падтрымаць нас

Артыкулы

Месяц пасля выбараў: як адрэагаваў Захад?

Месяц пасля выбараў: як адрэагаваў Захад?

9-га жніўня ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якія перацяклі ў хвалю мірных пратэстаў і непрапарцыйнага гвалту з боку рэжыму. За гэты час з’явілася шмат ініцыятыў і заяваў заходніх краін і краін-суседак. Галоўныя з іх узгадваем ніжэй. 

Палітыка

Краіны Балтыі забаранілі Лукашэнку ўезд і ўнеслі 31 беларускага чыноўніка ў спіс неўязных

Гэтыя асобы сваімі асабістымі дзеяннямі арганізоўвалі і падтрымлівалі фальсіфікацыю выбараў прэзідэнта Беларусі 9-га жніўня 2020-га года, а таксама падтрымлівалі гвалтоўнае падаўленне мірных акцый пратэсту”, – пішуць у прэс-рэлізе латвійскага МЗС. 

Еўразвяз асуджае гвалт супраць пратэстоўцаў, палітычныя рэпрэсіі і высылку грамадзян Беларусі

Прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль неаднаразова выказваўся супраць непрапарцыйнага гвалту супраць пратэстоўцаў. Заклікаючы дзейныя ўлады Беларусі спыніць гвалт і пераслед палітычных апанентаў, ЕС неаднаразова нагадваў афіцыйнаму Мінску пра міжнародныя абавязкі. 

Еўрапарламент прызнаў Лукашэнка персонай нон-грата, асудзіў гвалт і не прызнаў выбары

У сумеснай заяве еўрадэпутатаў адмаўляецца, што выбары 9-га жніўня ў Беларусі былі свабоднымі і справядлівымі. Еўрапарламент заклікаў да правядзення новых выбараў. “Мы апладзіруем беларускаму народу за мужнасць і адвагу і рашуча падтрымліваем імкненне да дэмакратычных пераменаў і свабоды. Прэзідэнцкія выбары 9-га жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і надзейныя крыніцы сведчаць пра перамогу Святланы Ціханоўскай. Таму мы не прызнаем Аляксандра Лукашэнку пераабраным прэзідэнтам Беларусі і лічым яго персонай нон-грата ў Еўрапейскім Саюзе”, – цытуе заяву “Белсат”.

Санкцыйны спіс чыноўнікаў з Беларусі будзе падрыхтаваны ў найбліжэйшы час

Еўрасаюз рыхтуе спіс беларусаў, наўпрост звязаных з гвалтам у адносінах да мірных пратэстоўцаў, з фальсіфікацыяй выбараў і палітычнымі рэпрэсіямі. Паводле дадзеных нямецкага выдання Die Welt, Лукашэнка не будзе ўнесены ў спіс неўязных асобаў, бо Францыя, Германія ды Італія лічаць неабходным трымаць адкрытымі магчымасці для дыялогу з Лукашэнкам. На гэтыя навіны Лукашэнка абяцаў адрэагаваць. Асаблівы “ўдар”, са словаў Лукашэнкі, прыйдзецца на літоўскую эканоміку. 

ЗША разглядаюць магчымасць санкцый

ЗША падкрэсліваюць неабходнасць пазбегнуць геапалітычнага канфлікту ў беларускай сітуацыі і не дапусціць ніякага падзелу на зоны інтарэсаў. Таму санкцыі магчымыя ў дачыненні да тых, хто быў наўпрост задзейнічаны ў фальсіфікацыях выбараў і палітычных рэпрэсіях. 

Савет Бяспекі ААН правёў нефармальнае паседжанне па сітуацыі ў Беларусі

4-га верасня Святлана Ціханоўская распавяла пра патрабаванні беларусаў, якія пратэстуюць ужо цягам месяца, і акрэсліла галоўныя перашкоды ў іх здзяйсненні. Афіцыйны Мінск гэтую сустрэчу назваў нелегітымнай. Раней ААН у спецыяльным дакладзе паведаміла пра мінімум 450 задакументаваных выпадкаў здзекаў і катаванняў затрыманых падчас мірных акцый у Беларусі. 

