падтрымаць нас

Грамадства

Як апгрэйдзіць БДУ да ўзроўню заходніх універсітэтаў

Як апгрэйдзіць БДУ да ўзроўню заходніх універсітэтаў
На што скардзяцца беларускія студэнты і што рабіць з выкладчыкамі, якія засынаюць на лекцыях.


Мала хто ў Беларусі задаволены ўзроўнем вышэйшай адукацыі. Беларускія студэнты скардзяцца, што выкладчыкі абы-якія, чытаюць старарэжымныя тэксты і наагул далёкія ад студэнтаў. Выкладчыкі, у сваю чаргу, скардзяцца на студэнтаў, якія не жадаюць вучыцца, прагульваюць заняткі і нічога не ведаюць.

Як паказвае практыка, студэнтаў за вушы не прыцягнеш, таму неабходна зацікаўленасць выкладчыкаў. Лепшыя ўніверсітэты свету набіраюць самых паспяховых выкладчыкаў свету з яшчэ большым конкурсам, чым студэнтаў. У большасці выпадкаў няма абавязковых прадметаў. Калі выкладчык не набраў групы студэнтаў, якія гатовыя дабраахвотна выбраць менавіта яго з тысячы іншых, то ён больш не выкладае. Таму атрымаць доўгатэрміновы кантракт з добрым універсітэтам – гэта жыццёвавырашальны момант для акадэмічных працаўнікоў.

Таму беларускія ўніверсітэты павінны стварыць прывабныя і якасныя ўмовы працы для выкладчыкаў, даць магчымасць праводзіць даследванні і забяспечваць гібкасць навучальнага курсу. Так як выкладчыкі павінны мець магчымасць самастойна ствараць праграму навучання, студэнты павінны мець магчымасць выбіраць хаця б некаторую частку са сваіх прадметаў.

Зразумела, што беларускую адукацыйную сістэму, якая захавала ў сябе шмат элементаў савецкага падыходу, адразу не змяніць. Для пачатку рэктарат павінен даць магчымасць сваім студэнтам выбіраць хаця б агульнаадукацыйныя прадметы. На дысцыпліны, якія ты абраў сам нельга паскардзіцца ‘навошта мне гэта патрэбна!’, бо ты адказны за тое, што ты выбраў.

Плюс да ўсяго, БДУ – гэта вялікі ўніверсітэт з агромнай колькасцю факультэтаў. Каб значна палепшыць якасць адукацыі, неабходна даць студэнтам адчуць адказнась за свой выбар. Магчымасць выбраць прадмет з гістарычнага факультэту мае быць і ў фізікаў, і ў эканамістаў, і ў эколагаў.

Такім чынам не толькі палепшыцца якасць прадметаў, маючых назву ‘агульнай адукацыі’, але таксама ў студэнтаў з’явіцца магчымасць для самарэалізацыі. Міждысцыплінарныя заняткі пашыраюць светапогляд і даюць магчымасць зірнуць на вырашэнне праблемаў з іншага боку. Зразумела, што БДУ мае факультэты раскіданыя па ўсім горадзе, але менавіта з-за гэтага студэнты будуць мець магчымасць не прагуляць ‘фортку’, а зазірнуць на бліжэйшы факультэт, дзе ідзе лекцыя, якая можа іх цікавіць.

Яшчэ адзін важны элемент гэта ўвядзенне альтэрнатыўных адукацыйных практык.

Беларуская альтэрнатыўная адукацыя не можа справіцца з наплывам жадаючых патрапіць на лекцыі і курсы па беларускай мове, грамадазнаўству, сацыялогіі, антрапалогіі і нават модзе. У большасці людзей існуюць стэрэатыпы пра даўнія зялёныя ўніверсітэцкія калідоры, халодныя залі і старажытных лектараў. Таму беларускім універсітэтам, каб быць у трэндзе, варта азнаёміцца з альтэрнатыўнымі адукацыйнымі праэктамі, якія праводзяць ва ўсім свеце, а ў тым ліку і Беларусі.

Яшчэ адзін момант – пастаянна змяняючыйся акадэмічны склад. Выкладчык павінен ведаць выключна свой прадмет, цікава і даступна яго выкладаць. Акрамя таго, практыка ‘гасцёвых лектараў’, якія прыязджаюць толькі на адзін семестр можа быць дастаткова карыснай. Студэнты маюць магчымасць пабачыць, як выкладаюць гэты прадмет у іншым месцы, даведацца альтэрнатыўныя тэорыі і практыкі.

Неабходным кампанентам лепшых універсітэтаў становіцца навучанне ці стажыроўка за мяжою. У сучасным свеце адукацыя гэта глабалізаваны прадукт, і амаль немагчыма быць актыўным грамадзянінам сучаснага свету, не павучыўшыся за мяжою.

БДУ павінен хаця б паспрабаваць даць больш магчымасцяў для сваіх студэнтаў для навучання за мяжою. Адзін Эразмус Мундус не можа задаволіць запатрабаванне сярод беларускіх студэнтаў. Зарас існуе неверагодная колькасць магчымасцяў для навучання беларусаў за мяжою. Самае меншае, што можа зрабіць БДУ – гэта не перашкаджаць студэнтам вучыцца і ездзіць за мяжу, дазваляць і дапамагаць, нават калі неабходна з’ехаць падчас навучальнага году.

Гэта зусім не так страшна, як падаецца ўніверсітэцкім ідэолагам. З’ехаць і застацца ‘дзесці там’ аднаму вельмі цяжка. Таму большасць студэнтаў вернецца дадому, асабліва калі не будзе стварацца таго антуражу пра забароненасць жыцця за мяжою.

Было б выдатна, калі б беларускія універсітэты знялі з сябе частку адказнасці за вырашэнне лёсу студэнтаў. Неабходна даць студэнтам права выбару, магчымасць адчуць адказнась за сябе. Гэта стане крокам на шляку самавызначэння і станаўлення студэнтаў як асобаў, а ўніверсітэту – як сапраўднай вызначальнай установы ў жыцці грамадства.