падтрымаць нас

Грамадства

У чым сіла? Альбо як мірныя пратэсты вядуць да дэмакратыі

У чым сіла? Альбо як мірныя пратэсты вядуць да дэмакратыі

Беларусь – адна з многіх краін свету, у якіх адбываліся спробы змены аўтарытарных рэжымаў. Мы вырашылі паглядзець, што кажуць акадэмічныя даследаванні пра падзенне рэжымаў і ў чым сіла негвалтоўных акцый пратэсту.

1. Мірны пратэст у 12 разоў больш эфектыўны ў барацьбе з аўтакратыяй

Артыкул аўтарак Марыі Джэй Стэфан і Эрыкі Чэнавэст, апублікаваны ў часопісе International Security, аналізуе логіку негвалтоўных пратэстаў. 

Дадзенае даследаванне прааналізавала вынікі 323 гвалтоўных і негвалтоўных пратэстаў з 1900-га да 2006-га года. Яно сведчыць, што 53 % негвалтоўных пратэстаў заўсёды дасягалі сваёй мэты, а толькі 26 % гвалтоўных пратэстаў прыводзілі да жаданага. Так, аўтарытарныя рэжымы ў 12 разоў больш схільныя здацца перад мірным пратэстам, чым перад гвалтоўным.

Уладам значна прасцей апраўдаць падаўленне гвалтоўнага пратэсту, і таму не дзіўна, што прапагандысцкія дзяржаўныя медыі ў Беларусі ўсімі сіламі стараюцца маляваць карціны выпадкаў гвалту з боку пратэстоўцаў.  

Адметнасць негвалтоўных кампаній заключаецца ў тым, што яны не карыстаюцца існымі інстытутамі аўтарытарнай улады, а абапіраюцца на непалітычныя механізмы. Напрыклад, калі ў Беларусі складана спадзявацца на справядлівы суд над удзельнікамі мірных пратэстаў, узнікаюць такія ініцыятывы, як хакерскія атакі на дзяржаўныя сайты, забастоўкі ці ланцугі салідарнасці. 

Гвалт дзяржавы вядзе да зніжэння статусу рэжыму, а таксама мабілізуе большую колькасць людзей і прыцягвае ўвагу міжнароднай супольнасці.

Яшчэ адна выснова даследавання – негвалтоўныя пратэсты маюць больш шанцаў, каб перацягнуць на свой бок судовую сістэму і паўплываць на ўвядзенне кропкавых міжнародных санкцый супраць прадстаўнікоў улады. Чым больш шырокая і дэцэнтралізаваная кампанія, тым большая верагоднасць, што пратэсты дасягнуць мэты.  Дэцэнтралізаваны пратэст, асабліва на фоне гвалту з боку рэжыму, набывае статус нацыянальнага руху і часта вядзе да дэмакратычных зменаў. 

2. Аўтакратам патрэбны імунітэт

Дыялог і перамовы па трансферы ўлады нашмат больш рэалістычныя пры мірных пратэстах, бо часта пры такіх умовах аўтарытарным лідарам гарантуецца імунітэт і бяспека. Увогуле меншая доля гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў заўважная ў выпадку, калі аўтарытарнаму лідару прапануюцца гарантыі бяспекі. Разумеючы магчымыя пагрозы пазбаўлення ўлады, аўтакраты могуць імкнуцца ўтрымліваць пасаду любымі жорсткімі метадамі. Але, маючы імунітэт і прапановы выхаду з сітуацыі, кіраўнік краіны больш ахвотна ідзе на перамовы, – сцвярджаюць аўтары даследавання. Напрыклад, у Емене прэзідэнт Алі Абдула Салех у 2011-ым годзе атрымаў поўны імунітэт і сышоў з пасады. 

Гарантыі бяспекі для Лукашэнкі ў выпадку яго адмовы ад улады пакуль яшчэ не абмяркоўваюцца шырока. На фоне абурэння рэпрэсіямі куды часцей гучаць лозунгі кшталту “Лукашэнку – у Гаагу”, але, калі перамовы з уладамі наконт магчымага трансферу ўлады ўсё ж пачнуцца, гэтая тэма будзе адной з асноўных на парадку дня. Для Каардынацыйнай Рады было б выгадна кулуарна прасоўваць аргумент аб гарантыях бяспекі для Лукашэнкі і яго сям’і ўзамен на вызваленне прэзідэнцкага крэсла. 

3. Гвалтоўны захоп улады – шлях да дыктатуры?

З дапамогай статыстычных метадаў даследчыкі прааналізавалі выпадкі гвалтоўнага захопу ўлады з 1950-га да 2014-га. Галоўны вынік даследавання заключаецца ў тым, што гвалтоўны захоп улады рэдка прыводзіць да дэмакратыі. У большасці выпадкаў такая форма змены рэжыму заканчваецца яшчэ большай жорсткасцю і парушэннем правоў чалавека.  

Іншыя даследаванні пацвярджаюць гіпотэзу аб тым, што кампаніі мірнага супраціву з вялікай верагоднасцю вядуць да дэмакратызацыі. Статыстычны аналіз дэманструе, што дэмакратычныя рэжымы, якія сталі вынікам негвалтоўных пратэстаў, вельмі стабільныя ў доўгатэрміновай перспектыве. Аўтары аднаго з артыкулаў называюць гэты феномен дэмакратычным дывідэндам мірнага супраціву.

