падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Міраж структурных рэформаў

Міраж структурных рэформаў
Прафесар Гарвардскага ўніверсітэта Дані Родрык заклікае Грэцыю засяродзіцца на чынніках, якія стрымліваюць эканамічны рост, асабліва ў сектары тавараў, якія карыстаюцца попытам на вонкавым рынку.

Усе эканамічныя праграмы, навязаныя Грэцыі крэдыторамі з 2009 года, калі ўспыхнуў фінансавы крызіс, маюць агульную пыхлівую ідэю: структурныя рэформы, праведзеныя смела і  без зацягвання тэрмінаў, мусяць прывесці да імклівага эканамічнага адраджэння. Еўрапейская камісія, Еўрапейскі цэнтральны банк і Міжнародны валютны фонд прадказвалі, што жорсткая эканомія бюджэтных сродкаў кепска адаб’ецца на прыбытках і колькасці працоўных месцаў – хоць яны і значна недаацэньвалі памер гэтага негатыўнага ўплыву. Але яны сцвярджалі, што доўгачаканыя (і надзвычай патрэбныя) прарынкавыя рэформы прывядуць да адпаведнага росту эканомікі Грэцыі.

Любая сур’ёзная ацэнка фактычных вынікаў структурных рэформаў у свеце, у прыватнасці, у Лацінскай Амерыцы і Усходняй Еўропе, пачынаючы з 1990 года, вылье вядро халоднай вады на галовы тых, хто мае такія спадзевы.

Прыватызацыя, дэрэгуляцыя і лібералізацыя звычайна прыводзяць да росту ў доўгатэрміновай перспектыве, а кароткатэрміновыя вынікі найчасцей негатыўныя.  

Гэтак адбываецца не таму, што ўрады няздольныя арганізаваць старт імклівага росту. Насамрэч паскарэнне тэмпаў росту з’яўляецца даволі звычайнай практыкай у свеце. Аднак яно хутчэй мусіць суправаджацца лепш накіраваным, выбарачным пазбаўленнем ад асноўных перашкодаў, чым агульнай лібералізацыяй і намаганнямі па рэфармаванні эканомікі ў цэлым.

Тэорыя правядзення структурных рэформ простая: адкрыццё эканомікі для канкурэнцыі падвышае эфектыўнасць. Зменшыце рэгуляцыі – напрыклад, у галінах дзейнасці натарыяльных кантораў ці службаў таксі, – і неэфектыўныя пастаўшчыкі паслугаў будуць выцесненыя больш прадуктыўнымі фірмамі. Прыватызуйце дзяржаўныя прадпрыемствы, і новае кіраўніцтва рацыяналізуе вытворчасць (і пазбавіцца ад лішніх працаўнікоў, якія атрымалі пасады, толькі дзякуючы палітычнаму патранажу).

Гэтыя змены не прывядуць да эканамічнага росту імгненна, але яны павялічаць патэнцыял эканомікі ды паспрыяюць прыбытку ў доўгатэрміновай перспектыве.

Эканамічны рост з’яўляецца аўтаматычна, калі эканоміка набліжаецца да гэтага вышэйшага ўзроўню доўгатрывалага прыбытку.  

Многія навуковыя даследаванні высветлілі, што ступень канвергенцыі складае каля 2% штогод. Гэта значыць, кожны год эканоміка імкнецца ліквідаваць 2% той розніцы паміж фактычным і патэнцыйным узроўнем прыбыткаў.

Гэтая ацэнка дае нам магчымасць разлічыць велічыню прыросту, якую можна чакаць у выніку структурнай рэформы. Давайце будзем гіпераптымістамі і ўявім, што структурныя рэформы дазволяць Грэцыі ўдвая павялічыць яе патэнцыйны прыбытак цягам трох гадоў і падштурхнуць ВУП краіны per capita нашмат далей, чым у сярэднім па ЕС. Прымяніўшы матэматыку канвергенцыі, мы бачым, што гэта справакуе рост эканомікі толькі на 1,3% у год на бліжэйшыя тры гады. Каб паставіць гэтую лічбу ў перспектыву, узгадайце, што ВУП Грэцыі скараціўся на 25% з 2009 года.

