падтрымаць нас

Грамадства

Пяць прычын для таго, каб быць беларускім аптымістам

Пяць прычын для таго, каб быць беларускім аптымістам
Чаму не варта вешаць айчынны нос.

Беларускі стогн аб беспрасветнасці нічым не ўнікальны – у рэжыме тужлівай жалейкі жывуць ледзь не ўсе народы нашага рэгіёна. Але часам здаецца, што наша журба пераходзіць дапушчальныя межы – бадай, ніводны іншы народ Еўропы так моцна не сумняецца ў сваёй дзяржаве і ідэнтычнасці. Больш нідзе вы так часта не пачуеце, што “нас хутка акупуюць” і “нас нічога не чакае”. І хоць прычынаў, каб гараваць, хапае, але нагодаў для аптымізму таксама нямала.

Дзяржавы не страчваюць незалежнасці ў сённяшнім свеце

Паспрабуйце назваць хоць адну краіну, якая за апошнія 50 гадоў страціла незалежнасць. Калі вам згадалася Чэхаславакія, Усходняя Германія ці Югаславія, то паспрабуйце ўспомніць іншыя варыянты, каб нехта прыехаў на танку і акупаваў краіну, а не каб краіна распалася па сваіх прычынах.

Насамрэч такіх прыкладаў у ХХІ стагоддзі няма.

Некаторыя дзяржавы губляюць часткі сваіх тэрыторый, як Украіна Крым; некаторыя дзяржавы губляюць частку сваёй суверэннасці. Але каб уявіць сабе, што наша краіна ўвойдзе ў склад іншай дзяржавы, трэба вельмі пастарацца.

Беларусы становяцца прарынкавымі

Няма народа больш прасавецкага за беларусаў, кажуць многія, але ці тое праўда? 42,2% беларусаў хочуць мець уласны бізнес, а яшчэ 3,6 % ужо маюць, паводле Даследчага цэнтра ІПМ. Як кажа адзін з найлепшых беларускіх эканамістаў Аляксандр Чубрык, прыкладна палова беларусаў працуе ўжо на прыватных прадпрыемствах, якія ствараюць палову вытворчасці ў нашай эканоміцы. Дзяржаўныя прадпрыемствы будуць зачыняцца і на іх месцы прыйдуць эфектыўнейшыя прыватныя фірмы.

Адпаведна змяняюцца і каштоўнасці людзей.

Паводле ранейшых даследаванняў, тыя, хто працуе на прыватных прадпрыемствах, больш прыхільныя да рынкавай эканомікі і іх колькасць у грамадстве хутка стане дамінавальнай.

Рэпрэсіі сталі мякчэйшымі

Канешне, хацелася б, каб беларуская дзяржава ў прынцыпе не займалася рэпрэсіямі супраць сваіх грамадзян, але чакаць такога даволі наіўна. Аднак, калі паглядзець на доўгі трэнд, то відаць, што ўлады Беларусі ў прынцыпе ніколі так мала не садзілі на гады ці на суткі (хоць тут можна спрачацца, ці гэта не звязана з тым, што ўжо мала каго засталося садзіць). У любым разе ўмовы для грамадскай актыўнасці не тое, каб сталі добрымі, але яны прынамсі ўжо не такія дрэнныя, як у 2011-ым.

Лукашэнкаўскія эліты – гэта не Лукашэнка

Варта паглядзець толькі на сённяшняга прэм’ер-міністра Беларусі і ўзгадаць першага прэм’ера пасля абвяшчэння незалежнасці – Вячаслава Кебіча. Калі нават улічваць усю магчымую крытыку ў бок Сяргея Румаса, то выразна відаць, што паміж ім і беларускім істэблішментам 1990-ых калі не прорва, то прынамсі не так шмат агульнага. Сённяшні чыноўніцкі (перадусім эканамічны) клас куды маладзейшы, больш адукаваны, у яго не толькі Масква ў галаве.

Нават на тых, на каго сёння не хочацца глядзець, не варта ставіць крыж.

Калі ў 1981-ым некалькі іспанскіх жандараў-удзельнікаў антыдэмакратычнага перавароту пачалі страляць у парламенце, то толькі трое чалавек не ўпалі на падлогу. Загаду паўстанцаў не падпарадкаліся тыя, хто раней не вызначаўся асаблівай любоўю да дэмакратыі: палітык, удзячны за кар’еру генералу Франка; генерал, які ваяваў супраць дэмакратыі ў часе Грамадзяскай вайны і кіраўнік Камуністычнай партыі. Магчыма, пасля Лукашэнкі мы даведаемся больш добрага пра тых, хто сёння працуе ў беларускім урадзе.

Беларушчына не памерла

Беларуская культура мае попыт – варта паглядзець прынамсі на колькасць рэкламы на “Нашай Ніве”. Безумоўна, гэты попыт стварае меншая аўдыторыя, але яна ёсць, нягледзячы на тое, што дзяржава дзеля беларускасці робіць мізер. Чакаць, што пры нашым жыцці беларуская мова стане роўнай рускай, – даволі наіўна, але насамрэч беларуская мова ўжо ўваходзіць у пэўны стандартны камплект таго, што ў грамадстве трэба падтрымліваць.

Урэшце дзве траціны беларусаў хочуць, каб іх дзеці валодалі беларускай мовай гэтак жа як і рускай.

Калі ж паглядзець на тое, як у гэтым годзе дзяржава адзначала стагоддзе БНР (выставамі ці кнігамі), то відаць, што нават там існуе нейкае разуменне, што беларуская дзяржава зайшла ва ўласнай беларусафобіі занадта далёка, і цяпер яна імкнецца крыху адкаціць. Урэшце ў выпадку беларускай мовы, як і ў многіх іншых сферах, адскочыць ад дна не так і складана. Галоўнае – не стагнаць.