падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Рэформы, Украіна і ІТ: гутарым з кіраўніком Кіеўскай школы эканомікі

Рэформы, Украіна і ІТ: гутарым з кіраўніком Кіеўскай школы эканомікі
Цімафей Мілаванаў тлумачыць, што Украіне трэба рабіць з алігархамі, ІТ і палітычнай барацьбою.

У часе канферэнцыі па эканоміцы BEROC мы спаткаліся з Цімафеем Мілаванавым, кіраўніком Кіеўскай школы эканомікі, каб пагутарыць пра Украіну і рэформы. Акрамя рознага пазітыву і негатыву, мы паспелі абмеркаваць ПВТ 2.0 і канкурэнцыю паміж дзяржавамі за ІТ-спецыялістаў.

– З Беларусі часам падаецца, што паслямайданаўскі імпэт сціхае. Чаму рэформы ва Украіне ідуць так павольна?

– Рэформы ідуць павольна, але куды хутчэй, чым мінулыя 20 гадоў. Як эканаміст, як кіраўнік Кіеўскай школы эканомікі, чалец назіральнай рады Нацыянальнага банка магу сказаць, што запыт на сапраўднае меркаванне эканамістаў вырастае проста экспаненцыяльна. Мы не паспяваем пісаць рэкамендацыі, “белыя”, “зялёныя” ды іншыя паперы і артыкулы. У краіне ідзе палітычная барацьба і ў гэтай палітычнай барацьбе апаненты пачынаюць выкарыстоўваць факты. Фундаментальна сістэма прыняцця рашэнняў стала іншаю.

Адбываецца перманентная барацьба розных груповак. Яны і ненавідзяць адно аднаго, і супрацоўнічаюць, і фармуюць кааліцыі. 

Палітычная сістэма пачынае больш нагадваць заходнюю. Адбываецца перманентная барацьба розных груповак. Яны і ненавідзяць адно аднаго, і супрацоўнічаюць, і фармуюць кааліцыі. Вядома, калі ў дэмакратыях занадта шмат маленькіх партый, то ім бывае надзвычай цяжка дамовіцца. Але калі ёсць дзве-тры партыі, то ёсць рызыка, што яны перасварацца і нічога не адбудзецца. Нават калі партый шмат, усё роўна ёсць агульныя праблемы як вайна, пенсійная рэформа, павольны эканамічны рост – і іх трэба ўсё роўна вырашаць. Таму мы будзем дамаўляцца.

– У якіх сферах рэформы прайшлі паспяхова?

– У першую чаргу гэта рэформы дэцэнтралізацыі і працы Нацыянальнага банка. Пад ціскам Захаду мы закрылі шмат махлярскіх банкаў, якія не паказвалі сваіх уладальнікаў. Намінальна мы закрылі палову банкаў, таму шмат незадаволеных.

Калі ў бюджэце грошай няма, то за субсідыі ўсё роўна нехта павінен плаціць. У выніку за гэта плоціць насельніцтва, толькі праз інфляцыю. 

Іншы прыклад – “Нафтагаз”. Мы больш не экспартуем газу з Расіі. Гэта была праблема, бо “Нафтагаз” ледзь не абанкруціў краіну. Газ купляўся па вялікіх коштах і вельмі танна аддаваўся насельніцтву. Падтрымка насельніцтва тут патрэбная, але калі грошай няма, то нехта ўсё роўна павінен плаціць. У выніку за гэта плоціць усё роўна насельніцтва, толькі праз інфляцыю. А ад інфляцыі пенсіянеру цяжка ўцячы.

З паліцыяй сітуацыя палепшылася. Я цяпер не баюся, калі бачу паліцэйскую машыну. Раней сэрца заўсёды ёкала. Часам нашыя стасункі з дзяржавай нагадвалі гульню з драпежнікам – хто каго праглыне. Цяпер гэтага стала куды менш.

– Дзе рэформы не атрымаліся?

– Судовая сістэма, пенсійная рэформа, рынак зямлі. Палітыкі, якія маюць уплыў на суддзяў, не вельмі зацікаўленыя ў судовай рэформе. У выніку кожны сабе панабіраў невялікі партфель суддзяў.