Такім чынам, калі структурныя рэформы ў Грэцыі не апраўдалі сябе, то гэта не таму, што ўрад даў слабіну. Насамрэч у Грэцыі працэнт рэалізацыі даволі высокі. З 2010 па 2015 Грэцыя паднялася амаль на 40 пунктаў у рэйтынгу бізнес-асяроддзя Сусветнага банка. Насамрэч сучаснае расчараванне палягае ў самой логіцы структурных рэформаў – паляпшэнне наступае потым, не тады, калі краіна мае ў ім вострую патрэбу.

Існуе альтэрнатыўная стратэгія, якая магла б забяспечыць значна хутчэйшы рост.

Выбарачны падыход, скіраваны ў першую чаргу на “перашкоды, якія звязваюць”, – у тых галінах, дзе патэнцыял росту найбольшы – прынясе карысць максімальна хутка. Такі падыход таксама прадугледжвае, што ўлады Грэцыі будуць выдаткоўваць каштоўныя палітычныя і людскія рэсурсы толькі на барацьбу, якая сапраўды важная.

Такім чынам, на якія перашкоды, што звязваюць, у Грэцыі трэба накіраваць высілкі?

Наймацнейшы штуршок у падтрымку рэформы можа даць падвышэнне прыбытковасці тавараў, якія карыстаюцца попытам на сусветным рынку – стымуляванне інвестыцыяў і прадпрымальніцтва ў экспартнай дзейнасці, як ужо існай, гэтак і новай. Натуральна, Грэцыя не можа пайсці самым кароткім шляхам да гэтай мэты, бо не мае адпаведнага інструмента – дэвальвацыі валюты – з-за сяброўства ў еўразоне. Аднак досвед іншых краінаў дае багаты выбар альтэрнатыўных інструментаў для прасоўвання экспарту – ад падатковых стымулаў да спецыяльных зон для мэтавых інфраструктурных праектаў.

Найбольш тэрмінова Грэцыя мусіць стварыць установу, блізкую да прэм’ер-міністра, якая б займалася стымуляваннем дыялогу з патэнцыйнымі інвестарамі. Гэтая ўстанова павінна мець паўнамоцтвы ліквідаваць выяўленыя перашкоды самастойна, а не рассылаць прапановы, каб яны завісалі ў шматлікіх міністэрствах. Гэтыя праблемы звычайна вельмі спецыфічныя – да прыкладу, рэгуляванне занавання, навучальныя праграмы – і наўрад ці могуць быць эфектыўна вырашаныя пры дапамозе шырокіх структурных рэформ.

Адсутнасць агульнага фокуса на хадавых таварах да гэтага часу прынесла шмат стратаў. Розныя рэформы аказвалі супярэчлівы ўплыў на канкурэнтаздольнасць экспарту. Напрыклад, у вытворчасці перавагі для канкурэнтаздольнасці, здабытыя шляхам зніжэння заробкаў (“унутраная дэвальвацыя”), былі нівеляваныя павелічэннем выдаткаў на энерганосьбіты ў выніку фіскальных захадаў жорсткай эканоміі і карэкціроўкі коштаў з боку дзяржаўных прадпрыемстваў. Больш сфакусаваная стратэгія рэфармавання магла б абараніць экспартную дзейнасць ад такіх супрацьлеглых уздзеянняў.

Звычайныя структурныя рэформы маюць тэндэнцыю схіляцца ў бок “лепшых практык” – сродкаў, якія нібыта дзейнічаюць паўсюдна. Аднак паспяховыя краіны свету выявілі, што найлепшыя практыкі мыслення не надта дапамагаюць у прасоўванні новага экспарту. Без уласнай валюты ўраду Грэцыі даводзіцца быць надзвычай крэатыўным і творчым.

У прыватнасці досвед іншых краінаў паказвае, што для хуткай рэакцыі з боку прапановы неабходны выбарачныя, дыферэнцыяваныя меры на карысць экспарцёраў, а не “гарызантальная” палітыка, якая прасоўвае ў першую чаргу звычайную структурную рэформу. У гэтым і заключаецца парадокс: чым больш артадаксальнай з’яўляецца макраэканамічная і фіскальная стратэгія Грэцыі, тым больш нетрывіяльнай мусіць быць стратэгія эканамічнага росту.

А якую стратэгію росту павінна мець Беларусь? Адказ шукайце на Кастрычніцкім эканамічным форуме, які пройдзе 3-4 лістапада ў Мінску.