падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Як баскі перамаглі крызіс і тэрарызм ды сталі багатымі

Як баскі перамаглі крызіс і тэрарызм ды сталі багатымі
Калі Беларусь хоча правесці эканамічныя рэформы і пры гэтым захаваць свой індустрыяльны патэнцыял, яна павінна браць прыклад з Краіны Баскаў.

Бытуе думка, што паўночныя краіны ЕС болей канкурэнтаздольныя і багацейшыя за паўднёвыя, і грэчаскі крызіс стаў добрым таму пацверджаннем. Хоць такі тэзіс збольшага слушны на міжкраінавым узроўні, асобныя рэгіёны ламаюць шаблон. Валавы ўнутраны прадукт Краіны Баскаў, аўтаномнага іспанскага рэгіёна з 2,2 млн жыхароў, большы за ВУП Беларусі з 9,5 млн чалавек. Гэта робіць баскаў на 10 % багацейшымі за сярэдняга грамадзяніна ЕС і ажно на траціну больш заможнымі за сярэднестатыстычнага іспанца. Пры гэтым у канцы 1980-ых рэгіён меў даволі дэпрэсіўную эканоміку і перажываў тэрарыстычныя акты групоўкі ЭТА. Як Краіна Баскаў дасягнула эканамічнага поспеху?

Эканоміка Краіны Баскаў і Іспаніі: у чым розніца

Баскі перадусім вядомыя свету сваёй цікавай мовай і непаўторнай культурай. Тым часам Краіна Баскаў вылучаецца і з эканамічнага гледзішча. Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу рэгіёна параўнальны з гэтым паказнікам у найбольш развітых краінах свету. Нярэдка рэгіён ідзе прыкладам лепшых практык развіцця канкурэнтаздольнасці ў выданнях Еўракамісіі і Арганізацыі эканамічнай супрацы. Сапраўды, займаючы ўсяго 1,5 % тэрыторыі Іспаніі, Краіна Баскаў вырабляе 6 % валавога ўнутранага прадукту краіны. І гэта не чыстая выпадковасць, а вынік прадуманай эканамічнай палітыкі рэгіёна.

Сучасная Краіна Баскаў, альбо Эускáдзі (Euskadi), – гэта адна з сямнаццаці іспанскіх аўтаномных вобласцяў. Яе ўтвараюць тры правінцыі агульнай плошчай каля 7 тыс. квадратных кіламетраў, што адпавядае пятай частцы Мінскай вобласці. Гістарычна да Краіны Баскаў належала яшчэ іспанская правінцыя Навара ды тры памежныя французскія раёны. Дагэтуль на плакатах баскскіх нацыяналістаў вы пабачыце абрысы менавіта вялікай Басконіі, а не сучаснай аўтаномнай вобласці.

Эканоміка Краіны Баскаў, якая пацярпела ад сусветнага эканамічнага крызісу 2008-га, летась нарэшце ачуняла. У 2014-ым валавы ўнутраны прадукт рэгіёна падрос на 1,2 % і дасягнуў € 62,3 млрд. Гэта на € 6 млрд болей за ВУП Беларусі. Паводле ВУП на душу насельніцтва (€ 29,7 тыс. у 2014-ым годзе), Краіна Баскаў сярод іспанскіх рэгіёнаў саступае толькі Мадрыду.

Баскі маюць і самыя высокія заробкі ў краіне (€ 2243 еўра ў месяц), а ўзровень беспрацоўя напачатку 2015-га года быў на 7 % меншы за сярэдні па краіне: 16,4 % супраць 23,8 % (у аўтаномным рэгіёне Андалузія, да прыкладу, траціна жыхароў не мае працы).

sueldo medio 2013.jpg

Ілюстрацыя 2. Сярэднегадавы заробак у 2013 годзе, тысяч еўра

Ранняя індустрыялізацыя баскаў

Структура эканомікі Краіны Баскаў заўсёды вылучалася высокай доляй прамысловасці. На тое былі аб’ектыўныя прычыны  – раней тут здабывалі жалезную руду і вугаль. Блізкасць мяжы і марскіх партоў спрыяла гандлю.

