падтрымаць нас

Падзеі

Андрэй Маўчан: хутчэй Расія зменшыць пенсіі пенсіянерам, чым датацыі Беларусі

Андрэй Маўчан: хутчэй Расія зменшыць пенсіі пенсіянерам, чым датацыі Беларусі
Канспект і відэа-версія яскравага выступу аднаго з найлепшых эканамістаў Расіі.

Анлайн-часопіс “Ідэя” пры дапамозе Кастрычніцкага эканамічнага форума зладзіў лекцыю з Андрэем Маўчанам — кіраўніком эканамічнай праграмы Маскоўскага цэнтра Карнегі. Былы кіраўнік кампаній “Тройка Дыялог”, “Рэнесанс”, “Трэці Рым”, лаўрэат прэмій “Топ-мэнэджар года” і “Найлепшы гендырэктар года” ад РБК і Forbes распавёў пра прыроду рэнтнай эканомікі, менталітэт расійскага грамадства і яго эліт, а таксама адказаў на пытанне, ці варта Беларусі хвалявацца за свае прэферэнцыі.

Канспект лекцыі змясціць усё цікавае не здолеў, таму рэкамендуем да прагляду відэа-версію сустрэчы.

Пра ўзнікненне расійскай рэнтнай эканомікі

Пры правядзенні рынках рэформаў у 1990-ыя мы былі перакананыя, што маёмасць сама знойдзе эфектыўнага ўласніка. Нам падавалася, што мы прачынаемся ў рынкавай эканоміцы. На самой жа справе рынкавая эканоміка – гэта перадусім інстытуты, якія яе кантралююць.

Менавіта з-за адсутнасці інстытутаў рынкавыя рэформы спазналі крах ужо да 1995. Тады ў краіне ўзнік гандлёвы феадалізм, калі кошты вызначаліся рынкам, а ўлада і маёмасць – іерархічна.

Паваротным момантам былі выбары 1995-96 гадоў, калі мы разышліся з Польшчаю. Там да ўлады прыйшлі камуністы і гэта вызначыла поспех развіцця Польшчы ў будучыні. У Расіі ж упершыню былі праведзеныя маніпулятыўныя выбары і ўладу захавалі “дэмакраты”, хоць яны мелі не больш 15 % падтрымкі.

Дзякуючы прапагандзе Пуціна расійскае грамадства больш падтрымлівае дэмакратаў, чым у 1995.

Калі кажуць, што расійскае грамадства з-за прапаганды Пуціна мала падтрымлівае дэмакратаў, – гэта не праўда. Сёння ў Расіі з’явілася моцнае цэнтрысцкае крыло – каля 30 %, у 1995 было проста: 15 % справа і 85 % злева. Грамадзяне падчас выбараў аддалі перамогу гэтым 15 % і такім чынам пахавалі рэформы.

Калі рэнтная эканоміка перастала працаваць

Да 2008-га рэнтная эканоміка працавала цудоўна. Усім была прададзеная ідэя, што гэта поспех дэмакратычных пераўтварэнняў. Тое, што каго заўгодна маглі пасадзіць, а бізнес нацыяналізаваць – гэта таксама прадстаўлялі як поспех. Бо гэта дэмакратычныя пераўтварэнні суверэннага тыпу са стабільнасцю ў камплекце.

Адскок пасля крызісу 2008-га таксама быў успрыняты як сведчанне ўстойлівасці эканомікі. Злом адбыўся ў 2010-2011 гадах, унутры краіны нібыта нешта выключылі і балванчык паламаўся. Адзін з законаў рэнтнай эканомікі – неэфектыўнасць, якая нарастае. З 2011 хуткасць росту пачала скарачацца на 1,5-2 % у год. Пры гэтым мы рапартавалі, што хуткасць усё яшчэ пазітыўная. У 2013 мы мелі +0,5 % ВУП, у 2014 ужо -1 %, гэта без усялякага падзення кошту на нафту.


Сама мадэль эканомікі дае -1,5 % да росту ВУП.

