку сланцавай рэвалюцыі. Хоць Беларусь не будзе дыверсіфікаваць сваіх паставак, развіццё падзеяў на энергетычным рынку можа прывесці для малапрыемных наступстваў у эканоміцы нашага галоўнага гандлёвага партнёра – Расеі. Газавая дамінацыя Газпраму ў Еўропе аслабне, а цэны ўпадуць. Як вынік, расійская эканоміка будзе асуджаная на стагнацыю. Калі Беларусь не дастасуецца да зменаў, то мы падзелім лёс Расеі.