Калі пандэмія ахапіла амаль увесь свет, кананічным стала параўнанне Італіі (кепскага прыкладу) з Паўднёвай Карэяй ці Сінгапурам (прыкладамі эфектыўнай барацьбы з вірусам). Гэта стварае не толькі памылковае ўражанне пра існаванне нейкіх “азіяцкага” і “заходняга” шляхоў, але і скажае саму праблему. Такія драматычныя адрозненні ў распаўсюдзе каранавіруса адбываюцца ў межах амаль кожнай краіны, у суседніх рэгіёнах. Часта каранавірус, выяўлены ў адзін час у розных месцах краіны, пачынае пашырацца адтуль паводле зусім розных сцэнароў.
1. Галоўная барацьба разгортваецца на ўзроўні гарадоў ці рэгіёнаў
Ачагі распаўсюду віруса ўзнікаюць лакальна: гэта можа быць спартовая падзея, масавы сход альбо заражэнне ўнутры буйнога працоўнага калектыву. У такой сітуацыі ад хуткасці і рашучасці мясцовых уладаў можа залежыць больш, чым ад дзейнасці нацыянальнага ўрада.
У суседніх рэгіёнах Італіі – Ламбардыі і Венета – доля захварэлых сярод насельніцтва адрозніваецца ў два разы. Падобнае можна назіраць і ў Брытаніі: смяротнасць ад каранавіруса ў рэгіёнах Англіі ў два разы большая, чымся ў Шатландыі.
Але цікавей паглядзець на ЗША, якія цяпер сталі эпіцэнтрам каранавіруса. У Нью-Ёрку сёння ў 12 (!) разоў больш выяўленых выпадкаў (у разліку на 1000 чалавек) за Сан-Францыска. А гэта два гарады з найбольшай шчыльнасцю насельніцтва ў ЗША.
2. Структура эканомікі вызначае глыбіню каранціну
Хоць Нью-Ёрк і Сан-Францыска выглядаюць эканамічнымі гарадамі-зоркамі, іх структура рынку працы даволі моцна адрозніваецца.
У Сан-Францыска доля занятых у ІТ у тры разы большая, чымся ў Нью-Ёрку. Там на палову большая частка людзей, занятых у менеджменце, фінансах і бізнес-кансалтынгу. Такіх працаўнікоў прасцей перавесці на аддаленую працу. Гэтаксама Сан-Францыска даўно знаходзіцца сярод лідараў па дыстанцыйнай адукацыі.
У Нью-Ёрку ж амаль у два разы большае беспрацоўе і ўзровень беднасці, менш гараджанаў з вышэйшай адукацыяй (толькі 37,4 % супраць 57,1 % у Сан-Францыска) і адпаведна куды больш папулярны грамадскі транспарт. І нават большая колькасць лекараў на душу насельніцтва не дапамагае.
3. Неабходная рашучасць мясцовых уладаў
Мэр Сан-Францыска – Лондан Брыд – абвесціла надзвычайны стан яшчэ ў канцы лютага, калі ў горадзе не быў выяўлены аніводны выпадак каранавіруса. Хутка былі забароненыя зборы больш як 1 тыс. чалавек, у тым ліку на матчах НБА. Калі ў горадзе выявілі 18 захварэлых – мэр зачыніла ўсе школы. У Нью-Ёрку гэта зрабілі толькі пасля 329 выпадкаў каранавіруса. Пасля выяўлення 50 інфікаваных былі зачыненыя ўсе фірмы і прадпрыемствы, у Нью-Ёрку на гэта адважыліся толькі пасля 2 тыс. захварэлых.
Смелыя дзеянні мясцовых уладаў здольныя прытармазіць крывую захворванняў, нават калі нацыянальны ўрад дзейнічае спрэчна і не можа давесці зразумелую мадэль паводзінаў для сваіх грамадзян. Запаволеная рэакцыя, спозненая нават на некалькі дзён, прыводзіць да лавінападобнага росту колькасці інфікаваных.
Беларускі Нью-Ёрк знаходзіцца ў Віцебску. Ці з’явіцца ў нас Сан-Францыска, будзе залежыць ад жадання ўладаў глядзець на свет інакш, чым яны глядзелі дагэтуль.
Больш пра рэгіёны чытайце ў Telegram-канале RADNIANKOU.