падтрымаць нас

Артыкулы

Збяднеюць і выйдуць на вуліцы: ці могуць эканамічныя праблемы справакаваць палітызацыю грамадства? Канспект другога дня Reshape 2022

Збяднеюць і выйдуць на вуліцы: ці могуць эканамічныя праблемы справакаваць палітызацыю грамадства? Канспект другога дня Reshape 2022

Цэнтр новых ідэй падрыхтаваў канспект другога дня анлайн-канферэнцыі “Reshape 2022 – Framing the Future of Belarus”. Антон Раднянкоў абмеркаваў з экспертамі Кацярынай Барнуковай, Уладзімірам Кавалкіным ды Філіпам Біканавым уплыў эканомікі на палітызацыю беларускага грамадства.

Рэаліці-чэк: ці стала эканоміка фактарам напружанасці, як тое прагназавалі пасля выбараў 2020-га?

Не стала. Так, цягам 2021-га года быў рост, нават адбыўся гэтак званы экспартны цуд. Канешне, пры гэтым большасць грамадзян па-ранейшаму ацэньвае свой стан і будучыню як нестабільныя, а бізнес не інвестуе ў эканоміку ўжо другі год запар. Крызіс не стаў незаўважным зусім, але “цуд” яго пакуль трохі перакрывае.

Наогул сацыяльную напружанасць выклікаюць раптоўныя і радыкальныя падзеі – рэзкае падзенне заробкаў, інфляцыя і т.п. Гэтых фактараў за апошні час удалося пазбегнуць, але ўжо заўважна, што ў другім паўгоддзі “цуд” схлопнуўся, пакрысе расце інфляцыя ды змяншаецца колькасць працоўных месцаў. Сацыяльная напружанасць фіксуецца, але пакуль яна звязаная не столькі з эканомікай, колькі з агульным адчуваннем небяспекі.

Асноўныя чаканні эканамістаў на 2022-гі год

Эфект ад санкцый варта чакаць перш за ўсё ў калійнай і нафтавай сферах. У апошняй галіне яны яшчэ маюць пачаць працаваць. Мы будзем назіраць, як старыя кантракты заканчваюцца, а новыя не падпісваюцца. Але тут магчымыя нюансы.

Экспарт вырас на 11 млрд рублёў. Мы можам згубіць 1-1,5 млрд на каліі і 2 млрд на нафтапрадуктах, але гэта не будзе крытычна. Наўрад ці простыя беларусы гэта адчуюць. У дзяржавы пры гэтым ёсць вялізны стымул падтрымліваць падкантрольныя ім прадпрыемствы і не даваць эфектам ад санкцый пераходзіць у іншыя сферы, але гэта дорага абыходзіцца і цяжка выканаць у доўгай перспектыве.

Немагчыма прадказаць узровень інфляцыі, нягледзячы на любыя прагнозы ўрада. Мы можам убачыць рост экспарту ў грашовым вымярэнні, але паляпшэння структуры эканомікі няма, як няма і паляпшэння сітуацыі з даходамі беларусаў.

Ад’езд і рэлакацыя высокай колькасці высокааплатных спецыялістаў актыўна пачалася яшчэ летась, але для эканомікі тут ёсць пэўнае адставанне: пакуль бізнес афіцыйна перарэгіструецца, заплоціць апошнія падаткі ў Беларусі і т.п. Таму тут эфект і ўплыў гэтай з’явы пакуль складана канчаткова ацаніць, але гэта дакладна кепскі знак.

Несацыяльная дзяржава і недахоп грошай у рэгіёнах

Ужо сёння заўважнае змяншэнне выдаткаў на інфраструктурныя аб’екты, што можна назіраць нават на прыкладзе гучнага “мастапада” ў краіне. Плюс непрыбраныя вуліцы, яміны на дарогах, закінутыя паркі. І так будзе па ўсёй краіне.

Першае, на чым будуць эканоміць, – добраўпарадкаванне, ЖКГ, інфраструктурныя рэчы, якія патрабуюць доўгага фінансавання і аддачы.

Пенсійная “рэформа” шляхам каранавіруса будзе працягваць “выконвацца”. Трэнд, на жаль, ужо быў бачны: пенсіянераў па прычыне ўзрослай з-за пандэміі смяротнасці фізічна станавілася менш. Таму тут праблем наўрад ці варта чакаць.

