Ці будзе расці колькасць нейтральных беларусаў
Насамрэч яны больш расчараваныя, чым нейтральныя. Але адсотак умоўна нейтральных у папярэдніх апытаннях Chatham House сапраўды быў меншым. Сёння дынаміка небяспечная і непрыемная, бо колькасць беларусаў, якія імкнуцца дыстанцыявацца ад сітуацыі ў краіне, расце. І за апошнія паўгода бачны трэнд на яе рост і нарошчванне тэмпаў гэтага росту. Калі вы палітык, то гэта важна ўлічваць, бо вы імкняцеся да палітызацыі суграмадзян.
Палітызацыя 2020-га была з пункту гледжання дэмакратычнага грамадства вяртаннем беларусаў да нармальнасці, але ў найноўшай беларускай гісторыі была, хутчэй, анамаліяй. І мы бачым вяртанне ў стан, які папярэднічаў прэзідэнцкім выбарам, у плане суадносін палітызаваных і непалітызаваных груп грамадства.
Траўма 2020-га года для абодвух бакоў усё яшчэ баліць, але ёсць яшчэ вялікая прастора таго, куды падаць, і трэнд можа нават пагоршыцца.
Але цяпер гэта не знаходзіцца ў руках палітыкаў, як і не было ў іх руках у 2020-ым. Палітызацыя, хутчэй, выклікаецца штармавымі ўмовамі, дае нейкі штуршок праявіцца пэўным палітыкам, каб яны знаходзілі словы, ідэі, прапановы. Але калі гэтае акно магчымасцяў зачыняецца, то прымусіць людзей вярнуцца ў пустое палітычнае поле – задача вельмі складаная.
Пасадзілі Ryanair і ўсё вярнулася
Важна тое, што людзі і не прынялі, што дзейная ўлада – гэта ўсё, што можна мець, і іншага яны быццам бы і не хочуць. Не бачна, каб прыхільнікаў Лукашэнкі станавілася больш.
Што дакладна адбываецца: людзі сталі менш цікавіцца тым, што адбываецца. Тут ёсць і аб’ектыўныя прычыны – людзі ўсё менш хочуць чуць пра палітыку, але мы ведаем і стан журналістыкі пасля яе разгрому. Журналістам цяжэй здабыць той кантэнт, які атрымальнікі маглі б спажыць.
Звычайна, калі мы кажам “нейтральны”, то гэта, хутчэй, той, хто зусім не цікавіцца палітыкай. Але нейтрал у 2022-ім годзе – гэта ўжо не той, хто зусім ёй не цікавіцца, а той, хто не бачыць, куды прыкласці свае сілы, каштоўнасці і дзеянні, каб яны не прывялі да вялікай рызыкі страты працы, свабоды і бяспекі. Але інтарэс унутры чалавека дагэтуль ёсць, і ў гэтым рэвалюцыя свядомасці ўжо адбылася.
Быў момант, калі летась “праваліўся” сакавік, з якім былі звязаныя пэўныя надзеі, і людзі пачалі масава выходзіць з пратэсных суполак у сацсетках, але тут улады пасадзілі Ryanair і людзі адразу вярнуліся.
Трэба працаваць над утрыманнем людзей і перастаць быць закладнікамі 2020-га года. Не трэба імкнуцца як грамадству да вяртання ў стан перад усімі падзеямі, бо гэта не атрымаецца і ў дзейнай улады. Гэта проста наш новы досвед, і чым хутчэй мы пачнем працаваць над тым, як быць у сённяшняй сітуацыі і як з яе рухацца далей, тым лепш.
У найбліжэйшы час неабходна пашыраць павестку, бо немагчыма паўтара года гаварыць выключна пра зняволеных і новыя выбары.
Свет не толькі бела-чорна-белы
Сёння занадта высокая рызыка ўдзелу ў актыўнасці з невыразнымі магчымасцямі дасягнуць пастаўленыя мэты. Людзі не хочуць быць у пратэсце, ім хочацца казаць пра тое, што ім баліць. Калі ім увесь час прамаўляюць, што ім трэба думаць выключна пра іншае, то яны расчароўваюцца і адыходзяць.
Беларуская дыяспара выглядае на сёння троху немабілізаванай. За мяжой знаходзяцца тысячы людзей, аднак іх дзейнасць пакуль з’яўляецца, хутчэй, спарадычнай і заснаванай на асабістай ініцыятыве асобных людзей. Унутры дыяспары ўжо квітнеюць традыцыйныя для беларусаў расколы. Пры гэтым палітычным актывістам за мяжой быць лягчэй, чым тут.
Вяртанне давыбарных рэйтынгаў і злосць на эмігрантаў
Рэйтынг Лукашэнкі стабілізаваўся, але хіба гэта не яго дакрызісны стан? У апытанні Акадэміі навук у год выбараў рэйтынг даверу і быў акурат у раёне 33 %, а НІІСЭПД яшчэ ў 2016-ым годзе перад сваім разгромам фіксаваў 27 % падтрымання Лукашэнкі.
Непрыняцце дзеянняў улады – вось што яднае нейтралаў і актыўнае ядро пратэсту. Салідарнасць адносна расследавання гвалту, вызвалення палітзняволеных, перамоў між уладай і апазіцыяй – тут патрабаванні аднолькавыя. Большасць зараз адмаўляе прынцыпы, паводле якіх дзяржава дзейнічае, а вось далей ужо пачынаюцца адрозненні.
