падтрымаць нас

Падзеі

25 гадоў без CCCР, ці навошта Беларусі структурныя рэформы

25 гадоў без CCCР, ці навошта Беларусі структурныя рэформы
Сустрэча з галоўным прадстаўніком міжнароднага валютнага фонду па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Джэймсам Роўфам.

Справаздача з мерапрыемства тут.

Aнлайн-часопіс “Ідэя” арганізуе першае ў Беларусі публічнае мерапрыемства з удзелам Міжнароднага валютнага фонду. Спікер – старшы пастаянны прадстаўнік МВФ па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Джэймс Роўф, які выступіць са справаздачай “25 гадоў пераходу да рынку: посткамуністычная Еўропа і МВФ”.

Лекцыя адбудзецца ў чацвер, 23 красавіка а 19:00 гадзіне ў бізнес-клубе “Imaguru”.

Джэймс Роўф завітае ў Мінск з Варшавы, дзе ён працуе ў рэгіянальным офісе МВФ, які займаецца эканамічнымі даследаваннямі і аналітыкай па краінах цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, уключна і з Беларуссю.

Спадар Роўф прэзентуе справаздачу МВФ “25 гадоў пераходу да рынку: посткамуністычная Еўропа і МВФ”. У прыватнасці, ён спыніцца на гісторыі эканамічнага развіцця краінаў былога сацыялістычнага лагера ў 90-ыя гады і распавядзе пра тыя праблемы, з якімі яны сутыкаюцца цяпер. Чаму адны краіны дабіліся вялікіх поспехаў, а іншыя – не? Якія праблемы ёсць сёння ў эканоміцы Беларусі і як навучыцца іх вырашаць на прыкладах суседзяў? Ці ёсць у Беларусі перспектывы на еўрапейскім рынку? Як “сацыяльнасць” дзяржавы можа дрэнна ўплываць на эканамічны рост? Чаму Беларусь – апошняя посткамуністычная краіна, якая не скончыла прыватызацыю, і ці гэта так дрэнна? Як МВФ дапамагае Беларусі? Аб гэтым спадар Роўф неўзабаве распавядзе на сустрэчы.

Узяць удзел у спатканні запрашаюцца беларускія аналітыкі, даследчыкі, выкладчыкі, прадстаўнікі экспертных колаў, ураду, медыяў, а таксама зацікаўленая грамадскасць.

Мерапрыемства ў ФБ

Мерапрыемства ў ВК

На гэтым тыдні адбудуцца дзве не менш цікавыя сустрэчы з дырэктарамі Антлант-М (у аўторак, 14 красавіка) і EPAM Systems (у суботу, 18 красавіка).

Пра спікера:

Джэймс Роўф (James Roaf) – старшы пастаянны прадстаўнік МВФ па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (Senior Regional Resident Representative at IMF Regional Office for Central and Eastern Europe). Працуе ў МВФ 17 гадоў, у мінулым займаў пасаду старшыні аднаго з аддзелаў дэпартамента стратэгіі, палітыкі і перагляду МВФ (Division Chief at Strategy, Policy, and Review Department), яшчэ раней быў прадстаўніком МВФ у Балгарыі. У асноўным займаецца эканамічнымі даследаваннямі, але, паміж іншым, з’яўляецца аўтарам справаздачы “Карупцыя ў Расіі”, якую ён напісаў яшчэ ў 2000 годзе. Цяпер жыве ў Варшаве.

Пра МВФ:

МВФ – міжнародная арганізацыя, створаная ў 1945 годзе для назірання за глабальнай фінансавай сістэмай і макраэканамічнай палітыкай дзяржаў-чальцоў, стабілізацыі міжнародных абменных курсаў, стымулявання гандлю і дапамогі эканамічнаму развіццю. МВФ таксама прапануе крэдыты, перадусім для краінаў, якія перажываюць эканамічныя цяжкасці. Штаб-кватэра МВФ размешчана ў Вашынгтоне (ЗША).

Беларусь атрымлівала дапамогу МВФ у 1993, 1995, 2009 і 2010 гадах, апошні раз памерам $ 3,5 млрд. Сёлета ў сакавіку дэлегацыя МВФ наведала Беларусь для абмеркавання новай праграмы крэдытавання. Тады прадстаўнік МВФ сустрэўся з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, старшынём Нацбанка Паўлам Калаурам і іншымі чыноўнікамі.

Дзяліцеся мерапрыемствам і запрашайце сяброў. Памятайце, кожны шэр вымушае нашых эканамістаў яшчэ раз падумаць пра структурныя рэформы.

Будзем рады з вамі пабачыцца!