Калі ў Беларусі маштабная індустрыялізацыя пачалася за савецкімі часамі, дык Краіна Баскаў была даволі развітай прамыслова ўжо ў сярэдзіне XIX-га стагоддзя. У 1860-ых найбольш прамыслова развітымі рэгіёнамі Іспаніі былі дзве баскскія правінцыі, Гіпускаа і Біскайя, а таксама Барселона. Следам за прамысловасцю пачаў развівацца фінансавы рынак. У 1914-ым баскі мелі найбольшы ўзровень прыватных ашчаджэнняў. Эканамічнае развіццё адбілася на ўзроўні адукацыі: у 1930-ым у Краіне Баскаў быў найвышэйшы ўзровень пісьменнасці ў Іспаніі ды найбольшая доля прадпрымальнікаў з вышэйшай адукацыяй.

Падчас рэжыму Франка (1936-1975) прамысловасць засталася рухавіком эканомікі і забяспечвала палову ўсіх працоўных месцаў. У так званы “залаты век капіталізму” (перыяд пасля Другой сусветнай вайны і да нафтавага крызісу 1970-ых) валавы ўнутраны прадукт павялічыўся ў тры разы, а насельніцтва дасягнула двух мільёнаў, і з таго часу яго колькасць істотна не змянялася.

Пераход да дэмакратыі і эканамічны крызіс

У 1975-ым годзе памёр генерал Франка пасля 40 гадоў аўтарытарнага кіравання. Праз некалькі гадоў Краіна Баскаў атрымала статус аўтаноміі, які даў рэгіёну шырокую фінансавую свабоду, уключна з правам самастойна збіраць і распараджацца падаткамі. Пераход да дэмакратыі і самакіравання адбыўся адначасова з пачаткам вялікага эканамічнага крызісу. Паколькі аснову эканомікі складала прамысловасць, энергетычны крызіс адбіўся на Краіне Баскаў болей, чым на іншых рэгіёнах Іспаніі. ВУП рэзка скараціўся і беспрацоўе пайшло ўгару.

Сітуацыю ўскладняў усплёск актыўнасці сепаратысцкай групоўкі ЭТА, якая выступала за поўнае аддзяленне ад Іспаніі. 1980-ты ўвайшоў у гісторыю як самы крывавы год ЭТА   – у выніку тэрактаў загінулі амаль 100 чалавек. Даследчыкі падлічылі, што страты ад тэрарызму складалі каля 1 % валавога прадукту рэгіёна. Лічба страчаных прыбыткаў нашмат большая (ажно да 20 % ВУП Краіны Баскаў), калі ўлічыць ніжэйшы за патэнцыйны ўзровень інвестыцый ды іншыя наступствы.

Новы ўрад Краіны Баскаў, у якім пераважалі нацыяналісты, паставіў мэты падрыхтавацца да інтэграцыі з ЕС і зрабіць прамысловую перабудову. Ён жа стаў галоўным правадніком новай эканамічнай стратэгіі, бо пазіцыі прадпрымальніцкіх колаў Краіны Баскаў рэзка аслаблі. Па-першае, шмат прадпрымальнікаў пакінулі Краіну Баскаў з-за дзеянняў групоўкі ЭТА: вымагальніцтваў (так званы “падатак на рэвалюцыю”), рабаўніцтваў, выкрадання людзей. Па-другое, прадпрымальнікі згубілі давер да сябе з боку насельніцтва з-за наступстваў крызісу – банкруцтваў ды масавых звальненняў.

