падтрымаць нас

Грамадства

Сем рэформаў, якія могуць адрадзіць айчыннае кіно

Сем рэформаў, якія могуць адрадзіць айчыннае кіно
Стварэнне прыстойнай кінаіндустрыі насамрэч куды прасцейшае, чым можа здавацца.

Беларуская кінавытворчасць моцна засела ў балоце ідэалагічных замоваў і дармаўшчыны, гэта значыць выдзеленых проста так бюджэтных сродкаў. Тое, што беларусы здымаюць, не цікава ні гледачам, ні патэнцыйным спонсарам. Ускосна падзяляе гэта меркаванне і новы дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі: “Кінавытворчасць – не толькі мастацтва, але і бізнес, і ідэалогія. Каб мы змаглі здымаць якаснае кіно, патрэбна стварыць якасную працоўную структуру”.

Чыноўнік мае рацыю, але каб кінавытворчасць запрацавала ў поўную моц, змены патрэбныя не толькі “Беларусьфільму”, але і ўсёй індустрыі: як на заканадаўчым узроўні, так і на ідэалагічным. Вось сем ідэй, якімі могуць быць гэтыя змены.

Празрыстае і адкрытае фінансаванне кінапраектаў

У Расіі працуе Фонд кіно, ва Украіне – Дзяржаўнае агенцтва па пытаннях кіно, у Польшчы – Польскі інстытут кінамастацтва. Спіс можна працягваць яшчэ доўга, але сутнасць адна – у нашых суседзяў апошнім часам з’явіліся дзяржаўныя ўстановы, якія стымулююць развіццё мясцовай кінапрамысловасці.

У іх працуюць не звычайныя чыноўнікі, а людзі, якія прафесійна займаюцца кіно: рэжысёры, прадзюсары, дыстрыб’ютары, уладальнікі кінатэатраў.

Яны сумесна вырашаюць, якія праекты вартыя дзяржаўнай падтрымкі, у якой ступені і на якіх умовах. Працэс прыняцця рашэнняў праходзіць праз пітчынг – публічную прэзентацыю ідэй і сцэнароў, за якім могуць сачыць медыі і простыя людзі.

Вось, напрыклад, як праходзіў пітчынг незалежнага мінскага праекта Kinosprint:

У Беларусі пакуль што дзейнічае Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, які закрыта разглядае прапановы кінематаграфістаў. Апошняе слова ў ім застаецца за чыноўнікамі Міністэрства культуры. А сам працэс атрымання сродкаў праходзіць праз электронную сістэму дзяржаўных закупак, з-за чаго падтрымку атрымлівае не больш якасны мастацкі праект, а больш танны.

Гэтая схема дае падставы да цэнзуры і карупцыі яшчэ на пачатковым этапе кінавытворчасці, перакрэсліваючы жаданне рэжысёраў і сцэнарыстаў удзельнічаць у падобных “гульнях”. Існая фармальная манаполія “Беларусьфільма” на бюджэтныя сродкі ў гэтай сферы павінна знікнуць раз і назаўсёды.

Не існуе дзяржаўнага і незалежнага кіно – усё гэта беларускае кіно, і ўсё яно мусіць атрымліваць дапамогу.

Паляпшэнне ўмоваў для працы замежных вытворцаў

Калі падняць архіў навін, то высветліцца цікавая рэч – у Беларусі планавалі працаваць кіношнікі з Індыі, Кітая, Францыі, Сербіі, ЗША ды іншых краін. Але амаль ніхто з іх да нас не прыехаў, і віной таму – недахопы ў заканадаўчай сферы. Для стваральнікаў кіно ў нас няма падатковых ільготаў, якія дзейнічаюць, напрыклад, у Венгрыі. Там дзяржава гарантуе замежным здымачным групам вяртанне 20–25 % выдадзеных на тэрыторыі дзяржавы сродкаў.

Беларусь таксама не можа разлічваць на капрадукцыйныя (сумесныя) праекты з еўрапейскімі дзяржавамі, бо мы не з’яўляемся чальцамі еўрапейскага фонду Eurimages і не маем падпісанага пагаднення з праектам Сreative Еurope. Усе гэта моцна абмяжоўвае беларускую кінематаграфію ў магчымасцях супрацы.

Стварэнне інстытута прадзюсарства

Разам са знікненнем Савецкага Саюза перастала функцыянаваць цэнтралізаваная сістэма кінавытворчасці.

Раней фільмы здымалі вялікія кінастудыі, цяпер здымкамі займаецца маленькая каманда прафесіяналаў, у якую часцей за ўсё ўваходзіць толькі рэжысёр і прадзюсар.

Першы займаецца перадусім мастацкімі пытаннямі, другі – менеджарскімі: шукае сродкі на стварэнне стужкі, прасоўвае іх на фестывалі, дамаўляецца аб продажы аўтарскіх правоў на фільм пракатчыкам і г.д. Без кампетэнтных прадзюсараў наш дэцэнтралізаваны кінематограф не зможа існаваць.