Для часткі нейтралаў адштурхоўвальным фактарам стала эміграцыя лідараў пратэсту. Пакуль яны з табой у краіне – гэта адна сітуацыя, але сёння прапаганда штодня кажа, што яны там “жыруюць” і пагалоўна сядзяць на грантах. Гэта дэматывуе людзей адносна падтрымкі планаў Ціханоўскай і іншых апазіцыйных структур, і гэтая эмпатычная сувязь парушаецца. Для некаторых сыграла сваю ролю і пераключэнне апазіцыі на больш празаходнюю рыторыку.
За Ціханоўскую галасавала і шмат людзей, для якіх Крым – Расія, а Пуцін – добры прэзідэнт. Так, некаторыя ў гэтым маглі расчаравацца, але тым, хто застаецца на такіх пазіцыях, усё цяжэй падтрымліваць такі празаходні вектар.
Плюс дзейнічае павестка палярызацыі. Краі палярызаваныя, гэта фіксуюць Chatham House і нават грамадская кампанія “Годна!” ў сваіх апытаннях. Там адлюстравалася нават яшчэ больш выпуклае непрыняцце краямі беларускага грамадства адзін аднаго. Таму павестка варожасці застаецца з намі.
Выйсці аднойчы і перамагчы
На ўзроўні сацыяльнай і псіхалагічнай сацыялогіі ёсць не проста расчараванне, але і адчуванне адсутнасці хуткіх і адчувальных перамог. Шмат хто быў не гатовы доўга дзяўбсці гэтыя муры і хацеў выйсці адзін раз для рашучай перамогі. Але так не бывае.
Грамадска-палітычныя праблемы ў 2020-ым упершыню выйшлі ўверх базавых патрабаванняў, але сёння менавіта тыя самыя сацыяльна-эканамічныя праблемы зноў набіраюць папулярнасць, бо іх трэба вырашаць штодня.
Адбылося і парушэнне сацыяльных сувязяў – нехта з’ехаў, кагосьці пасадзілі, хтосьці перастаў актыўнічаць. Нізавыя ініцыятывы і лідары меркаванняў, якія з’явіліся пасля палітызацыі 2020-га, зменшылі сваю дзейнасць. Зразумелая стомленасць ад патрабаванняў вызваліць палітвязняў, але рабіць нешта для іх таксама трэба рэгулярна. З такіх чалавечых пазіцый гэта надзвычай важна, і калі мы цалкам сыходзім у іншыя сферы, мы па-чалавечы здраджваем людзям.
Грамадства чакае Антылукашэнку
Хутчэй за ўсё, лідары, якія мабілізуюць нейтралаў, мусяць паўтараць патэрны кампаніі 2020-га года. Ці будзе гэта штаб Бабарыкі, “Гавары праўду” ці зусім новыя людзі, – будзе бачна.
Але пашырэнне павесткі – адзіны ключ дагрукацца да сэрцаў новых людзей і захаваць старых. Гэта перш за ўсё эканоміка, карупцыя і тэма незалежнасці, якая цяпер актуалізавалася, менавіта незалежнасці як гаранта спакою. Лукашэнка прадаваў стабільнасць і мір над галавой шмат год запар, і калі з росквітам і эканомікай даўно было скончана, то зараз ён можа згубіць і апошнюю апору. Прычым ён забірае яе сам у сябе.
Таму сапраўды папулярным можа стаць чалавек, які па характарыстыках будзе адваротны Лукашэнку, – тэхнакрат, адукаваны, выхаваны. У такога лідара ёсць перспектывы.
Мова варожасці ад лідараў з абодвух бакоў
Ёсць некалькі момантаў, якія істотна змяніліся за апошнія гады.
Вярнулася тэма каштоўнасцяў. Нават сацыяльна-эканамічныя патрабаванні змяніліся – гэта ўжо больш не “шкварка-іншамарка”. Гэта пра няроўнасць, пра хамскае стаўленне да людзей. Гэта разглядаецца праз прызму каштоўнасцяў і якасна змяняе палітыку.
Калі казаць пра лідара, то 2020-ты прадэманстраваў, што людзі выберуць сабе яго/яе самі. Варта шукаць лідараў, а не аднаго лідара, бо палітыка мае быць жывой з рознымі асобамі і і поглядамі.
Пакуль што ад абодвух бакоў ёсць шмат мовы варожасці і прапаганды, шмат эмоцыяў. Трэба гэта змяншаць. Чым замяніць? Ідэямі, праграмай, заснаванай на каштоўнасцях.
Палітыка як звычка
Варта данесці да беларусаў, што палітыка вымагае зменаў у культуры паводзінаў. Гэта не раз на пяць год схадзіць абраць прэзідэнта, гэта вымагае рэгулярнай актыўнасці, цікаўнасці і ўдзелу. Таму што палітыка – гэта пра перапоўненыя класы ў школах, пра чэргі ў паліклініках, яміны на дарогах або зламаны аўтобус.
2020-ты год паказаў, што нельга больш быць актывістам, які хоча толькі экалагічных пераменаў, але раўнадушна ставіцца да тэмы палітычных зменаў. Табе або “больш за ўсіх трэба”, або ніяк.
Даведка:
- Таццяна Чуліцкая – палітолаг
- Арцём Шрайбман – палітычны аглядальнік, заснавальнік агенцтва Sense Analytics
- Андрэй Дзмітрыеў – палітык, кандыдат у прэзідэнты Беларусі 2020-га года
- Вольга Харламава – палітолаг
Фота: Аляксандра Мурашка