Адукацыя

Masaryk University (Чэхія) запускае стыпендыяльную праграму для студэнтаў і даследчыкаў з Беларусі

Masaryk University (MU) прапаноўвае стыпендыі для 20 студэнтаў з Беларусі ў памеры ад 10 000 да 20 000 крон (каля 380-460 еўра) штомесяц і акадэмічныя гранты для даследчыкаў, якіх пераследуюць, у памеры да аднаго мільёна крон штогод (каля 38 000 еўра ў год).

Латвійскі Відзэмскі ўніверсітэт прыкладных навук фінансуе навучанне паводле магістарскіх праграмаў і ў дактарантуры для дзесяці грамадзян Беларусі

Стыпендыя Вялікага Княства Літоўскага ад Віленскага ўніверсітэта 

Выказваючы салідарнасць з беларускім народам і падтрымліваючы дэмакратычныя памкненні беларусаў, Віленскі ўніверсітэт (Vilnius University) вырашыў заснаваць “Стыпендыю ВКЛ” для грамадзян Беларусі.

Дапамога адлічаным студэнтам ад Універсітэта імя Адама Міцкевіча

Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані (Польшча) прапануе беларускім студэнтам, якія былі выключаныя са сваіх універсітэтаў, працягнуць навучанне на бясплатнай аснове.

Бізнес

Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны гатовае спрыяць пераезду беларускіх ІТ-кампаній ва Украіну

“Разам з украінскім ІТ-бізнесам Міністэрства лічбавай трансфармацыі гатова ствараць усе неабходныя ўмовы для камфортнага пераезду ІТ-кампаній ды спецыялістаў ва Украіну. Украінская ІТ-кампанія можа запрасіць да сябе на працу такога замежніка”, – заявіў міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхайла Фэдараў.

У Рызе прапанавалі беларускім прадпрыемствам перанесці дзейнасць у Латвію

Прымаючы да ўвагі палітычную сітуацыю ў Беларусі, Латвійскае агенцтва інвестыцый і развіцця мабілізавала рэсурсы для аказання ўсёй неабходнай падтрымкі тым прадпрымальнікам, якія праявілі цікавасць да супрацоўніцтва і хочуць развіваць свой бізнес у Латвіі.

Салідарнасць

“Урад Латвіі вылучае € 50 тыс. на лячэнне беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму. 6 чалавек ужо знаходзяцца на лячэнні. Акрамя гэтага, краіна выдала 41 візу для беларусаў, якіх пераследуюць па палітычных матывах. Латвія салідарная з народам Беларусі”, – пра гэта заявіў у сябе ў “Твітары” міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Літва дазволіла ўезд беларусам з “асаблівымі гуманітарнымі палітычнымі мэтамі”

“З улікам высноваў аб становішчы ў Беларусі ад нашай рабочай групы па ацэнцы сітуацыі з нацыянальнай бяспекай жыхарам гэтай краіны па спецыяльным хадайніцтве МУС можа давацца права ўезду ў Літву з асаблівымі гуманітарнымі палітычнымі мэтамі”, – патлумачыла кіраўніца МУС Літвы Рыта Тамашунене.

Польшча плануе зняць абмежаванні на выдачу віз беларусам

“Мы распрацоўваем праграмы дапамогі нашым усходнім суседзям. Учора прэм’ер прыняў рашэнне аб аднаўленні нармальнай працы консульстваў і выдачы візаў. Да гэтага часу яны выдаваліся толькі людзям, якія прыехалі ў Польшчу са службовымі або гуманітарнымі мэтамі. З заўтрашняга дня консульствы змогуць спрасціць выдачу віз беларусам”, – заявіў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчак.

У Літве выстраіўся 50-тысячны ланцуг салідарнасці з беларусамі ад цэнтра Вільні да беларускай мяжы. Фотафакт 

Латвія звярнулася ў IIHF з лістом пра нежаданне праводзіць Чэмпіянат свету [па хакеі] разам з Беларуссю

“Урад Латвіі заклікае перадаць статус арганізатара чэмпіянату свету па хакеі 2021-га года іншай краіне. Калі сітуацыя ў Беларусі не зменіцца і адпаведныя рашэнні не будуць прынятыя IIHF, урад Латвіі можа адклікаць гарантыі на арганізацыю чэмпіянату свету па хакеі 2021-га года”, – гаворыцца ў лісце.

Фота на вокладцы: AP/Sergei Grits