падтрымаць нас

Грамадства

Пяць краінаў, дзе лепш не быць жанчынай

Пяць краінаў, дзе лепш не быць жанчынай
Згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі здароўя, больш за мільярд жанчынаў застаюцца ахвярамі гвалту, агрэсіі і дыскрымінацыі.

Пакуль многія дзяржавы выпрацоўваюць сучаснае заканадаўства, забяспечваюць роўныя ўмовы працы і ўдзелу ў грамадскім жыцці, у свеце застаецца процьма краінаў, дзе жанчыне лепш не нараджацца.

Такія арганізацыі, як Human Rights Watch альбо Thomson Reuters Foundation праводзяць даследванні, якія асвятляюць праблемы жанчынаў. Падрыхтаваныя рапарты сведчаць, што многія краіны дагэтуль не гарантуюць жанчынам доступу да такіх простых рэчаў, як адукацыя ці медыцынская апека.

Індыя

Nalini Bharatwaj, 37, chairman of a management institute, holds a gun while posing in her office in New Delhi

Згодна з дадзенымі з 2011 году, у гэтай краіне жанчынаў на 37 мільёнаў менш, чым мужчынаў. Многія сем’і ўспрымаюць нараджэнне дачкі, як пракляцце, таму ідуць на female feticide – выдаленне жаночых эмбрыёнаў. Нягледзячы на існуючае заканадаўства, якое забараняе лекарам інфармаваць бацькоў аб поле іх будучага дзіця, дактары часта парушаюць закон і спрыяюць забойствам.

Многія падлеткі скончваюць жыццё самагубствам, каб зменшыць выдаткі іх сем’яў і выратаваць іх ад ганьбы жабрацтва. Каля 70 % жанчынаў застаюцца ахвярамі сямейнага гвалту, каля 100 мільёнаў кабет становяцца таварамі для гандлю, амаль палова дзяўчын прымушаецца да шлюбу да наступлення 18-годдзя.

Пакістан

pakistan

Некаторыя плямёны ў гэтай краіне выкарыстоўваюць групавое згвалтаванне, як кару за злачынствы, учыненыя мужчынамі. Многія сем’і ідуць на “ганаровае забойства”, каб змыць сваю ганьбу напрыклад за тое, што жанчына стала ахвярай гвалту ці нават апранаецца ў неадпаведным для грамадства стылі. Асабліва гэта датычыць палітычна актыўных жанчых. Штогод здзяйсняецца каля 1000 ганаровых забойстваў.

Грамадства Пакістану верыць, што жанчыны выконваюць перадусім рэпрадукцыйную ролю і мусяць дбаць выключна пра дом, дзяцей і мужчын. Толькі 36 % кабетаў хадзілі ў школу, а амаль 90 % з’яўляюцца ахвярамі хатняга гвалту. Многія замоўчываюць факты гвалту, каб захаваць гонар сям’і.

Самалі

Kenya East Africa Famine

Згодна з Human Rights Watch, за шэсць месяцаў 2013 году ўзровень фізічнага і сэксуальнага гвалту дасягнуў страшнага памеру. У гэтай няўдольнай краіне зарэгістравана толькі 800 актаў зваглтаванняў, хоць у рэчаіснасці гэтая лічба куды большая. Дадзеныя UNICEF сведчаць, што траціна згвалтаваных гэта дзеці. 95 % дзяўчынак ад 4 да 11 гадоў праходзяць праз жаночае абразанне, якое часам даводзіць да смерці.

Цяжарнасць застаецца адной з найбольш небяспечных рэчаў, якая можа здарыцца ў жыцці жанчыны. Слабы, а часта ніякі ўзровень медыцынскага абслугоўвання прыводзіць да таго, што жанчыны паміраюць у часе нараджэння дзіця. Толькі 9 % кабет нараджае ў адэкватных умовах.

Егіпет

Daily life in the Manial Sheiha Village

На ўскрайках Каіру існуюць цэлыя вёскі, дзе асноўным заняткам з’яўляецца гандаль людзьмі, звычайна жанчынамі, і вымушанне іх да шлюбу. Рапарт ААН ад красавіка 2013 году, сведчыць, што 99,3 % жанчынаў прайшлі праз фізічны ці сэксуальны гвалт. Многія з іх таксама і праз абразанне.

Грамадства прымае такі стан рэчаў, таму жанчыны любога ўзросту, незалежна ад грамадскай ці эканамічнай пазіцыі, вопраткі ці цывільнага стану могуць падвяргацца гвалту.

Афганістан

Women in Aphganistan.Reuters.Lucy Nicholson

Паўсюдная злачыннасць, жабранцтва, нізкі ўзровень медыцынскага абслугоўвання ставяць Афганістан на першае месца з пункту гледжання бяспекі. Сярэдні працяг жыцця жанчыны толькі 45 год. Грамадства дагэтуль жыве па законах шарыяту. Толькі 2 % жанчын маюць ідэнтыфікацыйныя дакументы, 85 % не маюць ніякай адукацыі. Прычынай з’яўляецца нізкі ўзровень бяспекі – па дарозе да школы дзяўчыны могуць быць выкрадзеныя.

Грамадскі статус жанчын залежыць ад мужчынаў. Калі ж жанчына становіцца ўдавой, то яна цалкам страчвае правы і асуджаная на гвалт ды грамадскую ізаляцыю. У выніку доўгіх войнаў каля мільёну ўдоваў аказаліся на вуліцы і вымушаныя гандляваць уласным целам.