падтрымаць нас

Артыкулы

“Вобразы Еўропы”: як бачаць ЕЗ прадэмакратычныя беларусы

“Вобразы Еўропы”: як бачаць ЕЗ прадэмакратычныя беларусы

Свежае даследаванне ЦНІ ды ініцыятывы “Ёсць пытанне” паказвае, што для прадэмакратычных беларусаў галоўным арыенцірам была і застаецца Еўропа. Чаму так адбываецца і якія менавіта краіны разглядаюцца ў якасці ўзору для Беларусі – разбіраемся з Генадзем Коршунавым.

У жніўні ЦНІ сумесна з ініцыятывай “Ёсць пытанне” правялі чарговае сацыялагічнае даследаванне сярод прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства (колькасць апытаных – 516 чалавек). Гэтым разам даследаванне было прысвечанае вывучэнню таго, як аўдыторыя ўспрымае нашага заходняга суседа – Еўрапейскі Звяз.

Мы атрымалі як прадказальныя, так і даволі нечаканыя вынікі.

Пачнем з геапалітычных арыентацыяў. Тут без сюрпрызаў – большасць прадэмакратычных беларусаў у якасці знешнепалітычнага арыенціра абіраюць Еўропу. Адсотак такога выбару сярод дыяспары вышэйшы за адсотак гэткага ж выбару сярод беларусаў у Беларусі:71% супраць 61%. Затое сярод рэспандэнтаў у краіне – большая доля тых, хто ўпэўнены, што Беларусі “ні на каго арыентавацца не трэба, трэба праводзіць самастойную палітыку”: 28% супраць 19% сярод прадстаўнікоў дыяспары.

Табліца з вонкавымі межамі
Як Вы лічыце, якім павінен быць асноўны напрамак Беларусі ў знешняй палітыцы?TotalBLRabroad
Арыентацыя на Еўразвяз67,560,771,2
Ні на каго арыентавацца не трэба, трэба праводзіць самастойную палітыку21,928,118,5
Арыентацыя на ЗША1,20,61,5
Арыентацыя на Расею0,82,20,0
Арыентацыя на Кітай0,40,00,6
Цяжка адказаць8,23,08,2

Лічбы крыху змяняюцца, калі рэспандэнтам прапаноўваць жорсткі дыхатамічны выбар: альбо Еўропа, альбо Расея. У такім выпадку доля выбару Еўропы вырастае: 87% сярод рэспандэнтаў у Беларусі і 96% сярод прадстаўнікоў дыяспары.

Галоўнай матывацыяй еўрапейскага выбару з’яўляецца разуменне таго, што Еўропа – гэта магчымасці для развіцця Беларусі (86%). На другім месцы – каштоўнасны выбар, бо еўрапейскія каштоўнасці лепшыя за “рускі мір” (79%). Трэцяе месца – “гістарычны падмурак”, упэўненасць у тым, што Беларусь гістарычна бліжэйшая да Еўропы, а не да Расеі (58%).

Пры агульным пазітыўным стаўленні да Еўразвяза ўспрыманне канкрэтных еўрапейскіх краінаў  як узору для развіцця Беларусі мае свае асаблівасці. У гэтым спісе цяпер на першым месцы знаходзіцца Польшча (63%), на другім месцы – Фінляндыя (40%), на трэцім – Швейцарыя (29%). Далей шчыльнай групай ідуць Літва, Нямеччына і Чэхія, якіх у якасці ўзору абралі крыху болей за 20%.

Цікава, што цягам апошніх 25 гадоў іерархія патэнцыйных краін-узораў змянілася. У 1999 годзе НІСЭПД задаваў беларусам амаль такое ж пытанне: “Вы хацелі б, каб жыццё ў Беларусі было падобнае да жыцця ў…”. Тады на першым месцы апынулася Нямеччына, потым ішлі ЗША і толькі за імі – Польшча. 

Сёння ж Нямеччына захоўвае сваю прывабнасць толькі для пэўных груп беларусаў Калі сярод прадстаўнікоў дыяспары Нямеччына займае 6-ае месца, то сярод беларусаў у Беларусі – 4-ае.

Узор для развіцця – гэта пытанне на перспектыву. На дадзены момант, як лічаць апытаныя, краіны Еўразвяза нязначна ўплываюць на сітуацыю ў Беларусі (6,2%). Найбольшы ўплыў, на меркаванне апытаных, мае РФ (98%); на другім месцы – Кітай (40%).

Між тым Еўразвяз усё ж можа ўздзейнічаць на сітуацыю ў Беларусі. Так, у прыватнасці, ЕЗ можа падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць – гэты варыянт адзначылі 71%. ЕЗ можа прыкладаць максімум намаганняў для вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі (64%) і ўзмацняць эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі (62%).

Калі казаць аб падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці краінамі Еўрапейскага Звяза, то, на думку рэспандэнтаў, у першую чаргу трэба падтрымліваць:

  • праваабарончыя арганізацыі – 71%;
  • незалежныя медыі – 70%;
  • адукацыйныя ініцыятывы – 60%;
  • праекты псіхалагічнай падтрымкі і адаптацыі для ўцекачоў і мігрантаў – 52%;
  • палітычныя праекты і ініцыятывы – 50%.

Пры гэтым сапраўды Еўразвяз падтрымлівае беларусаў. Але пра гэта мы ведаем няшмат. Сярод апытаных толькі 4% адзначылі свой узровень інфармаванасці аб дапамозе краін ЕЗ як высокі, яшчэ 23% – як хутчэй высокі. 

Між тым такая інфармацыя падаецца людзям цікавай – 84% рэспандэнтаў заўважылі, што хацелі б ведаць пра дапамогу ад Еўразвяза болей.

Фота вокладкі: Еўрарадыё