Як беларусы перажывалі крызісы раней і цяпер

У чэрвені 2016-га года НІСЭПД правёў апытанне, дзе зафіксавалі чаканне крызісу, падлічылі індэкс эканамічных чаканняў, які склаў мінус 74 адзінкі. Шмат хто тады лічыў, што іх фінансавы стан у найбліжэйшым часе пагоршыцца. У 2016-ым годзе палітычная апазіцыя такімі настроямі не скарысталася.

БІСС прапанаваў у свой час “тэорыю сацыяльных кантрактаў” для аналізу рэакцыі грамадства на праблемы ў дзяржаве. Можна прыгадаць і стратэгію выхаду, якую прапаноўваў амерыканскі эканаміст Альберт Хіршман. Паводле яе, у выпадку, калі сацыяльны кантракт парушаецца адным з актараў, у нашым выпадку – афіцыйнымі ўладамі, рэагаваць можна трыма шляхамі:

  1. Лаяльнасць – калі ты дэманструеш у выпадку парушэння кантракта лаяльнасць (для тых, хто менш сацыяльна абаронены);
  2. Выхад або сыход – калі спрабуеш не сутыкацца з усім гэтым і “збягаеш” ад праблем (для тых, хто незалежны ад дзяржавы і можа забяспечыць сябе самастойна);
  3. Голас – выказванне ў любой форме, публічны пратэст супраць парушэння сацыяльнага кантракта.

Але пасля 2020-га сацыяльны кантракт змяніўся. Раней у нас быў тыповы прэвентыўны аўтарытарызм – выбарачна прыцягваем да адказнасці, б’ем і саджаем нязгодных з рэжымам людзей. Грамадству гэтыя дзеянні прадаюцца як змаганне з кучкай паражэнцаў, няўгодных, якія нічога добрага не пабудуюць. Але пры гэтым усім іншым даюцца шырокія магчымасці для сыходу. На той момант можна ж было нават жартаваць у сацсетках пра Лукашэнку. Цяпер жа ў нас класічны аўтарытарызм – калі ты не праяўляеш лаяльнасці, то атрымаеш.

Рызыкі ад стратэгіі голасу сёння занадта вялікія.

Хто гатовы з’язджаць з Радзімы

З’язджаць ці не – гэта заўсёды пытанне палітычнай прыналежнасці ў канфлікце. Як паказалі даследаванні, ядро пратэсту – каля 60 % пра гэта задумваліся, але гэта вельмі радыкальнае выйсце. Можна проста перастаць чытаць навіны. Раней дзяржава гэта заахвочвала – ісці на Зыбіцкую і пацягваць сабе смузі, але цяпер і за гэта можа прыляцець. Не спадабаецца нейкаму АМАПаўцу колер вашых шкарпэтак і ўсё! Таму прасторы для голасу і сыходу змяніліся.

Эміграцыя была і раней, але не такая маштабная. Па дадзеных ЕС да 140 тыс. беларусаў з’ехалі летась за мяжу. Выбуховага эфекту ад гэтага адразу не назіраецца, але можа ўзнікнуць сеткавы эфект. Калі шмат тваіх знаёмых з’ехала, абжылося за мяжой, калі ты ведаеш, да каго звярнуцца, як гэта арганізаваць, то тут цябе ўжо мала што можа ўтрымаць.

Дзяржава працягне рабіць памылкі і рэзкія, абуральныя ўчынкі, якія падштурхнуць людзей да эміграцыі. Яна кажа, што дэвальвацыі не будзе, а яна наступае, а потым наогул можа заявіць, што ты – дармаед.

Рэгіянальныя дыспрапорцыі пачалі ўзнікаць яшчэ ў 2015-2016 гг. і яны паглыбляюцца. Становіцца ўсё больш адсталых раёнаў. Яны часта завязаныя на нейкае буйное дзяржпрадпрыемства і па меры стагнацыі апошніх таксама пачынаюць прасядаць. Мінск ідзе ў татальным адрыве, яшчэ пара раёнаў, завязаных на здабычы сыравінных рэсурсаў, здольная трымаць узровень, як і раёны, завязаныя на прыпамежным гандлі, але прагноз негатыўны.