Перабудова “а-ля баска”: адукацыя, інавацыі, лепшы сусветны досвед

Калі многія рэгіёны Іспаніі сталі развіваць сферу паслуг і турызм, баскскі ўрад вырашыў не адмаўляцца ад традыцыйнага прамысловага сектара, але зрабіць стаўку на рэформы ды інавацыі. У 1981-ым паўстала Таварыства па прамысловым развіцці і перабудове, якое займалася маштабнай Праграмай па рэструктурызацыі. Неканкурэнтныя прадпрыемствы і галіны прамысловасці адышлі ў нябыт, затое тыя бізнесы, што мелі канкурэнтную перавагу і былі асабліва скіраваныя на экспарт, займелі фінансавую падтрымку і змаглі развіцца. З цягам часу гэта дазволіла баскскім кампаніям выйсці на рынкі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і далёкага замежжа.

pais_vasco3

У 1990-ым урад Краіны Баскаў звярнуўся да вядомага эканаміста Майкла Портэра, каб той параіў, куды рухацца далей. Парады Портэра і іншых экспертаў далі пачатак кластарызацыі эканомікі Краіны Баскаў. Пад кластарам маецца на ўвазе супольнасць прадпрыемстваў і ўстановаў (універсітэты, навукова-даследчыя інстытуты і г.д.), якія належаць да аднаго сектара гаспадаркі і блізкія геаграфічна. Аб’яднаныя ў кластар, баскскія кампаніі супольна займаліся навуковымі распрацоўкамі, на што паасобку не хапала грошай. У сярэдзіне 2000-ых у Краіне Баскаў існавала ўжо 11 кластараў, у якія ўваходзіла каля 800 прамысловых прадпрыемстваў Эускадзі (6 % ад агульнай колькасці). Пры гэтым яны забяспечвалі траціну працоўных месцаў і рабілі гэткі ж унёсак у валавы даход баскскай прамысловасці.

У 2000-ых Краіна Баскаў скіравала эканамічную стратэгію на развіццё новых эканамічных галінаў, напрыклад, бія- і нанатэхналогій. Акцэнт на прамысловасці, а не на спекуляцыйным жыллёвым будаўніцтве, зрабіў эканоміку Басконіі менш уразлівай да крызісу 2008-га года. Прамысловасць стварае шмат працоўных месцаў і рухае ўперад навуку, якая спрыяе развіццю інавацый. У 2011-ым насуперак крызісу баскскія кампаніі дасягнулі рэкордна высокіх паказнікаў экспарту – € 21 млрд, яшчэ праз тры гады – € 22 млрд, амаль дзясятая частка экспарту ўсёй Іспаніі.

Краіна Баскаў працягвае ўкладаць фінансы ў інавацыі і чалавечы капітал. Па праграме “ІкерБаск” у даследчыя цэнтры і ўніверсітэты Басконіі прыцягнута каля дзвюх соцень замежных навукоўцаў. Укладанні ў навуковыя распрацоўкі ў Краіне Баскаў параўнальныя з сярэднееўрапейскімі (1,99 % і 2,02 % ад ВУП, адпаведна) і нашмат вышэйшыя за агульнаіспанскі паказнік (1,24 %).

Такім чынам, гісторыя поспеху Краіны Баскаў – вынік доўгай паслядоўнай працы. У 1980-ыя ўлады рэгіёна пачалі з рэструктурызацыі прамысловасці, у 1990-ыя надалі штуршок працэсам кластарызацыі эканамічнай дзейнасці і зрабілі першыя крокі да дыверсіфікацыі ў такіх галінах, як аэранаўтыка і тэлекамунікацыі. У XXI-ым стагоддзі Краіна Баскаў працягнула развіваць партнёрства паміж кампаніямі і даследчымі інстытутамі, паляпшаць сваю адукацыйную сістэму ды пасунулася да развіцця новых сучасных галінаў эканомікі – біятэхналогій, нанатэхналогій і ўзнаўляльнай энергетыкі.

Басконская эканамічная гісторыя можа быць карыснай і паказальнай таксама для нас. Беларускія ўлады шчыра спадзяюцца развіваць найноўшыя галіны эканомікі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку (КБІП) і лічаць, што вядучыя кампаніі прыйдуць у КБІП, калі знайсці належныя інвестыцыі. Прыклад Басконіі абдае халодным душам і сведчыць, што да бія- і нанатэхналогій ляжыць доўгая дарога структурных рэформаў, развіцця кластараў і паляпшэння адукацыйнай сістэмы.