• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Не глядзі, каб скора, а глядзі, каб добра: як слушна правесці рэформы ў рэгіёнах

    Цэнтр новых ідэй падрыхтаваў другую частку канспекта экспертнай дыскусіі аб выкліках, што стаяць перад беларускімі рэгіёнамі сёння.

    Нават пры змене ўлады Беларусь не стане ідэальнай за адзін дзень. Рэформы – гэта дарагі, няпросты і складаны працэс, тым больш, калі іх давядзецца рабіць у рэгіёнах, якія і так назапасілі безліч праблемаў у самых розных сферах. Якім чынам заходнія стэйкхолдары ўжо сёння могуць дапамагчы ім? На каго абаперціся, каб актывізм і перамены надыйшлі хутчэй, як ды каго менавіта падтрымліваць?

    Улады зменяцца, але людзі застануцца тыя ж

    Узровень кампетэнцый супрацоўнікаў мясцовых органаў кіравання і працаўнікоў камунальнага сектара ўжо даўно выклікае безліч пытанняў. Але марна спадзявацца, што пры змене ўлады ўсе адначасова здолеюць “пракачацца”. Досвед адпаведных рэформаў у Літве, Латвіі ды нават Украіне паказаў, што нават калі падчас рэформаў і змяняецца кіраўніцтва, то персанал на ніжэйшых узроўнях усё адно застаецца тым жа самым. Калі немагчыма засяродзіцца на палітычных і стратэгічных пытаннях, то падвышэннем кампетэнцый менавіта гэтых груп людзей варта займацца ўжо сёння.

    Замест “мая хата з краю” – актыўны ўдзел

    Рэформы будзе цяжка правесці без уцягнутасці грамадзян у гэтыя працэсы на месцах, таму неабходна стымуляваць стварэнне адпаведных інстытутаў грамадзянскай супольнасці. Гэта дапаможа і ў рэалізацыі разнастайных праектаў і задумак цэнтральнай ды мясцовай улады, будзе выклікаць менш канфліктаў і даваць неабходны ўсім вынік.

    Даступнасць, транспартная мабільнасць і экалогія

    Большасць еўрапейскіх гарадоў, якія давалі рады з эканамічнай разрозненасцю, укладаліся ў транспарт і пытанні мабільнасці. Кожны беларус і беларуска маюць атрымаць магчымасць дабірацца да працы цягам прынамсі гадзіны. Гэта будзе спрыяць мабільнасці чалавечага капіталу, падвышэнню яго кошту і вартасці ды будзе стымуляваць канкурэнцыю.

    Скразным пытаннем у большасці рэформаў, якія чакаюць краіну, мае быць паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. Паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны краіны моцна пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС, з савецкага часу засталася вялікая колькасць старых прамысловых прадпрыемстваў, а ў часы незалежнасці паспелі з’явіцца новыя забруджвальнікі ў гарадах. Зрабіць беларускія рэгіёны экалагічнымі, энергаэфектыўнымі і ўстойлівымі ў час глабальных зменаў клімату – выклік, з якім давядзецца даць рады.

    Як дапамагчы рэгіёнам у кароткатэрміновай перспектыве?

    З улікам небяспекі для дзейнасці можна было б парэкамендаваць заходнім ініцыятывам і інстытутам:

    • падтрымліваць мерапрыемствы па захаванні грамадзянскай супольнасці і эканамічнага патэнцыялу ў рэгіёнах;

    Еўрапейская сетка развіцця сельскіх рэгіёнаў ужо больш за 30 гадоў прасоўвае падыход LEADER/CLLD, які прадугледжвае сем асобных прынцыпаў, што мусяць выконвацца адначасова пры спробах змяніць сітуацыю ў рэгіёнах. Сярод іх апора на актыўныя мясцовыя групы, якія аб’ядноўваюць бізнесоўцаў, актывістаў і прадстаўнікоў мясцовага самакіравання. Такія групы ствараюць някепскую базу ў будучыні і для забеспячэння празрыстых выбараў і прадстаўніцтва інтарэсаў мясцовых жыхароў.

    • распрацоўка альтэрнатыўнай канцэпцыі рэгіянальнай палітыкі, актуалізацыя існых канцэпцый адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы;

    Усё мае быць зроблена з улікам сучасных падыходаў. Мы маем добры патэнцыял, ёсць стэйкхолдары па-за межамі і ўнутры Беларусі, хто мог бы з гэтым дапамагчы.

    Куды пайсці, куды падацца: з чаго пачаць рэформы

    Эксперты лічаць, што першым блокам пры правядзенні любых рэформаў у рэгіёнах мае быць:

    • узмацненне грамадзянскай супольнасці для правядзення рэформы. Без удзелу людзей на месцах любая рэформа рызыкуе зацягнуцца і быць неэфектыўнай.
    • распрацоўка заканадаўчай базы для правядзення рэформы. Нашае заканадаўства не адпавядае сучасным рэаліям у такіх пытаннях, як самакіраванне, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, паўнамоцтвы ўладаў і т.п. На аснове еўрапейскіх хартый і досведу нашых суседзяў можна падрыхтаваць пакет па стварэнні заканадаўчай рэформы ў гэтай галіне.
    • укладанне інстытуцыйнай базы для правядзення рэформы. Па стане на сённяшні момант бракуе разумення, якім чынам можна здзяйсняць любыя рэформы.

    Нашыя суседзі сярод іншага стварылі нацыянальныя агенцтвы рэгіянальнага развіцця і выкарыстоўваюць іх патэнцыял. Гэта дапамагае прадстаўляць і ўлічваць інтарэсы цэнтральнай улады і ўцягваць мясцовую супольнасць у прыняцце рашэнняў.

    • падтрымка працэсу рэфармавання. На ўсе перамены будуць патрэбныя вялікія фінансавыя, інтэлектуальныя і арганізацыйныя рэсурсы, таму без дапамогі іх будзе цяжка ўвасобіць у жыццё.

    Далей дзейнічаць будзем мы: другі этап рэформаў

    Развіццё патэнцыялу тэрыторый магчымае праз распрацоўку наступных пунктаў:

    • комплексныя стратэгіі развіцця тэрыторый і супольнасцяў, з улікам новага бачання развіцця рэгіёнаў, разумнай спецыялізацыі і “зялёнага пераходу”;
    • “зялёны пераход” (адукацыйныя, інфармацыйныя кампаніі для моладзі, бізнесу і грамадзянскай супольнасці);
    • пакет інфраструктурных праектаў, якія падвышаюць якасць кіравання, унутрырэгіянальную мабільнасць і даступнасць;
    • праграмы па развіцці чалавечага капіталу, занятасці і ўцягванні ў працоўную дзейнасць – важна засяродзіцца на пунктах росту, а не на падтрымцы ўсіх на аднолькавым (небагатым, не заўжды эфектыўным і паспяховым) узроўні развіцця;
    • праграмы па падтрымцы інавацыйнай дзейнасці ў пунктах росту (стварэнне кластараў, стымуляванне сферы паслуг і фінансаў).

    Акрамя гэтага, мае быць актывізаваная падтрымка рэгіянальных медыяў, бо часта даведацца, што менавіта робіцца па-за межамі сталіцы, бывае надзвычай складана.

    Фота: Аляксандра Мурашка

    ПаказацьСхаваць каментары