падтрымаць нас

Палітыка

Прысуд для эканомікі: Беларусь не можа развівацца без незалежных судоў

Прысуд для эканомікі: Беларусь не можа развівацца без незалежных судоў
Правы беларусаў і іх эканамічныя памкненні мае ахоўваць не міліцыя на маршах, а сумленныя суды. Без іх стаць багатай краінай не атрымаецца.

У жніўні беларускія кампаніі атрымалі магчымасць падаваць эканамічныя позвы праз інтэрнэт. Мадэрнізацыю судовай сістэмы, верагодна, будзе сімвалізаваць і новы палац Вярхоўнага суда, кошт якога можа быць вышэй за два мільёны долараў. Але ж паляпшэнне фасадаў, рэальных і электронных, не павялічыць важнасці беларускіх судоў: сёння яны амаль цалкам падкантрольныя прэзідэнту і ўраду.

І гэта дорага каштуе: эканоміка губляе не меней за 1,3 % свайго магчымага росту. У мінулым годзе, напрыклад, былі страчаныя практычна $ 620 мільёнаў, а гэта амаль $ 5 тысяч на кожнага беларуса.

Гэтая сума прыкладна ў паўтара раза болей, чым усе запланаваныя выдаткі бюджэту на адукацыю.

Незалежныя суды дазваляюць пазбегнуць такіх правалаў, бо яны аберагаюць уласнасць і інвестыцыі ад нахабных чыноўнікаў і канкурэнтаў. А таксама не дазваляюць лідарам «збіраць даніну» з прадпрымальнікаў штораз, калі трэба падняць заробкі.

Вядома, падобныя гарантыі бываюць і ў «асвечаных» дыктатурах, накшталт Сінгапура ці Тайваня. Аднак нашумелыя арышты вядомых бізнесоўцаў Пракапені і Кныровіча наўрад ці характарызуюць беларускі рэжым як заступніка прадпрымальнікаў. Каб залатаць дзіркі ў бюджэце, улады гатовыя ахвяраваць тымі, хто стварае ў Беларусі новыя тэхналогіі і нармальныя ўмовы для бізнесу. Дэмакратызацыя выправіць сітуацыю, але толькі моцныя суды абароняць ініцыятыву і эканамічнае развіццё.

Чаму добрыя суды «робяць грошы»

Сёння беларуская Феміда настолькі бяспраўная ў адносінах да прэзідэнта і ўрада, што саступае ў гэтым дачыненні нават многім афрыканскім краінам. І тым больш Беларусь выглядае аўтсайдарам на фоне ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

 

Іронія ў тым, што жорсткая выканаўчая ўлада не дае больш парадку. Напрыклад, Беларусь вельмі карумпаваная: летась ёй дасталася 76-я пазіцыя ў самым вядомым рэйтынгу ўспрымання карупцыі Transparency International. А вось Польшча, Літва і Чэхія занялі 29-е, 38-е і 47-е месцы адпаведна.

У цэлым жа падкантрольнае прэзідэнту правасуддзе можа тармазіць рост беларускай эканомікі прынамсі з-за трох перашкод.

Па-першае, дзяржава можа проста прысвоіць сабе кожны бізнес ці «спытаць» з яго дадатковыя падаткі.

Напрыклад, для падтрымкі сацыяльнай сферы, чарговай дырэктывы ці новага рыўка да «па пяцьсот». Так, арышт Пракапені звязвалі з цяжкай сітуацыяй у эканоміцы і неабходнасцю хутка атрымаць грошы ад паспяховага прадпрымальніка. А вось затрыманне Кныровіча адбылося на фоне яго выказванняў, што дзяржкампаніі са сферы ЖКГ павінны яму больш за мільён долараў. У выніку ж вінаватым аказаўся сам бізнесовец, а КДБ таксама прыпісаў яму віну за рост тарыфаў на камуналку.

 

 

Па-другое, непразрыстасць законаў могуць змушаць бізнес «інвеставаць» у хабары ды знаёмствы з патрэбнымі людзьмі.

Часам такі дзяржаўны «дах» можа каштаваць больш за афіцыйныя падаткі. Не спрыяе такая прававая непрадказальнасць і знешнім інвестыцыям: сур’ёзны, асабліва заходні, інвестар жадае гуляць паводле ясных міжнародных стандартаў.

Паказальным тут выглядае інтэрв’ю Юрыя Мельнічка, сузаснавальніка мінскай AIMatter, якую нядаўна набыў Google. Паводле Мельнічка, Google «ў некаторай ступені рызыкнуў пазнаёміцца з беларускім правам і купіць беларускую кампанію».  У краінах з незалежнымі суддзямі, якія ведаюць міжнароднае права, такія рызыкі былі б мінімальнымі.

Па-трэцяе, калі судамі маніпулююць зніжаецца канкурэнцыя.

Як вынік, растуць цэны і адстаюць тэхналогіі, бо кампаніі-манапалісты выціскаюць супернікаў праз сумнеўныя прысуды. Свежы прыклад ад суседзяў перамога «Раснафты» над карпарацыяй «Сістэма».

Апошняя спрабавала зрабіць празрыстай адну са сваіх кампаній-дачок і вывесці яе на Лонданскую біржу. Гэта закранула інтарэсы Ігара Сечына, кіраўніка «Раснафты» і сябра Пуціна. І сёння «Сістэма» ўжо мусіць выплаціць больш за $ 2 мільярды «Раснафце» і фактычна спыніць сваё існаванне. Судовы працэс праходзіў з парушэннямі, а некаторыя позвы «Сістэмы» нават не разглядаліся. А між тым гэты холдынг таксама валодае МТС, якой ужо прагназуюць фінансавыя праблемы.

Спачатку дэмакратыя і рынак

Калі незалежныя суды такія важныя, то як яны з’яўляюцца? Фармальнымі законамі і ўрачыстымі дэкларацыямі тут не абысціся. Недатыкальнасць судоў на паперы рэдка супадае з іх рэальнымі паўнамоцтвамі. Гэта ж тычыцца і правоў уласнасці. Напрыклад, чэшская Канстытуцыя наогул іх не згадвае, але на справе яны абараняюцца на высокім узроўні як для краіны з былога сацлагера.

Для ўзмацнення судоў перадусім мусяць узнікнуць раўназначныя палітычныя і эканамічныя сілы.

Яны будуць зацікаўленыя ў незалежных арбітрах для сваіх спрэчак і будуць падтрымліваць Феміду.

Таму беларускія палітыкі мусяць атрымаць магчымасць удзельнічаць у свабодных выбарах і ствараць буйныя партыі, а бізнесоўцы – законна лабіяваць свае інтарэсы праз парламент. Без гэтых фундаментальных інстытутаў не з’явяцца і моцныя суды.