падтрымаць нас

Артыкулы

Беларусы сталі агрэсарамі? Новы вобраз Беларусі за мяжой

Беларусы сталі агрэсарамі? Новы вобраз Беларусі за мяжой

Падтрымка Аляксандрам Лукашэнкам расійскай агрэсіі супраць Украіны адаб’ецца на іміджы беларусаў. Замест талерантных і мірных беларусаў мы станем нацыяй-агрэсарам. Што з гэтым рабіць?

Лукашэнка – гэта не ўсе беларусы  

Удзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны ўжо відавочны: расійскія войскі на беларускім баку на мяжы з Украінай, атакі з беларускага боку, паказанні палонных расійскіх вайскоўцаў аб перасячэнні мяжы з боку Беларусі. Наколькі моцна будзе ўцягнутая Беларусь – яшчэ невядома, але зразумелы факт таго, што гвалтоўнае ўцягванне Лукашэнкам беларусаў у вайну стане кляймом на нашым народзе.

Пры гэтым 58 % беларусаў, паводле звестак апошняй хвалі апытання Chatham House, супраць таго, каб Беларусь накіроўвала свае войскі ва Украіну.

Ужо цяпер 24 % прыхільнікаў пратэсту бачаць адным з наступстваў вайны магчымасць таго, што ўкраінцы пачнуць ставіцца да ўсіх беларусаў як да ворагаў. Такое адчуванне можа спраўдзіцца, бо з цягам часу абвінавачванні ў бок Лукашэнкі сальюцца з перакладаннем адказнасці на беларусаў як нацыі.

Такі эфект не абавязкова будзе хуткім, але па аналогіі з успрыняццем агрэсіі Пуціна як агрэсіі з боку Расіі можа стаць доўгатэрміновым. Беларусы як нацыя будуць сутыкацца не толькі з негатыўным стаўленнем з боку ўкраінцаў, але і з агульным пагаршэннем іміджу Беларусі за мяжой як краіны-агрэсара.

Новы вобраз беларусаў як агрэсараў будзе мець і эканамічныя, і палітычныя наступствы. Украінскія банкі ўжо паведамілі пра тое, што грамадзяне Беларусі часова згубяць магчымасць карыстацца банкаўскімі карткамі і паслугамі анлайн-плацяжой з рахункаў ва ўкраінскіх банках. Такое рашэнне прыняў Нацбанк Украіны, і беларусы ва Украіне ўжо не могуць зняць грошы ці аплаціць паслугі анлайн. 

Яшчэ больш сур’ёзным наступствам можа стаць тое, што беларускім мужчынам да 60 гадоў таксама можа пагражаць татальная забарона выезду з Беларусі праз магчымую вайсковую мабілізацыю для ўдзелу ў ваенных дзеяннях ва Украіне. 

Суперажыванне беларусам у замежных СМІ, хваля якога цягнулася з пачатку палітычнага крызісу, будзе паступова адыходзіць на задні план, відавочна, з-за таго, што медыйны фокус будзе змяшчацца на Украіну. Але таксама і праз тое, што мяжа паміж беларусамі і Лукашэнкам будзе сцірацца.

Гэтаму будзе спрыяць і інфармацыйная прысутнасць Беларусі ў замежных выданнях выключна праз выказванні Лукашэнкі, ваенныя дзеянні Беларусі супраць Украіны.

Замежныя выданні, асвятляючы вайну ва Украіне, ужо выкарыстоўваюць загалоўкі аб тым, што Беларусь (не Лукашэнка) дапамагае агрэсіі Пуціна супраць Украіны. Меркаванне Ціханоўскай як прадстаўніцы беларускага дэмакратычнага руху, якая запэўнівае ў тым, што беларусы не падтрымліваюць агрэсію, застаецца нашмат менш заўважным.

Што могуць зрабіць беларусы?

З аднога боку, абвінавачваць замежныя СМІ ў такім спрашчэнні і абагульненні не варта, улічваючы падобнае асвятленне навінаў у іншых рэгіёнах. З іншага боку, варта звяртаць увагу замежных журналістаў на неабходнасць камунікацыйнага аддзялення беларусаў ад Лукашэнкі.

Хоць Ціханоўская і ўзяла на сябе адказнасць за абарону незалежнасці і нацыянальных інтарэсаў Беларусі, магчымасць рэальнага ўплыву Ціханоўскай абмежаваная. Важна, каб дэмакратычныя сілы рабілі міжнародныя заявы аб тым, што беларусы не падтрымліваюць рашэнне Лукашэнкі дапамагаць Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. Варта, каб дэмакратычныя сілы працягвалі сустрэчы з міжнароднымі палітыкамі не толькі па тэмах вобразу беларусаў, але і па гарантаванні бяспекі для грамадзян Беларусі, якія сталі ахвярамі вайны ва Украіне.  

Дыяспарам і дэмакратычным сілам, а таксама экспертнай супольнасці варта рэгулярна камунікаваць з замежнымі журналістамі праз ужо існую сетку кантактаў, падкрэсліваючы, што беларусы не хочуць быць інструментам агрэсіі.  Таксама трэба звяртаць увагу на размежаванне Беларусі і беларускага рэжыму.

Удзел у антываенных акцыях у Беларусі – небяспечны. Выказаць пратэст беларусы могуць пераважна ў сацсетках. Аднак варта самім не распаўсюджваць наратыву аб тым, што беларусы вінаватыя ў дзеяннях уладаў краіны. Гэта яшчэ больш укарэніць вобраз беларусаў як варожай нацыі. Лепшымі будуць словы падтрымкі і ахвяраванні на карысць дзейных ініцыятываў.

Фота: Belsat