падтрымаць нас

Грамадства

Слабы пол

Слабы пол
Працоўныя мужчыны ў багатых краінах у бядзе. Яны мусяць навучыцца адаптавацца.

На першы погляд, патрыярхат квітнее. Больш за 90 % прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў – мужчыны, гэтаксама як практычна ўсе босы буйных карпарацыяў. Мужчыны дамінуюць у сферы фінансаў, тэхналогій, кіно, спорту, музыкі і нават стэндап-камедыі. Шмат дзе ў свеце яны маюць сацыяльныя і прававыя прывілеі, толькі дзякуючы храмасоме Y. Таму хваляванне аб цяжкім лёсе мужчын можа падацца недарэчным.

Тым не менш падставаў для заклапочанасці шмат. На сацыяльным дне мужчын ледзь не столькі ж, колькі наверсе. Яны з большай верагоднасцю, чым жанчыны, могуць апынуцца ў турме, у разлуцы з дзецьмі, або скончыць жыццё самагубствам. Яны радзей атрымліваюць вышэйшую адукацыю, чым жанчыны. У развітых краінах хлопчыкі на 50 % часцей завальваюць базавую матэматыку, чытанне і дакладныя навукі.

У прыватнасці пакутуе адна група. Слабаадукаваныя мужчыны ў багатых краінах сутыкнуліся з цяжкасцямі пры пераадоленні  велізарных зменаў на рынку працы і ў дамашнім асяроддзі за апошнія пяцьдзясят год. Калі тэхналогіі ды гандаль выцеснілі фізічную сілу, недаадукаваныя мужчыны змагаліся, каб знайсці сваю нішу ў працоўным асяроддзі. Жанчыны, з іншага боку, з дапамогай уласных больш складаных навыкаў і ўменняў падаліся ў сферы, якія пашыраліся – медыцыну, адукацыю і гэтак далей. З ростам значэння адукацыі ў грамадстве, хлопчыкі таксама пачалі адставаць ад дзяўчынак у школе (за выключэннем акадэмічнай эліты). Мужчыны, якія страчваюць працу на вытворчасці, часта ніколі больш не працуюць. Беспрацоўным мужчынам цяжка знайсці сабе пару для доўгатэрміновых стасункаў.  Як вынік, мужчыны з нізкай прафесійнай кваліфікацыяй уяўляюць сабою грымучую сумесь “без працы, без сям’і, без перспектываў”.

Ад поўных сем’яў да іх распаду

Прадстаўнікі левай плыні ў палітыцы часта імкнуцца факусавацца на эканоміцы. Скарачэнне працоўных магчымасцяў для мужчын, кажуць яны, вядзе да гароты і разбураных сем’яў. У Амерыцы заробак мужчын, якія маюць толькі атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы, знізіўся на 21 % у рэальным вылічэнні ў 1979-2013-ых гадах; заробак жанчын адпаведнай кваліфікацыі за гэты ж час вырас на 3 %. Прыкладна 1/5 амерыканскіх мужчын працаздольнага ўзросту, якія маюць толькі атэстат аб сканчэнні сярэдняй школы, не працуюць.

Правыя палітыкі хвалююцца праз крах інстытуту сям’і. Пераважная большасць жанчын хацелі б мець партнёра, які робіць у іх адносіны свой унёсак як фінансава, гэтак і ў вядзенні гаспадаркі. Аднак яны лепш застануцца на самоце, чым у пары з лайдаком, а можа стацца так, што і выбару не будзе: амерыканскія беспрацоўныя мужчыны праводзяць напалову менш часу ў хатніх гаспадарчых справах ці ў клопатах пра іншых, чым жанчыны ў такой жа сітуацыі, і значна больш часу глядзяць тэлевізар.

У выніку адбываецца развал працоўных сем’яў. Поўная сям’я з дваіх бацькоў, якая ўсё яшчэ з’яўляецца нормай сярод эліты, знікае ў беднага насельніцтва. У багатых краінах колькасць дзяцей, народжаных па-за шлюбам, павялічылася ў тры разы з 1980-га года – да 33 %. У некаторых рэгіёнах, дзе традыцыйная вытворчасць пацярпела крах, гэтая лічба дасягнула 70 %. Дзеці з няпоўных сем’яў менш вучацца ў школах і з большай імавернасцю кідаюць навучанне ды менш зарабляюць у далейшым, чым дзеці з поўных сем’яў. Яны таксама рэдка дасягаюць поспеху ў стварэнні стабільных уласных сем’яў.

