падтрымаць нас

Грамадства

Краіна не для кніг. Што рабіць з непатрэбнымі бібліятэкамі

Краіна не для кніг. Што рабіць з непатрэбнымі бібліятэкамі
Большасць публічных бібліятэк страціла свой сэнс і павінна змяніць сваю місію.

Беларускія бібліятэкі перажываюць не найлепшыя часы. За апошнія 15 гадоў іх колькасць скарацілася амаль удвая, а Мінск стаў лідарам аптымізацыі – колькасць бібліятэк тут зменшылася амаль у чатыры разы. І па вялікім рахунку, іх колькасць магла б зменшыцца яшчэ больш, калі б не практыка перапісвання неактыўных абанентаў з года ў год. Гэтая статыстыка, відавочна, залагоджвае стан рэчаў.

Пры гэтым памер бібліятэчнага фонду змяншаецца. Сёлета было выдадзена амаль у тры разы меней асобнікаў кніг і брашур, чым у 2000-ым. На гэта несумненна ўплывае няздольнасць бібліятэк папаўняць свае фонды, якія за 15 гадоў скурчыліся больш чым на 17,5 млн экзэмпляраў. Старызна спісваецца, а новых папаўненняў няшмат. Фактычна, бібліятэкі становіцца месцам для старой інфармацыі.

 

Ды і людзі шукаюць інфармацыю ўжо зусім не ў бібліятэках. Паводле Google, 91 % беларускіх інтэрнэт-юзераў штодзённа заходзяць у сеціва, а паводле Белстата, сярэдні жыхар Беларусі праводзіць перад камп’ютарам у два разы больш часу, чым чытае.

Што варта рабіць уладам

Хоць улады Беларусі імкнуцца ўпісваць ідэю захавання ролі бібліятэк у рамкі Года культуры (2016-ы) ці Года кнігі (2012-ы), здаецца, што бібліятэкі незваротна перасталі быць месцам пошуку інфармацыі. Ледзь не адзіным, чым яны могуць прывабіць чытача, выглядае мастацкая літаратура. Менавіта з гэтай прычыны падчас Года кнігі і Года культуры асаблівая ўвага надавалася класікам і творчым вечарынам, прысвечаным выбітным дзеячам беларускай культуры.

Напрыклад, метадычная рэкамендацыя Міністэрства культуры для бібліятэк на 2016 год пералічвае каля 80-ці святаў і юбілейных дат, якім неабходна надаць “асаблівую ўвагу”. А таму падрыхтоўка і арганізацыя імпрэзаў не можа не займаць большасці часу бібліятэкараў.

Але ўлады павінна пайсці далей, а бібліятэкі перастаць сябе ўспрымаць кнігасховішчам, але месцам публічных мерапрыемстваў, якія будуць звязаныя не толькі з культурай. Найлепш гэта спрацуе з адукацыйнымі курсамі, напрыклад, для старэйшых людзей. Камп’ютарныя ці моўныя заняткі прыцягнуць увагу тых, хто шукае ведаў, а цеснае супрацоўніцтва з Універсітэтам залатога веку зробіць бібліятэку месцам сустрэчы пенсіянераў.

Стварэнне інтэрнэт-кавярняў можа зноў зрабіць бібліятэку месцам пошуку інфармацыі. Дармовы ці танны доступ да сеціва для чытачоў, кава ці гарбата і ўтульнае месца не могуць не зацікавіць. Калі карыстальнік сышоў у інтэрнэт – чаму б не зацікавіць яго інтэрнэтам?

Каб зноў стаць sexy, беларускім бібліятэкам не хапае праактыўнасці і адпаведнага маркетынгу. Варта пачаць са стварэння сваіх блогаў, рэкламы новых паступленняў ці раздачы спісаных кніг людзям на вуліцы замест пунктаў макулатуры. Каб зацікавіць чытача, трэба прыцягнуць яго ўвагу. Наўрад ці можна вырашыць гэту задачу без выйсця па-за сцены цёплых бібліятэк.