падтрымаць нас

Артыкулы

З чаго складаецца рэчаіснасць вайны

З чаго складаецца рэчаіснасць вайны

У гэтым артыкуле Генадзь Коршунаў разважае на конт таго, што вайна ёсць нечым нашмат большым за тое, што змяшчаецца ў звестках з фронту. І што патрэбна для таго, каб каб здабыць перамогу.

Этот материал выходит в рамках рассылки «Что думают беларусы». Подписывайтесь.

Калі мы згадваем пра вайну, то хутчэй за ўсё ў галаве ўсплывае фронт – шынялі, акопы, танкі, кулямёты, стрэлы і выбухі. Ну мо яшчэ знішчальнікі з бамбавікамі і гаўбіцы з пушкамі. Але ў любым выпадку гэта ўзброенае сутыкненне вайскоўцаў. Фронт.

Сапраўдная рэчаіснасць вайны нашмат больш складаная. Я маю на ўвазе, што да франтавой прасторы трэба дадаць яшчэ як мінімум дзве – тую, што знаходзіцца пад акупацыяй, і тую, якая застаецца ў тыле. Вайна спалучае фронт, тыл і акупаваную зямлю, але і там, і там, і там ідзе жыццё, своеасаблівае жыццё.

Гэта вельмі дзіўна, калі ў дзесяці, пяцідзесяці ці ста кіламетрах убок ад фронту працягваецца нібыта нармальнае, даваеннае жыццё. Там з двух бакоў едуць танкі і страляюць аўтаматы, а тут людзі наведваюцца адзін да аднаго ў госці, п’юць каву ці каньяк, ладзяць пікнікі і вяселлі. Там штодня кагосьці забіваюць, а тут зранку людзі кіруюцца на заводы, крамы працуюць з 9 да 20-й гадзіны ці нават пазней, а транспарт ходзіць амаль па раскладу.

А па другі бок фронту, праз тыя ж дзесяць, пяцьдзясят ці сто кіламетраў, на такой жа зямлі, простага чалавека могуць схапіць на вуліцы, катаваць да паўсмерці ці наўпрост стрэліць у патыліцу. Адначасова з гэтым шукаюцца тыя, хто пойдзе на супрацу з акупацыйнай адміністрацыяй, каб наладзіць нейкае кіраванне жыццём на захопленай тэрыторыі. І робяцца ўсялякія карцінкі для таго, каб паказаць, што па гэты бок фронту людзі нашмат шчаслівейшыя, чым па тую.

Вельмі рознае жыццё там, там і там. Але гэтыя розныя жыцці натуральным чынам злучае вайна – і не толькі нянавісцю да самой гэтай вайны і прагай перамогі і міру. Злучае агульнай любоўю да Бацькаўшчыны і сумаваннем па яе мірным вуліцам; злучае супольным адчуваннем еднасці, узаемнай падтрымкай і ўзаемадапамогай; злучае празрыстым разуменнем таго, чым ёсць чалавечнасць, свет, праўда і жыццё. Усё гэта ёсць нават у тых, хто думае, што вайна яго не датычыцца. Бо так ці інакш, рана ці позна вайна дойдзе да кожнага.

Падчас вайны людзі злучаюцца праз супольныя адчуванні і агульны досвед, а галоўнае – праз сумесныя дзеянні, скіраваныя на супольную перамогу. Таму відавочна, што на перамогу працуе не толькі фронт. За перамогу змагаюцца і ў тыле, і ў акупацыі.

Адныя, як бы далёка не былі ад лініі фронту, ашчаджаюць свае выдаткі і накіроўваюць рэсурсы на барацьбу з ворагам. Другія, як бы глыбока яны ні былі пад акупацыяй, намагаюцца выжыць і не падпарадкавацца акупантам. Адныя змагаюцца ўсім, што дасяжна – на інфармацыйным, фінансавым, арганізацыйным, знешнепалітычным і ўсіх іншых узроўнях. Другія ідуць шляхамі сабатажу і партызаншчыны, яны забіраюць сакрэтную інфармацыю і як могуць супрацьстаяць варожай прапагандзе.

Усё гэта не пра гісторыю, гэта пра сучаснасць. І не толькі пра Украіну. Гэта і пра Беларусь. Можа нават больш пра Беларусь, чым пра Украіну.

Хоць зараз нельга наўпрост правесці лінію фронту паміж уладамі і грамадствам, паміж імі ідзе зацятая вайна. І ёсць акупаваная беларуская зямля з беларусамі пад акупацыяй, якія выжываюць, сабатуюць, партызаняць супраць рэжыму Лукашэнка. І ёсць тыл з беларусаў паза межамі Беларусі, якія трымаюць сувязь са сваімі ў Беларусі, падтрымліваюць пацярпелых і хістаюць рэжым у якасці арганізатараў, экспертаў, спецыялістаў, валанцёраў і актывістаў.

І калі ўжо вайна… Нам патрэбна паразуменне паміж сабой, паміж беларусамі. Нам патрэбна пашырэнне сувязяў унутры краіны і паза яе межамі. Нам патрэбны супольныя мэты і супольныя дзеянні. Перамагчы мы можам толькі разам, толькі супольна.

Фота: Facebook Національної гвардії України