На першай анлайн-дыскусіі ўкраінская экспертка Арыся Луцэвіч распавяла пра ўстойлівасць і будучыню новай беларускай грамадзянскай нацыі, а таксама тое, як лічбавыя інструменты могуць дапамагчы ў яе фармаванні. Вось асноўныя тэмы і думкі, якія абмяркоўваліся на мерапрыемстве.
Устойлівасць як лекі ад хаосу
Увесь свет жыве ў цяжкі, вельмі нестабільны і непрадказальны час. Таму асаблівае значэнне набывае якасць устойлівасці – як для асобнага чалавека, так і для арганізацый ды нават краін. Менавіта ўстойлівасць (англ. resilience) – тая якасць, якая дапамагае падрыхтавацца да крызісных сітуацый, а потым спрыяе аднаўленню. Дзякуючы ёй грамадства (сістэма) можна адаптавацца і пераходзіць на новы якасны ўзровень. Пры гэтым заўсёды важнымі з’яўляюцца вера ў дасягненне мэты і надзея, што ад тваіх дзеянняў залежыць твой лёс.
У нашым выпадку многія кажуць пра ўстойлівасць сістэмы кіравання, а таксама аказання адміністрацыйных паслуг. Але як дамагчыся ўстойлівых структураў?
Пяць атрыбутаў устойлівай сістэмы кіравання:
1) разуменне слабых бакоў;
2) інтэграваны падыход – як розныя часткі сістэмы могуць паміж сабой узаемадзейнічаць ва ўмовах крызісу;
3) разнастайнасць і плюралізм меркаванняў і галасоў. Ці бачым мы тую частку грамадства, якая не прадстаўленая?
4) самарэгуляцыя і дэцэнтралізацыя. Цэнтралізаваныя сістэмы больш далікатныя, бо не ўмеюць вытрымліваць ціск падчас крызісу;
5) магчымасць адаптацыі. Больш гнуткія сістэмы ўмеюць адаптавацца.
Калектыўная эмансіпацыя беларусаў
Крызіс – час, калі адкрываецца акно магчымасцяў для новых рашэнняў, падыходаў ды ідэй, як паміж грамадзянамі, так і паміж імі і дзяржавай.
Пры гэтым у Беларусі цяпер адбываюцца вельмі важныя змены. Гэта заўважна ў тым ліку і па Сусветным даследаванні каштоўнасцяў (англ. World Values Survey, WVS). Яно фіксуе змены ў беларускім грамадстве, якія неабходныя для пабудовы ўстойлівай дзяржавы, – гэта вера ў свае магчымасці, вера ў тое, што ад цябе залежыць, якой будзе твая краіна, а не толькі ад дзеянняў урада, Расіі ці Еўрасаюза.
У пэўным сэнсе ў Беларусі цяпер адбываюцца працэсы глабальнай эмансіпацыі.
Ва Украіне так было, калі здарылася сітуацыя з Крымам, а таксама ваенная аперацыя на Данбасе. Але тады ўкраінцы прадэманстравалі ўстойлівасць і зразумелі, што сіла – у салідарнасці, падтрымцы, а ініцыятыва неабходная заўсёды, асабліва на ўзроўні лакальнай супольнасці.
Большасць інавацый узнікала ў прыватным сектары, а цяпер яны нават сталі часткай дзяржаўнай палітыкі. Да прыкладу, барацьба з дэзынфармацыяй: у 2014-ым годзе гэта была грамадзянская ініцыятыва – праекты накшталт “Стоп-фэйку” ды іншыя, якія актыўна выкрывалі расійскую прапаганду. А цяпер у Кіеве ўжо ствараюць дзяржаўны цэнтр па барацьбе з дэзынфармацыяй у супрацы з экспертамі ўзніклых раней ініцыятыў і арганізацый.
Тры ўразлівыя абшары для беларускага грамадства:
1. медыі, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю;
2. роля Рускай праваслаўнай царквы, яе выкарыстанне для прасоўвання расійскага ўплыву;
3. пытанні ідэнтычнасці, якія падзяляюць беларусаў.
Вырашаць гэтыя пытанні цяпер мусіць дэмакратычная апазіцыя і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Чаму ідэнтычнасць важная для ўстойлівасці?
Ідэнтычнасць цяжка класіфікаваць. Калі казаць вельмі проста, то гэта тыя гісторыі, якія мы расказваем пра саміх сябе. У выпадку Украіны мы можам казаць пра казакоў, Кіеўскую Русь, УПА ці пра нешта іншае. Гэта мікс уяўленняў пра мінулае і адначасова пра будучыню.
Канешне, любая дзяржава спрабуе праводзіць сваю палітыку ў гэтай сферы. Пры гэтым важнымі для тоеснасці могуць быць нават такія вузкія пытанні, як магчымасць атрымання грамадзянства замежнікамі або адкрытасць краіны свету. Падобныя пытанні вельмі важныя ў заходніх грамадствах.