Правыя і левыя часта не чуюць адно аднаго. Аднак іх тлумачэнні не канфліктуюць: вінаваціць трэба і эканамічныя, і сацыяльныя змены, і гэтыя два фактары ўзаемна падмацоўваюцца. Больш за тое, сітуацыя можа пагоршыцца. Тэхналогіі захопяць больш сфераў вытворчасці, ад чаго выйграе грамадства, але працоўныя, якія не здолеюць палепшыць свае навыкі, застануцца не пры справах. Мазгавы цэнтр АЭСР (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця) прадказвае, што колькасць няпоўных сем’яў амаль ва ўсіх багатых краінах працягне расці. Хлопцы, якія выраслі без бацькі, маюць большую імавернасць сутыкнуцца з цяжкасцямі пры фармаванні доўгатэрміновых стасункаў, што створыць цыкл дысфункцыі мужчын.

Рамонтнік, кравец, салдат, цырульнік

Што можна зрабіць? Часткова рашэнне палягае ў змене культурнага стаўлення. Апошняе пакаленне мужчын сярэдняга класа засвоіла, што мусіць дапамагаць з даглядам дзяцей ды змяніла свае паводзіны. Мужчыны працоўнага класа мусяць падцягнуцца. Жанчыны ўсвядомілі, што яны могуць быць хірургам і фізікамі, не страціўшы пры тым сваёй жаноцкасці. Мужчыны мусяць зразумець, што традыцыйная ручная праца не вернецца, і што яны могуць быць сярэднім медперсаналам ці цырульнікамі, не страціўшы мужнасць.

Полісімейкеры таксама павінны дапамагчы, таму што недарэчныя законы пагаршаюць сітуацыю. Амерыка скарачае колькасць мужчын шлюбнага ўзросту, зачыняючы мільёны маладых людзей мужчынскага полу за негвалтоўныя правапарушэнні, ствараючы ім у далейшым цяжкасці пры пошуку працы. (У Джорджыі, напрыклад, былым вязням забаронена карміць свіней, гасіць пажары альбо працаваць у пахавальных залах). У вялікай колькасці багатых краінаў бедных людзей заахвочваюць не жаніцца і не браць грамадзянскіх шлюбаў, пазбаўляючы іх ільгот, калі яны ўсё ж гэта робяць.

Нават больш важным момантам, чым вызваленне ад непісьменнай палітыкі, з’яўляецца пераўзбраенне сістэмы адукацыі, якая стваралася ў часы, калі большасць мужчын працавалі цягліцамі. Палітыкі мусяць зразумець, што нізкая паспяховасць хлопчыкаў – гэта сур’ёзная праблема. З гэтай прычыны трэба пачаць нешта рабіць для выпраўлення сітуацыі. Некаторыя разумныя падыходы, якія пасуюць кожнаму, асабліва пасуюць хлопцам. Ранняя адукацыя дзяцей дае хлопцам структуру і лепшыя магчымасці для развіцця вербальных і сацыяльных навыкаў. Краіны з паспяховай прафесійна-тэхнічнай сістэмай, як Германія, дасягнулі лепшых вынікаў, чым англа-саксонскія краіны ў матывацыі неахвотных вучыцца хлопцаў і накіраванні іх на працоўныя месцы. Аднак полісімейкеры мусяць перарабіць прафесійна-тэхнічную адукацыю пад сучаснасць, калі навучэнцы маюць больш шанцаў атрымаць працу ў шпіталях, а не на фабрыках.

Наагул школы павінны практыкаваць больш прыязнае стаўленне да хлопчыкаў. Яны павінны прызнаць, што хлопцы больш рухавыя, чым дзяўчынкі, таму лепш даць ім арганізаваныя спартыўныя заняткі і энергічныя гульні, чым шпігаваць  іх “Рыталінам” ці сварыцца за іх няўрымслівасць. Школы мусяць прадставіць больш ролевых мадэляў мужчынскіх паводзінаў: наняць больш настаўнікаў-мужчын у пачатковых класах. Гэта не толькі дасць хлопчыкам магчымасць кантактаваць з мужчынскім асяроддзем, але і прадэманструе, што мужчына можа быць і настаўнікам, а не толькі пажарным.

Узмацненне роўнасці палоў – адно з найвялікшых дасягненняў пасляваеннай эры: у людзей стала больш магчымасцяў, чым раней, каб рэалізаваць свае амбіцыі ў незалежнасці ад полу. Аднак, некаторыя мужчыны не здолелі справіцца з гэтым новым светам. Надышоў час дапамагчы ім.