падтрымаць нас

Палітыка

Пяць беларускіх міністэрстваў, якія можна ліквідаваць

Пяць беларускіх міністэрстваў, якія можна ліквідаваць
Нашая краіна рэгіянальны лідар па колькасці міністэрстваў, але гэта не той выпадак, калі колькасць пераходзіць у якасць.

У Беларусі 24 міністэрствы, у Расіі іх 21, а ў Польшчы 19. Значная частка з іх служыць непатрэбнаму ўмяшальніцтву ў жыццё грамадства. Калі ліквідаваць частку міністэрстваў, то грамадства гэтага не адчуе.

Апошні самастойны старшыня ўрада Міхаіл Чыгір успамінаў, што ў свой час былі сур’ёзныя прапановы пакінуць толькі тры міністэрствы, эканаміст Яраслаў Раманчук прапанаваў пакінуць восем. Паспрабуем разабрацца, якія міністэрствы можна закрыць і ці заўважыць гэта грамадства.

Міністэрства адукацыі

Цяжка знайсці прыклад развітой краіны без Міністэрства адукацыі, акрамя, магчыма, Канады. Але ў беларускіх рэаліях Міністэрства адукацыі элемент дэкору. Кантракты з дырэктарамі школ заключаюць структуры мясцовай вертыкалі, а не Міністэрства. Напрыклад, у Мінску школы падпарадкоўваюцца Камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама. Таму, калі трэба мабілізаваць педагогаў на дастаўку аналізаў калу вучняў у санстанцыю, то дырэктары аглядваюцца на раённую вертыкаль, а Міністэрства проста ўмывае рукі.

Зацверджаныя Міністэрствам праграмы і падручнікі па стылі нагадваюць, хутчэй, складаны канспект лекцый, а часам яны перапоўненыя “схаластыкай”, напрыклад, трыганаметрычнымі ўраўненнямі, ад якіх літаральна верне прафесійных матэматыкаў з сусветным прызнаннем. Але ў нас ім адводзіцца некалькі дзясяткаў урокаў матэматыкі ў старэйшых класах.

Гэта спараджае падзенне якасці ведаў, фармуе нелюбоў да школы і змушае звяртацца да рэпетытараў.

Абавязак апошніх – за год да ЦТ “загнаць” у галаву вучня “кулінарную кнігу” метадаў рашэння штучных практыкаванняў, не паглыбляючыся ў сутнасць прадмета ці міжпрадметныя сувязі.

Што тычыцца ВНУ, то рэктараў прызначае прэзідэнт, праграмы і вучэбныя планы разглядаюцца ў сценах ВНУ, а Міністэрства займаецца другаснымі пытаннямі накшталт камандзіровак выкладчыкаў.

Таму прасцей было б прызначыць адказнымі за школьную адукацыю кіраўнікоў выканкамаў ды іх намеснікаў, а іх працу ацэньваць паводле крытэраў якасці, якой цяпер займаецца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

Міністэрства прамысловасці

Гэта рэлікт эпохі СССР, які кіруе хранічна праблемнымі гігантамі машынабудавання і супрацьстаіць любым рэформам. Пры гэтым ідэя дзяржаўнага дамінавання ў эканоміцы і развіцця краіны на падставе буйной дзяржаўнай прамысловасці тэарэтычны банкрут. Ды і не толькі тэарэтычны, бо практычна шматлікія дзяржаўныя прадпрыемствы аказаліся неэфектыўнымі паўсюль ад Індыі праз Савецкі Саюз да Брытаніі.

Адсутнасць Міністэрства крыху палепшыць справы ў дзяржаўных прадпрыемствах, бо дырэктары будуць прысвячаць больш часу на кіраванне, а не на чэргі ў прыёмнай міністра і ўзгадненне кожнага вытворчага пытання.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю

У склад яго па сённяшні дзень уваходзяць раённыя камбінаты бытавога абслугоўвання насельніцтва (дамы быту).

Сам Мінгандлю гэта яшчэ адзін выкапень часоў СССР.

Суседняя Польшча ці Эстонія развіваюцца лепей як без дзяржаўнага гандлю, так і без дзяржаўнага кантролю за ім ды адпаведных міністэрстваў.

Выраз “няма памідораў, з’еш агурок” з вуснаў намесніка міністра гандлю, а таксама рэпрэсіі ў дачыненні да ўстановаў, якія павышаюць кошты, яскравая ілюстрацыя бескарыснасці і шкоднасці гэтага Міністэрства.

Міністэрства інфармацыі

Міністэрства інфармацыі ў Беларусі гэта, хутчэй, не рэгулятар правілаў гульні на медыярынку, як, напрыклад, Дэпартамент камунікацый, клімату і навакольнага асяроддзя Ірландыі (краіна займае 18 месца ў рэйтынгу свабоды СМІ), а каральны меч паліцэйскай дзяржавы, а таксама інструмент, якім змушаюць да самацэнзуры.

Дастаткова ўзгадаць серыю папярэджанняў незалежным СМІ за апошнія гады ці жорсткае рэгуляванне закупак паліграфічнага абсталявання юрыдычнымі асобамі або ІП, кантроль за паліграфічнай дзейнасцю. Для параўнання, у Эстоніі няма ні рэгуляцый, ні ліцэнзавання на рынку паліграфічнага абсталявання ці выдавецкай дзейнасці.

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва

Ніхто не будзе сумаваць, калі яго не стане ў тым выглядзе, у якім яно існуе цяпер. Яшчэ некалькі гадоў таму эканамісты ў будаўнічых фірмах былі абавязаныя трымаць у галаве палажэнні з дзясятка лістоў і пастаноў Міністэрства, якія рэгулявалі  афармленне кожнай дробязі пры вызначэнні кошту кантракта, нават цану цвікоў. Гэта пры тым, што цалкам магчыма аддаць рэгуляцыю бяспекі будаўніцтва рынкавым механізмам: судам, камерцыйным агенцтвам па рэгуляцыі, сертыфікацыі ды кантролю.

Дзяржаўная палітыка будаўніцтва жылля інструмент грубага ўмяшальніцтва ў эканоміку, які карэнным чынам не вырашае кватэрнага пытання. Болей за тое, такая палітыка ў свой час спрыяла валютнаму крызісу, бо дзяржаўныя грошы былі запампаваныя ў імпартаёмістае будаўніцтва. У суседняй жа Польшчы за будаўніцтва адказвае Міністэрства інфраструктуры, якое займаецца таксама сувяззю ды транспартам.

Насамрэч пяць прыкладаў вышэй – гэта не самы радыкальны шлях.

Усе гэтыя міністэрствы можна адключыць літаральна націскам адной кнопкі і ніхто не засумуе. Бо яны, відавочна, перашкаджаюць людзям, не працуюць ці займаюцца дробязнай гаспадарчай дзейнасцю.