4. Персаналісцкія рэжымы больш складана замяніць дэмакратыяй

Даследаванне Універсітэта Аб’яднаных Нацый змяшчае аналіз 48 выпадкаў пераходу рэжымаў ад аўтакратый. Аўтары выдзяляюць чатыры тыпы аўтарытарных рэжымаў: вайсковыя, персаналісцкія, аднапартыйныя і змешаныя. Персаналісцкія аўтарытарызмы ў большасці выпадкаў здольныя ўтрымліваць уладу доўгі час, аднак неабавязкова гвалтоўным чынам. Часта адбываецца пераход ад персаналісцкага аўтарытарызму да новага аўтарытарнага праўлення. Пры гэтым неабавязкова, што былы аўтакрат губляе кантроль над уладай. Яскравы прыклад – транзіт улады ад Назарбаева да лаяльнага яму Такаева ў Казахстане, ці ад Пуціна – Мядзведзеву. У Беларусі ўмоўных Такаева і Мядзведзева пакуль не прадбачыцца, але варыянт перадачы фармальнай улады аднаму з сыноў Лукашэнкі не выглядае міфічным.

5. Тры тыпы транзіту і іх вынікаў

У даследаванні ААН “Калі дыктатуры падаюць: перадухіленне жорсткіх канфліктаў падчас пераходу ад аўтарытарнага кіравання” прапануецца тыпалогія транзітаў ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Выдзяляюць стабільныя, неадназначныя і нестабільныя транзіты. У першым выпадку назіраецца адносна нізкая ступень гвалту і хуткі транзіт улады, які пераходзіць у палітычныя рэформы (Арменія, Грузія). У выпадку неадназначных рэжымаў гвалт ідзе хвалямі і прыводзіць да нявызначанай палітычнай сістэмы, якая стабілізуецца даўжэй, чым пры папярэднім сцэнары пераходу (напрыклад, Украіна). Нестабільныя транзіты рэжымаў – гэта рэзкі і шокавы пераход, які звычайна прадугледжвае сур’ёзную ступень гвалту і доўгі тэрмін нестабільнасці (тут кіруем зрок у бок Венесуэлы). Пакуль падзеі ў Беларусі далёкія ад венесуэльскага сцэнару, асабліва ўлічваючы структуру эканомікі краінаў, але, прыгадваючы беспрэцэдэнтны гвалт з боку сілавікоў 9-11 жніўня, ігнараваць магчымасць зацяжнога і нестабільнага пераходу нельга. 

Іншае даследаванне акрэслівае тры галоўныя вынікі транзіту ад аўтакратый. На прыкладзе 280 аўтарытарных рэжымаў у перыяд 1946-2010 гадоў амерыканскія даследнікі робяць выснову пра тое, што існуюць тры магчымыя вынікі звяржэння дыктатураў. Першы – захаванне рэжыму пры новым лідары, другое – дэмакратызацыя палітычнай сістэмы, трэцяе – новы аўтарытарны рэжым. 

45 % прааналізаваных аўтарамі паспяховых транзітаў заканчваліся дэмакратычным ладам, а ў большасці выпадкаў (55 %) пратэсты вялі да новага аўтарытарызму.

Працягваць мірныя пратэсты альбо пераходзіць да больш рашучых дзеянняў, спадзявацца на перамовы з уладамі альбо фармаваць паралельныя структуры, здольныя ўзяць на сябе кіраванне краінай? Мірныя пратэсты беларусаў супраць фальсіфікацыі выбараў і жорсткага катавання суайчыннікаў выклікалі бурныя дыскусіі пра розныя стратэгіі дзеянняў, скіраваныя на дэмакратызацыю краіны. Можна спрачацца з Бабчанкам ці захапляцца Кацам – але ў любым выпадку, разважаць пра вынік беларускіх пратэстаў яшчэ рана. 

6. Дзяржаўныя інстытуты як абарона ад аўтакратаў

Цімаці Снайдэр у сваёй кнізе аб дваццаці ўроках ХХ-га стагоддзя адзначае, што пры любых зменах рэжымаў неабходна захоўваць інстытуты, бо яны з’яўляюцца гарантам дэмакратыі. Часта аўтарытарныя лідары імкнуцца адаптаваць інстытуты, каб пасля трымаць іх пад кантролем. Гэта можа адбывацца праз правядзенне рэферэндумаў па ўзмацненні ўлады (як у Беларусі ў 1996-ым годзе), праз абнуленне Канстытуцыі (Расія ў 2020-ым) альбо прызначэнне на пасады лаяльных і прыбліжаных да лідара людзей. Вельмі важна, каб тыя, хто прадстаўляе суды, СМІ, прафсаюзы, не здавалі сваіх пазіцыяў, каб зберагчы дэмакратычную інстытуцыйную аснову. 

Чым больш пашкоджаная сістэма інстытуцыйнай улады, тым складаней дасягнуць дэмакратызацыі праз прававое поле.

Гэта вельмі актуальна і для Беларусі, бо падзеі апошніх месяцаў ясна паказалі, што ўсе інстытуты (суд, пракуратура, следчы камітэт, парламент, органы мясцовай улады) знаходзяцца пад поўным кантролем аўтакратычнага рэжыму і выконваюць любыя яго загады, нават калі яны супярэчаць заканадаўству.

У той жа час лаяльнасць інстытутаў часта вядзе да дэзарыентацыі рэжыму, бо паведамляць лідару аб рэальнай падтрымцы лаяльныя эліты часта не спяшаюцца. Большасць аўтарытарных рэжымаў не зацікаўленая ў тым, каб рабіць справаздачы перад насельніцтвам. Але ў той жа час рэжымы хочуць ведаць сваю рэальную падтрымку. Калі рэжым не клапоціцца нават пра тое, каб элегантна фальсіфікаваць выбары, рэальная карціна свету можа стаць сюрпрызам як для сістэмы, так і для аўтакратаў. У шок можа прывесці нават неадабрэнне з боку невялікай групы людзей “тварам у твар”, што мы назіралі на Мінскім заводзе колавых цягачоў

Фота: АР