З аднаго боку сёння мы маем сур’ёзны структурны крызіс, які дае негатыўны эфект на рост ВУП. Падыход уладаў да крызісу – адкладваць лячэнне на потым. З іншага боку ёсць шок ад падзення коштаў на нафту. Яго мы ўжо абсарбавалі.

Адаптаваўшыся да нафтавага крызісу, мы працягваем заставацца ў крызісе стагфляцыйным. Пры бягучай канструкцыі эканомікі мы будзем губляць 5-10 % пакупніцкай здольнасці ў год і 1,5 % росту ВУП. Пра ніякую стабілізацыю ці рэактыўны рост размовы пакуль няма.

Трэба рабіць рэформы, але хто будзе іх рабіць? Хто ўмее і здольны? Трэба клікаць Бальцаровіча. А менталітэт так разагрэты, што нікога не паклічуць. А самі не ўмеем.

Сёння 50 % ВУП робяць 5 млн чалавек, як гэта магчыма рэструктураваць?

Перспектывы беларуска-расійскіх адносін

У Расіі ёсць правіла балансу паміж эканомікай і палітыкай. Чым лепшая эканоміка, тым менш можна звяртаць увагі на палітыку і наадварот. Каб кепска было яшчэ і ў палітыцы – сёння ніхто не дапусціць.

Таму для Беларусі пытанне не ў тым: “Добра ці кепска цяпер у Расіі з эканомікай”. Слушнае пытанне: “А ці ёсць у Расіі апошні мільярд долараў у год, каб даць яго Беларусі?”.

У такім выпадку Расія хутчэй зменшыць пенсіі пенсіянерам, чым датацыі Беларусі. Пенсіянеры патрываюць, а Беларусь – не.

Пакуль грошы ёсць: 10 год таму ВУП Расіі быў $ 700 млрд, цяпер $ 1,1 трлн. Так, цяпер мы ляцім з хмарачосу, але ляцець яшчэ доўга, напрыклад, да ўзроўню В’етнама – 5 год.

Таму ў кароткатэрміновай перспектыве становішча Беларусі толькі ўзмацняецца, асабліва са стратай Украіны, актыўнай працай Кітая ў Сярэдняй Азіі. Беларусь – гэта апошні стратэгічны саюзнік, дзеля якога нічога не шкада. Лукашэнка цяпер можа казаць што заўгодна – з Крамля будуць толькі радасна ўсміхацца і казаць “так-так, абы не было вайны”. На некалькі год беларусы ў цудоўным становішчы.

Што будзе, калі кошты на нафту пачнуць расці

Нічога. У Расіі сёння праблемы з коштамі на нафту, а праз 4 гады будуць праблемы з колькасцю. Так працуе нафтаздабыча – праз 3-4 гады без тэхналогій ды інвестыцый у дарагую распрацоўку здабыча пачне падаць. Калі цяпер мы здабываем 525 млн тон, то праз 4-5 год будзе каля 300 млн тон. Гэта адпавядае сённяшняму падзенню цэнаў на нафту, толькі з іншага боку. Таму, нават калі цэны адскочаць, гэта дазволіць нам толькі захаваць выручку.

Праз 5 год танкер-акумулятар будзе перавозіць больш энергіі, чым танкер з нафтаю.

Але пытанне: ці адскочаць кошты? Акрамя нафты ёсць электрамабілі, сонечная энергія, акумулятарныя батарэі. Так, эфектыўнасць сланцавай здабычы расце экспаненцыяльна, але гэтак жа экспаненцыяльна расце ёмістасць акумулятараў.

Пра магчымы “левы” разварот Расіі

Калі кошты на нафту не адскочаць, праз 4-5 год у нас будзе кепска з рэзервамі, гэта будзе тупік. І, як у кожным тупіку, будзе выбар – паварот направа ці налева. Направа – гэта другая перабудова.

Бяда ў тым, што ў 2015, як і ў 1995, як і ў 2025 наша насельніцтва накіравана налева. А ўлева – гэта зачыніць рынкі, усё нацыяналізаваць, прыбраць долар і надрукаваць шмат грошай.

Прыклад левага павароту часта сустракаецца ў гісторыі, гэта не толькі адна Венесуэла, якая здуру павярнула, заблудзілася і памерла. Гэта адбываецца раз за разам, бо інтуітыўныя веды вельмі адрозніваюцца ад прафесійных. А прафесійныя веды ніколі не ўплываюць на інтуітыўныя.