Што будзе з “экспартным цудам” і калі чыноўнікі далучацца да пратэстаў

Да 2021-га года часткова можна было прадказаць рост экспарту з Беларусі. Было зразумела, што сусветная эканоміка будзе аднаўляцца і будзе бум вялікага гандлю. Пры гэтым рэальных маштабаў з ростам коштаў на шматлікія тавары адгадаць наперад было немагчыма. Сёння таксама ёсць прагнозы наконт працягу гэтага трэнду, але невядома, як доўга ён яшчэ будзе працягвацца. 

Адносна Беларусі сітуацыя занадта спецыфічная і складаная, але важна ўлічваць, што пасля такога рэзкага росту можа адбыцца і рэзкае змяненне кан’юнктуры. У пэўным сэнсе гэта нагадвае нам сакавік-верасень 2008-га, калі таксама назіраўся фенаменальны рост, а потым усё рэзка змянілася. І вось такія раптоўныя змены на гэты раз будуць для нас вельмі балючымі.

Сёння па-ранейшаму няма перадумоў для расколу сярод кіроўных эліт. Яны ніякім чынам не большыя, чым у 2020-ым, і эканоміка тут наогул ні пры чым. За гэтыя два гады актыўна звальняліся нелаяльныя, ладзіліся паказальныя бічаванні нязгодных, ды і адсутнасць эканамічнага крызісу шмат для каго з чыноўнікаў стала пацвярджэннем правільнасці прынятага рашэння. Раскол мае больш персанальны або каштоўнасны ўзровень, і эканоміка ў дадзеным выпадку грае толькі фон.

У прадчуванні рэформаў

Мы даўно бачым нахіл да пазітыўнай ацэнкі рынкавых рэформ і прыватнай уласнасці. Звязана гэта з тым, што ў беларусаў ёсць вялікі негатыўна досвед узаемадзеяння з дзяржаўнай эканомікай, але малы негатыўны досвед адносна прыватнікаў, як у Расіі ці ва Ўкраіне. Таму любы эканамічны крызіс будзе выхоўваць пазітыўнае стаўленне да ліберальных рэформ.

Людзі адчуваюць, што крызіс на двары, раз усё кепска. Значыць эканамічныя рэформы нам патрэбныя, але пры гэтым усе хочуць і гарантаваную сацыялку захаваць. Таму наўрад ці беларусы рэальныя рынкавыя супераптымісты.

Рэформы для сярэдняга чалавека – досыць абстрактная мэта, каб за яе выходзіць і падстаўляцца пад крымінальныя справы. Іншая справа – уласнасць, ашчаджэнні, бо гэта сваё. А калі потым яшчэ і інфляцыя з дэвальвацыяй апошняе забіраюць – вось тут ужо шмат людзей задумваецца. Бо калі перамен няма, то назіраецца вялая стагнацыя і пагаршэнне ўзроўню жыцця. Гэта асабліва заўважна на фоне суседзяў, куды лягчэй пераехаць і атрымліваць 2-3 беларускія заробкі. Пры гэтым і парог уваходу за мяжой нізкі.

Шлях Беларусі: Швейцарыя ці новы Сінгапур?

Мы наўрад ці станем Швейцарыяй або Сінгапурам. Нам шанцуе, што людзі не ненавідзяць прадпрымальнікаў як клас, але пры гэтым захоўваецца запыт на шматлікія дзяржаўныя паслугі і бонусы. Ды і ўсе надзеі пабудаваць тут Сінгапур разбіваюцца аб тое, што на чале дзяржавы стаіць зусім не Лі Куан Ю.

Беларусь пры пэўных зменах можа і нават павінна стаць эканомікай ведаў, як Ізраіль, краінай стартапаў. Калі палепшыць сістэму падтрымкі бізнесу, наладзіць працу незалежных судоў, то можна было б пачынаць скараць свет.

У нас не было негатыўных наступстваў прыватызацыі як у Расіі ды Украіне, таму грамадства мае завышаныя чаканні, што прыйдуць прадпрымальнікі і рынак усё сам вырашыць. Але гэтак не будзе. Хіба што, калі мы як ЗША таксама пачакаем 200 год, каб усё само наладзілася. Магчыма, нам усё ж варта больш пільна прыгледзецца да шведскай мадэлі.

Даведка:

  • Кацярына Барнукова – акадэмічная дырэктарка BEROC
  • Уладзімір Кавалкін – кіраўнік праекта “Кошт урада” і заснавальнік Petitions.by
  • Філіп Біканаў – незалежны сацыёлаг

Глядзіце размову цалкам на YouTube

Фота: Аляксандра Мурашка