• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Keep calm ды вастры капыты

    Абагульняючы назіранні апошняга часу, Генадзь Коршунаў звяртае ўвагу на тое, што ўлады Беларусі сістэматызавалі і пашырылі свае захады супраць беларусаў замежжа. Асноўны ўпор цяпер робіцца на фэйкі і правакацыі.

    Апошнім часам даволі шчыльна з’яўляюцца навіны пра тое, што ўлады ў Беларусі не губляюць зацікаўлення да тых суграмадзянаў, што былі вымушаныя пакінуць сваю краіну.

    Вядома, перадусім згадваецца знакаміты вераснёўскі пашпартны ўказ, праз які беларусы страцілі магчымасць працягнуць за мяжой тэрмін свайго пашпарта і зрабіць даверанасць на распараджэнне маёмасцю. Гэта быў выбітны працяг дыскрымінацыі беларусаў замежжа – у адным шэрагу з забаронай галасаваць за мяжой і з пагрозай пазбаўлення грамадзянства.

    Але да гэтага трэба дадаць і адмену адтэрміноўкі ад войска тым, хто навучаецца за мяжой; пагрозы караў дырэктарам школ, выпускнікі якіх з’язджаюць з Беларусі; і ўзрослы ціск на тых, хто вывучае польскую мову, – аж да забароны такіх прыватных курсаў і магчымых праверак сілавікамі тых, хто вывучаў польскую ў школе. І патрабаванне паведамляць сілавікам пра наяўнасць ВНЖ іншых краін. Праўда, тут сілавікі пры дапамозе памежнікаў і самі даюць рады з тым, каб рабіць праблемы беларусам з замежнымі ВНЖ.

    Дарэчы, пра межы. Мінулы год адзначыўся небывалым: на мяжы Беларусі з РФ быў фактычна ўведзены памежны кантроль, чаго не было ніколі ў найноўшай гісторыі (ковідныя паўмеры ў залік не ідуць). Цяпер беларусы (ці, дакладней, іх тэлефоны) праходзяць трывалую праверку на экстрэмізм на ўсіх межах, нават – падкрэслім – на беларуска-расейскай. Праз тыя памежныя праверкі цягам мінулага года былі затрыманыя больш за 200 чалавек. Для параўнання, у 2022-ім годзе так затрымалі толькі 52 беларусаў і беларусак.

    Падаецца, тут усё зразумела: кожны, хто вяртаецца ў Беларусь з-за мяжы, – патэнцыйны шпіён, экстрэміст ці нават тэрарыст. А беларуская дыяспара, непадкантрольная рэжыму, увогуле была, ёсць і будзе ворагам рэжыму, і ставіцца да яе трэба адпаведна: не як да грамадзян, а як да здраднікаў.

    Збольшага мы пра гэта ведаем і так ці інакш улічваем у сваёй дзейнасці. Разам з тым ёсць некаторыя моманты, якія не так яскрава кідаюцца ў вочы, але патэнцыйна не менш небяспечныя.

    Вось на іх хацелася б звярнуць увагу.

    Першае, што адзначым, – гэта пакуль яшчэ пасіўная, але пільная ўвага да суполак дыяспары. Так, сілавікі сочаць не толькі за палітыкамі і грамадскімі дзеячамі, але і за аб’яднаннямі шараговых беларусаў. Зразумела, што выключна сачэннем сілавікі не абмяжоўваюцца. Суполкі дыяспары цяпер з зайздроснай рэгулярнасцю трапляюць практычна ў кожнае абнаўленне спісаў экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта значыць, падпіска на іх пры аглядзе тэлефона сілавікамі можа выклікаць пэўную адказнасць.

    Дадамо: пры нагодзе сілавікі спрабуюць перахапіць кіраванне такімі суполкамі. Апошні вядомы такі кейс – з чатам беларусаў Гданьска, дзе ўладальнік чата паспеў разабрацца ў сітуацыі і даў рады пагрозе. Было б някепска нам усім улічваць гэты досвед.

    Свае захады супраць беларусаў замежжа сілавікі робяць і пры нагодзе, і праактыўна, самі ствараючы пэўныя нагоды ці нават правакацыі. Апошнія могуць быць дэманстратыўныя, напрыклад з Кавальковай ці Аксёнавым альбо з падключэннямі супрацоўнікаў КДБ да анлайн-мерапрыемстваў. А могуць быць і патаемныя, разлічаныя не на запужванне, а на працу больш-менш “у доўгую”.

    Такія захады, арыентаваныя на адкладзены вынік, выразна падзяляюцца на дзве вялікія групы. Першая працуе на ўмоўна палітычным узроўні, ствараючы напружанне паміж беларускімі дыяспарамі і тымі краінамі, у якіх яны месцяцца. Галоўным чынам гэта датычыцца Літвы, дзе раздзімаецца тэма “ліцвінізму”, дзе быў зварот “псеўдакаліноўцаў” у падтрымку Вольгі Карач і дэпутаты атрымліваюць лісты нібыта ад беларусаў з пагрозамі ў свой адрас.

    Другая група захадаў засяроджваецца на індывідуальным узроўні і скіроўваецца супраць пэўных асоб. Пакуль такія захады рэалізуюцца галоўным чынам праз стварэнне фэйк-ботаў у тэлеграм-каналах і фэйкавых акаўнтаў у сацыяльных сетках.

    Калі арганізацыі збольшага адсочваюць такую актыўнасць і папярэджваюць людзей аб небяспецы (кейсы  “Офіса Святланы Ціханоўскай”, праваабарончага цэнтра “Вясна”, праекта “Беларускі Гаюн” і г.д.), то прыватная асоба пра стварэнне фэйкавага акаўнта на сваё імя можа наогул не ведаць і праз тое з цягам часу атрымаць кіпу праблем  (імаверна, так атрымалася з кейсам Паўла Юшкевіча).

    Важна, што праблемы можа атрымаць не толькі той чалавек, на чыё імя створаны акаўнт, але і той ці тая, што ўступае ў камунікацыю з такім акаўнтам. У выпадку, калі на другім баку сядзіць супрацоўнік у пагонах, то ёсць рызыка зліць яму сензітыўную інфармацыю, якая можа выйсці бокам шмат якім людзям.

    Дарэчы, апошнім часам сустракаецца інфармацыя, што старыя беларускія тэлефонныя нумары пачалі перадавацца ад тых, хто з’ехаў, новым уладальнікам. Праз тое таксама можна пачаць камунікаваць з невядома якім чалавекам як са знаёмым. А можна і згубіць свой акаўнт, зарэгістраваны на гэты нумар.

    Падаецца, з часам улады нарошчваюць і інтэнсіўнасць, і разнастайнасць сваіх захадаў у супрацьстаянні беларусам замежжа. Гэта значыць, што будуць пашырацца і відавочныя, і прыхаваныя спробы запалохаць, выцягнуць інфармацыю і пры магчымасці захапіць у свае кіпцюры як мага больш людзей. І правакацыі будуць, і фэйкі, і яшчэ што-небудзь.

    Але хто папярэджаны, той узброены. Таму, спакойна падпільноўваючы правакацыю, проста робім сваю справу. Можна падсумаваць гэтак: “Keep calm ды вастры капыты”.

    Фота: Белсат

    ПаказацьСхаваць каментары