На жаль, у беларускім асяродку такіх спецыялістаў вельмі мала, а ўніверсітэты не могуць даць дастаткова ведаў у гэтай галіне. Трэба ствараць асобную прадзюсарскую гільдыю, якая будзе займацца адукацыяй моладзі і абаронай правоў прафесіяналаў.

Абнаўленне кінаадукацыі

Пакуль развівалася лічбавая тэхніка ды ўзнікалі новыя метады стварэння і распаўсюду відэакантэнта, беларуская сістэма кінаадукацыі безнадзейна чаплялася за познесавецкія напрацоўкі. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў выпускае рэжысёраў, аператараў, сцэнарыстаў, гукарэжысёраў з прыцэлам на працу ў кіна- і тэлестудыях, у якіх маладых кіношнікаў ніхто не чакае.

Выкладчыкі тут – не практыкі кінавытворчасці, а тэарэтыкі, якія лічаць, што лепш працаваць на дзяржаву, а не шукаць самастойны шлях і канкураваць.

Як, напрыклад, гэта робяць без акадэмічных ведаў у кіно Улада Сянькова ці Мікіта Лаўрэцкі, удзельнікі фестывалю “Лістапад”, Cottbus Film Festival, Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю ды іншых. Ізаляванасць нашай адукацыі зрабіла неканкурэнтаздольным беларускае кіно, якому вельмі патрэбныя смелыя рэжысёры і вынаходлівыя драматургі. Без сучасных адмыслоўцаў добрых стужак нам ніколі не відаць.

Развіццё кінапракату

Цяпер у Беларусі дзейнічае каля 100 кінатэатраў. Для краіны, у якой жыве 9,5 млн чалавек, гэта проста мізэрная колькасць.

У Літве, дзе насельніцтва ўтрая менш, іх працуе 44.

Большасць беларускіх кінатэатраў маюць толькі адну залу, і ў іх паказваюць выключна галівудскае ці расійскае кіно. Патрэбна будаваць новыя залы, перабудоўваць старыя ў шматзалавыя (мультыплексы), планамерна падвышаць колькасць квіткоў – усе гэта пойдзе на карысць кінавытворцам і кінабізнесу і адкрые ім магчымасць зарабляць ды інвеставаць у новыя стужкі.

У пракаце трэба аддаваць перавагу айчынным фільмам перад замежнымі – мастацтва не эканоміка, тут за пратэкцыянізм не сорамна.

Толькі рабіць гэта трэба праз падатковую палёгку для бізнесу, а не адміністрацыйным ціскам, як гэта цяпер робіць Міністэрства культуры Расіі. Можна таксама зрабіць кінатэатр айчыннага кіно, дзе будуць дэманстравацца толькі беларускія стужкі. Такі праект, дарэчы, дзейнічае ва Украіне.

Прыцягненне бізнесу ў кінавытворчасць

Амаль ва ўсім свеце, таксама і ў большасці постсавецкіх краін, прыватны бізнес выкарыстоўвае кіно як пляцоўку для рэкламы свайго брэнда. Гэта магчыма праз прадактплэсймент. Пакуль у Беларусі толькі дзяржава інвестуе ў здымкі, а бізнесмены не вельмі рвуцца ў гэта ўлазіць. Так атрымліваецца з-за таго, што стужак, скіраваных на гледачоў, у нас выходзіць вельмі мала, і такая практыка яшчэ не прыжылася.

Тым больш заканадаўства ў нас не прадугледжвае ільготаў для тых, хто рызыкуе ўкладваць грошы ў кінавытворчасць.

Мусіць дзейнічаць мякчэйшае падаткаабкладанне, вяртанне часткі грошай, арганізацыйная падтрымка з боку дзяржавы. І наагул, мае ўступіць у моц Закон “Аб мецэнацтве”. Іншым шляхам прыватны бізнес у мастацтва не прывабіш.

Папулярызацыя айчыннага кіно

Ці ведаюць беларусы пра існаванне сучаснага беларускага кінематографа? Бадай, не надта. Добра, калі нехта ўзгадае гістарычную драму “Анастасія Слуцкая”. І за ток “дзякуй”. Справа ў тым, што нацыянальнае кіно ўсё радзей дэманструецца ў кінатэатрах, яго амаль ніхто не рэкламуе (пра гэта кажа начальнік аддзела маркетынгу “Беларусьфільма” Юрый Ігруша), не абмяркоўваюць на тэлебачанні.

Для большасці беларусаў беларускае кіно не існуе.

Трэба заканадаўча прыраўняць рэкламу беларускіх стужак ды сацыяльнай рэкламы, стымуляваць тэлебачанне шырэй іх дэманстраваць і абмяркоўваць, а таксама варта заахвочваць прыватных і муніцыпальных уладальнікаў кінатэатраў пускаць нашыя фільмы ў пракат. Толькі калектыўнай працай магчыма зламаць недавер гледачоў да свайго кіно.