Венесуэла гэтак жыве 12-13 гадоў. Туалетная папера ў такіх эканоміках, як мы ведаем, сканчаецца праз 5 год.

Таму праз 10 год у нас не будзе туалетнай паперы, праз 15 будзе як у Венесуэле.

Крызіс толькі паскорыў гэты рух улева. У нулявыя ідэя тых 15 % грамадзян, якія казалі, што мы еўрапейцы, якія проста жывуць на тэрыторыі Расіі, амаль пранікла ў свядомасць людзей. Цяпер яна знікла. Перакананыя еўрапейцы так і засталіся перакананымі еўрапейцамі, але іх засталося вельмі мала.

Левая прэса абвінавачвае лібералаў не толькі ў тым, што яны скралі 90-ыя, але і ў тым, што яны скралі добрае жыццё і ў цяперашні час. Маўляў, у нас жа ўсё расло, а цяпер лібералы ўсё скралі. Стандартны плакат ва Усць-Урупінску – “Абама, аддай пенсіі, Пуцін, выратуй!”.

Пра прыроду расійскіх эліт

Расійская эліта пабудаваная паводле прынцыпу татара-мангольскай, гэта эліта качэўнікаў. Іх юрты знаходзяцца дзесьці далёка, у Залатой Ардзе, там жа іх жонкі, дзеці, капіталы і будучыня. Адтуль яны выходзяць на разбой і паляванне. На каланізаваныя тэрыторыі яны глядзяць як на грашовыя патокі.

Андрэй Маўчан: хутчэй Расія зменшыць пенсіі пенсіянерам, чым датацыі Беларусі

Грашовы паток краін феадальнага ладу выціскаецца знізу. Зверху вельмі доўга не разумееш, што адбываецца, бо грошы працягваюць ісці, як трэба. Спачатку падаюць прыбыткі бюджэтнікаў, пенсіянераў, лекараў, дробнага бізнесу, сярэдняга. Чалавек, які сядзіць уверсе, думае: “Чаго гэта яны там унізе ўсе замітусіліся? Усё нармальна ж”.

Наша кіраўніцтва – майстры тактычнай гульні. Стратэгіяй займалася Палітбюро, а КДБ адказвала заўсёды за тактыку. Іх стратэгіі не вучылі, яны не ведаюць, што яна існуе.

Калі будзе выгадна, нашыя эліты перарэжуць адно аднаму глоткі або наадварот будуць адзіныя. Гэта не партыя, не ідэалогія, гэта проста інтарэсы.

Наколькі сур’ёзныя мэты Расіі ў Сірыі

Бачна, што зроблена шмат высноваў. Каманда бенефіцыяраў, якія распачалі крызіс ва Украіне, цалкам дысемінаваная. Паглядзіце, як яны навучыліся – папярэдне з усімі ўзгаднілі, чаго раней ніколі не было, з тэлефоннымі званкамі, вызначэннем часу. Раней яны заўсёды ўрываліся, сядалі і казалі: “А запрасіце нас у госці”.

Аднак уся акцыя з Сірыяй – як тэлеперадача. Гэтыя 30 самалётаў, напэўна, там нешта бамбуюць, але, у прынцыпе, іх магло б там і не быць. Выдаткі ў дзень складаюць $ 1-2,5 млн, мабыць, яшчэ $ 1,5 млн крадуць. Але гэта нязначныя лічбы для Расіі.

Андрэй Маўчан: хутчэй Расія зменшыць пенсіі пенсіянерам, чым датацыі Беларусі

Калі мы будзем бамбаваць Сірыю 50 гадоў, мы не дабяромся да выдаткаў на Алімпіяду ў Сочы. У гэтым сэнсе аперацыя ў Сірыі – цалкам іміджавыя дзеянні, зробленыя своечасова, правільныя для рэйтынгу. Гэта чарговы сезон серыяла  Homeland.

