падтрымаць нас

Артыкулы·Бяспека

Лесі цікава: Як рост гвалту ўплывае на пратэсты, чыноўнікаў і сілавікоў?

Лесі цікава: Як рост гвалту ўплывае на пратэсты, чыноўнікаў і сілавікоў?

У мінулую нядзелю сілавікі затрымалі больш за 1000 пратэстоўцаў, а ў чацвер стала вядома аб забойстве Рамана Бандарэнкі. Новую хвалю гвалту і яе наступствы каментуюць Арцём Шрайбман, Ягор Лебядок і Яўген Юшкевіч.

Як гвалт супраць мірных беларусаў паўплывае на пратэст? Ці гвалт супраць грамадзянаў зменіць настрой чыноўнікаў? Чаму гвалт з боку сілавікоў стаў большым і ці можна чакаць расколу сілавога блока? 

Гэтыя пытанні я задала тром экспертам: ваенна-палітычнаму аглядальніку Ягору Лебядку; палітычнаму аналітыку, заснавальніку Sense Analytics Арцёму Шрайбману; былому следчаму і грамадскаму актывісту Яўгену Юшкевічу

1. Як гвалт супраць мірных беларусаў паўплывае на пратэст?

Ягор Лебядок: Я б сказаў, што ў большасці сваёй грамадства прызвычаілася да гвалту падчас мірных мітынгаў. Вядома, негатыў расце, але сам гвалт ужо слаба ўплывае на рашэнне людзей выходзіць ці не на мітынг. У большай ступені, чым гвалт, на гэтае рашэнне ўплываюць час і месца збору, умовы надвор’я ды іншыя аспекты.

Арцём Шрайбман: Я думаю, што гвалт паўплывае дваяка. Ён заўсёды пужае, адштурхоўвае, прымушае сядзець дома. Частку людзей ён наадварот злуе і дадае імпэту на новае супрацьстаянне. Пытанне заўсёды ў прапорцыі. І калі гвалт адбываецца ў занадта жорсткіх формах, ён, хутчэй, злуе большую колькасць людзей, чым пужае. 

Калі ў недастаткова жорсткіх формах, то наадварот – ён нікога не можа спужаць. А вось недзе пасярэдзіне знаходзіцца залатое для ўладаў поле, калі гвалту прымяняецца столькі, колькі патрэбна, каб напужаць людзей. І калі меркаваць па ўсім, то апошнія тыдні ў іх атрымлівалася ў гэтую залатую сярэдзіну трапіць, бо колькасць пратэстоўцаў зніжалася. 

Яўген Юшкевіч: Гвалт павялічыць пратэстныя настроі, радыкалізуе іх у чарговы раз і паставіць людзей на мяжу неабходнай абароны ад злачынных замахаў. 

2. Ці зменіць гвалт супраць пратэстоўцаў настрой чыноўнікаў? 

Ягор Лебядок: Гвалт 9-11-га жніўня сапраўды сур’ёзна паўплываў на шэраг чыноўнікаў і стаў адным з фактараў іх звальнення. Праз тры месяцы, вядома, гэты гвалт ужо аказвае не такі значны ўплыў. Але ўсё ж праява гвалту з боку прыхільнікаў Лукашэнкі з’яўляецца адным з пастаянных фактараў, якія адбіваюцца на прыняцці рашэння чыноўнікамі аб далейшай працы. 

Прычым адбіваецца не толькі сам гвалт, але і колькасць затрыманых, сярод якіх усё часцей трапляюцца падначаленыя дзяржчыноўнікаў, што ў сваю чаргу ўплывае непасрэдна на іх працу і маральны стан. Канешне, гэта тычыцца далёка не ўсіх чыноўнікаў.

Арцём Шрайбман: Настрой сярод чынавенства зменіцца толькі тады, калі гэты гвалт будзе нашмат большым па маштабах за той, які мы бачым сёння. А, магчыма, нават большы па маштабах за тое, што мы бачылі ў жніўні. Тыя людзі, якія моцна перажывалі з-за маральных прынцыпаў, ужо сышлі ў жніўні. Засталіся ў дзяржапараце акурат тыя, хто гатовы мірыцца з нашмат страшнейшымі рэчамі ў параўнанні з тымі, якія мы дагэтуль бачылі. Таму і ступень гвалту для змены настрою чыноўнікаў павінна быць нашмат большай. 

Яўген Юшкевіч: Настрой чыноўнікаў гвалт не зменіць ніколі. Было шмат часу штосьці змяніць, падумаць. Але ў агульнай масе чыноўнікі – гэта альбо каста клеркаў, альбо проста карумпаваныя псеўдаэліты, альбо яны проста думаюць на ўзроўні тых жа клеркаў з АМАПа. Ім крытычна важны цяперашні строй для падтрымання ўзроўню жыцця і бяспекі.

3. Чаму гвалт з боку сілавікоў стаў большым і ці можна чакаць расколу сілавога блока?

Ягор Лебядок: Калі казаць пра мітынг 8-га лістапада, то дзеянні сілавога блока Лукашэнкі характарызуюцца не столькі павелічэннем гвалту (хоць тут спрэчнае пытанне, бо ўсё залежыць, з якім мітынгам параўноўваць), як колькасцю затрыманых. На мой погляд, гэта абумоўлена трыма ключавымі чыннікамі. Першы – тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным 4-га лістапада. Па пераліку тэм, якія трапілі ў СМІ, зразумела, што асноўным былі размовы пра выкананне з боку Лукашэнкі абяцанняў: па зменах у Канстытуцыі, пераарыентацыі грузапатокаў з Літвы ў расійскі порт, а таксама, магчыма, і іншыя. 

Такія масавыя затрыманні маглі быць звязаныя з жаданнем Лукашэнкі прадэманстраваць Пуціну, што ён моцны і справіцца з пратэстамі, а значыць, менш уразлівы ў пытаннях перамоваў з Расіяй. Другі чыннік – прыход новага міністра ўнутраных спраў, які, магчыма, захацеў выслужыцца. І трэці чыннік – зніжэнне колькасці людзей, якія выходзяць у рэгіёнах, што дазволіла перакінуць сілы з рэгіёнаў у Мінск і тым самым павялічыць колькасць затрыманняў.

Арцём Шрайбман: Я думаю, што гвалту сталу болей, бо яны зразумелі, што сярод пратэстоўцаў сфармавалася ядро людзей, для якіх суткі і затрыманне – больш не дастатковыя прэвентыўныя меры, і патрэбна павышаць кошт пратэсту. Вось яны і вырашылі яго павялічваць праз збіццё і праз большае прымяненне разнапланавай сілы і рэпрэсіяў. Яны спрабуюць паглядзець, у каго хопіць цярпення гэта вытрываць. А што тычыцца расколу сілавога блока, то да яго яшчэ далей, чым да расколу чыноўнікаў. Сілавы блок нашмат менш заклапочаны пытаннямі гуманнасці, і таму я сумняваюся, што кагосьці з тых, хто застаўся, гэта турбуе.

Яўген Юшкевіч: Расколу сілавога блока чакаць не даводзіцца. Усе годныя людзі адтуль ужо сышлі. Прапаганда працуе спраўна, махавік рэпрэсій – таксама. Пастаянна звальняюць нават мінімальна нелаяльных. Сілавікі, якія выкарыстоўваюць гвалт (мы гаворым толькі пра іх), адрэзаныя ад грамадства адукацыйна, ідэалагічна і матэрыяльна. Яны дэ-факта звычайныя акупанты ў дадзены момант. Расколу не будзе.

Фота: Svaboda.org