Цяпер у Беларусі суіснуюць дзве культуры:
З аднаго боку – неасавецкая настальгія, дзе Расія – цэнтр усяго і дзе дамінуюць наратывы «русского мира». Другая – этнанацыянальная, еўрапейская ідэнтычнасць, у якой тая ж мова ёсць маркерам: беларус ты ці не. На жаль, як і ва Украіне, моўнае пытанне выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах, дзе ўкраінская мова таксама была маркерам апазіцыі.
Ідэнтычнасць важная і для сацыяльнай згуртаванасці грамадства. Ва Украіне гэта заўважна, калі ідэнтычнасць уключае ў сябе больш каштоўнасныя паняцці, да прыкладу, гонар быць грамадзянінам Украіны незалежна ад выкарыстанай табой мовы. Да вайны з Расіяй людзі часцей ідэнтыфікавалі сябе з рэгіёнам пражывання, цяпер жа ва Украіне кажуць: “Я ўкраінец”. А ўжо ў другую чаргу падкрэсліваюць: “Я адэсіт”.
Пачуццё аб’яднання, патрыятызм, падтрымка барацьбы за незалежнасць – усё гэта мабілізуе грамадства. Пры гэтым такая ідэнтычнасць больш інклюзіўная, бо ўключае нават рускамоўных украінцаў, калі яны падзяляюць агульныя з іншымі грамадзянамі каштоўнасці. Але ж Расія любіць сутыкаць розныя ідэнтычнасці, і гэта неабходна ўлічваць.
Лічбавыя тэхналогіі на службе дэмакратыі
Цяпер адбываецца мадэрнізацыя грамадства, пры якой грамадзяне хочуць, каб іх галасы былі пачутыя не толькі падчас выбараў, але і ў перыяд паміж імі. Мы ўжо бачым, як у такіх краінах, як Грузія, Малдова, Украіна, дзе ўлады больш адкрытыя да супрацы з грамадзянамі, выкарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі і можна лёгка атрымаць новы пашпарт, правы ці зарэгістраваць нейкія дакументы анлайн. А тая ж Эстонія далёка прасунулася ў электронным кіраванні і адміністраванні.
Яшчэ адным прыкладам з’яўляюцца бюджэты ўдзелу або партысіпатыўнае фінансаванне. Так, ва Украіне пасля працэсаў дэцэнтралізацыі дзесьці каля 1% рэгіянальных бюджэтаў можна размеркаваць па рашэнні саміх грамадзян.
Варта заўважыць, што ва ўсім свеце партыі перажываюць крызіс, і калі ў Беларусі прыдумаюць цікавыя лічбавыя пляцоўкі ўдзелу грамадзян, то гэта прыцягне ўвагу ўсяго свету.
Салідарнасць не для ўсіх: як прымірыцца з былымі чыноўнікамі ды сілавікамі?
Пытанне прымірэння ва Украіне да гэтага часу стаіць востра ды ідзе фармаванне юрыдычнай платформы пераходнага правасуддзя (англ. Transtitional justice). Пры гэтым датычныя да сур’ёзных парушэнняў мусяць быць пакараныя, бо без пакарання зло заўсёды адраджаецца.
Аснова ўстойлівага грамадства – гэта давер і ён фармуецца ў сумесных дзеяннях, таму неабходна развіваць нізавыя ініцыятывы. Вера ў тое, што твае дзеянні ўплываюць на развіццё краіны, што канкурэнцыя і прыватная ўласнасць – гэта добра, мяняе нашыя грамадствы. Людзі разумеюць, што адкрытае грамадства – гэта не пустыя словы, а магчымасць эканамічнага росту, магчымасць падарожнічаць і спазнаваць цэлы свет.
Але важна рабіць змены ў дыялогу з грамадствам. Ва Украіне быў важны працэс дэсаветызацыі. Пры гэтым на ўсходзе краіны да гэтага ставіліся больш хваравіта. Таму, магчыма, гэта варта было вырашаць на ўзроўні мясцовых уладаў больш акуратна. Людзі павінны былі самастойна асэнсаваць савецкае мінулае і савецкую траўму, а ў выніку рашэнні часта спускаліся зверху ўніз.
Вывучэнне ўласнай гісторыі неабходна нам для разумення свайго месца тут і цяпер. Пры гэтым Расія хоча выбіць у нас гісторыі поспеху і даказаць, што без яе ў нас нічога не атрымаецца. Разам з тым гісторыя важная як крыніца натхнення і вывучэння памылак мінулага. Не варта забывацца і аб ролі роднай мовы, бо яе значэнне ў фармаванні ідэнтычнасці вельмі важнае.
Дадатковая літаратура па тэме:
2. Resilient Ukraine. Safeguarding Society from Russian Aggression
3. Goldilocks Had It Right: How to Build Resilient Societies in the 21st Century
Гутарку з эксперткай вяла Леся Руднік
Фота: Павел Крычко