Наколькі сур’ёзны расійска-кітайскія эканамічныя стасункі

Калі казаць прама, Кітай у эканоміцы Расіі з’яўляецца нічым. І нічым будзе з’яўляцца заўсёды, бо, па-першае, адзінае, што можа прапанаваць Расія Кітаю, – нафта і газ. Нават металы яму асабліва непатрэбныя – суперцыкл металаў скончыўся, цяпер іх на рынку шмат.

Але нафта і газ – складаныя рэсурсы, для паставак якіх трэба шмат труб. Настолькі шмат, што яно таго не вартае, на вялікі рахунак. І тут банальная сітуацыя. Кітай – дыверсіфікаваны пакупнік, якому пастаўляюць Інданезія, Ірак, Сярэдняя Азія, Блізкі Усход. Расія – манапольны пастаўшчык, які ў кірунку Кітая мае толькі Кітай. Калі дацягнуць “Моц Сібіры” да Кітая, то вырашаць, колькі каштуе газ, будзе Кітай.

У Кітая сем пастаўшчыкоў газу, таму купляць у вас газ ён будзе па сабекошце. А вы будзеце прадаваць па сабекошце, бо гэта больш выгадна, чым не прадаваць. І бачна гэта задоўга да таго, як вы пачынаеце будаваць газаправод.

Перамовы па “Моцы Сібіры” ішлі доўга. У выніку выпрацавалі дакумент, які за суткі да падпісання называўся “Мемарандум аб узаемаразуменні”. З “Газпрому” ў Кітай прыляцела вельмі разумная дзяўчына-дыпламат, за суткі пераканала кітайцаў змяніць назву на дамову, бо прэзідэнт Расіі не можа прылятаць падпісваць мемарандум. Кітайцы пагадзіліся, прэзідэнт прыляцеў, падпісаў дамову з тэкстам мемарандума. На сённяшні дзень ёсць некалькі разлікаў эфектыўнасці “Моцы Сібіры” – ніводны не паказвае прыбытку, ёсць толькі вельмі стратныя і крыху менш стратныя.

Андрэй Маўчан: хутчэй Расія зменшыць пенсіі пенсіянерам, чым датацыі Беларусі

Сёння гандлёвы зварот Расіі ды Кітая – $ 60 млрд. З Еўропаю ў Расіі ў 5,5 разоў больш. За гэты год з Кітаем гандлёвы абарот зменшыўся на 30 %, з Еўропаю вырас на 5 %. Расія – гэта 1 % гандлю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Гэта ніхто. З Паўднёваю Карэяй у Кітая $ 320 млрд.

У Кітая ёсць адчуванне, што ў Паўночнай Манголіі нешта адбываецца, але што – яны не разумеюць.

Так, яны ведаюць, што ў Паўночнай Манголіі ёсць ракеты і гэта істотна, але гэтак жа яны разумеюць, што гэтыя ракеты ніколі не паляцяць. Ды ў гэтай тэрыторыі ёсць рэсурсы, але цяпер іх можна купляць дзе заўгодна.

Кітай цікавяць не рэсурсы, а рынкі збыту. 145 млн чалавек з прыбыткамі, якія змяншаюцца,  – гэта маленькі рынак збыту. Бразілія, Мексіка, Інданезія, Індыя, Бангладэш – гэтыя краіны больш цікавыя для кітайцаў.

Ці можа Расія ператварыцца ў Сінгапур

Сінгапур – цалкам залежная дзяржава, якая знешне дэлегавала свае паўнамоцтвы Вялікабрытаніі. Яна пабудавала сваё багацце на прыцягненні замежнага бізнес-капіталу.

Прычым замежнікі не спяшаліся яму дапамагаць, Лі Куан Ю сам выруліў уладу і аддаў замежнікам. У Расіі гэта цалкам немагчыма. Лі Куан Ю ахвяраваў не сфармаванай элітай, калі меў такую магчымасць. Хто і як гэта зробіць у Расіі – уявіць немагчыма.

Я думаю, мы нават хутка пабачым у падручніках, як манголы ратавалі Расію ад еўрапейскага ўварвання.

Да таго ж у Расіі заўсёды былі моцныя настроі, скіраваныя на ахову суверэнітэту. Не, шлях Сінгапура ў нас немагчымы.