– У сваіх інтэрв’ю вы часта кажаце, што трэба развіваць малы і сярэдні бізнес, што алігархічныя структуры ва Украіне занадта вялікія. Што рабіць з алігархамі?


– Трэба разглядаць праблему з пункту гледжання працоўных месцаў і барʼераў для ўваходу ў бізнес. Рашэнняў ёсць некалькі. Можна сказаць: суд даказаў, што вы скралі грошы, вярніце з гэтага пэўны адсотак. Можна пайсці па-іншаму шляху – усіх пасадзіць. Яны будуць з гэтым змагацца, згубяцца працоўныя месцы. Я прытрымліваюся варыянта з амністыяй, а не люстрацыяй. Але алігархам нельга дазваляць ствараць бар’еры для ўваходу канкурэнтаў, як яны гэта часам робяць праз урад ці парламент.

– Як тады лепш падтрымаць малы і сярэдні бізнес?

– Эканамічна Украіна павінна вельмі моцна вырасці. Гэта не гульня з нулявой сумай, месца хопіць усім. Не трэба думаць катэгорыямі “мы супраць вас” – гэта не вельмі канструктыўная пазіцыя. І вялікі, і алігархічны, і малы, і сярэдні бізнес могуць адзін аднаму дапамагчы.

Як толькі мы аб’яўляем падтрымку нейкай катэгорыі, то гэта зноў атрымліваецца за кошт пенсіянераў і школьнікаў. 

Як толькі мы аб’яўляем падтрымку нейкай катэгорыі, то гэта зноў атрымліваецца за кошт пенсіянераў і школьнікаў. Зноў падтрымку атрымаюць не тыя, каму яна больш патрэбная, а тыя, у каго больш сувязяў ва ўрадзе. І гэта не заўсёды карупцыя, можа быць проста інфармацыйнае лабіяванне. Чаму мы павінны падтрымліваць ІТ, а не тых, хто збірае ягады ў Закарпацці? Мы пра іх можам проста не ведаць, а сярод ІТ у нас шмат знаёмых.

Пра падтрымку ІТ

– У Беларусі таксама актыўна ідуць размовы пра падтрымку ПВТ. Як вы лічыце, ці трэба падтрымліваць ІТ?

– Сёння ІТ з’яўляецца стратэгічнай індустрыяй. І ў нейкім сэнсе Украіна канкуруе з Беларуссю, з Расіяй. Таму калі вы зробіце больш жорсткія правілы, то ўкраінская ІТ-індустрыя пойдзе наперад. У межах краіны такія ільготы несправядлівыя, але ў параўнанні з іншымі краінамі, магчыма, так і трэба рабіць. Ва Украіне, думаю, як і ў вас ІТ-лобі даволі моцнае.

 Калі вы зробіце больш жорсткія правілы, то ўкраінская ІТ-індустрыя пойдзе наперад.

У нас таксама даволі простыя ўмовы для ІТ – ёсць такі панятак як “прыватны прадпрымальнік”, які плоціць 5 % падаткаў. Буйныя кампаніі такім чынам афармляюць персанал. Гэта вельмі дзіўна, але большасць украінцаў са мною не згодныя, яны лічаць, што трэба падтрымліваць ІТ. Але людзі, якія працуюць на заводзе і плоцяць умоўныя 40 % ці 20 % падаткаў, яны хіба чымсьці горшыя? Ім трэба ўсё кінуць і таксама ісці ў ІТ.

На гэтыя пытанні няма простых адказаў. У ідэале ўсім патрэбныя аднолькавыя правілы. У той жа час ёсць міжнародная барацьба і стратэгічныя індустрыі. Ствараецца ўражанне, што мультыплікатар на ІТ вялікі, але ці вялікі ён сапраўды – гэта яшчэ пытанне. Мабыць нас проста пераканалі і гэта проста хайп.

Лічыцца, што падтрымка ІТ бясплатная, але бясплатнай падтрымкі не бывае.

Колькасць рэсурсаў абмежаваная. Лічыцца, што падтрымка ІТ бясплатная, але бясплатнай падтрымкі не бывае. Нават калі мы не сабралі падаткаў, гэта значыць, што іх няма. Значыць у іншых месцах сабралі падаткі і хтосьці заплаціў больш. А калі падтрымка не бясплатная, то трэба казаць, колькі грошай укладзена і які атрымаўся вынік.