падтрымаць нас

Артыкулы·Грамадства

Лесі цікава: Да чаго прывядзе дваровая актыўнасць?

Лесі цікава: Да чаго прывядзе дваровая актыўнасць?

Ужо больш за месяц беларусы гуртуюцца ў дварах, знаходзяць новыя формы лакальнага пратэсту, каардынуюцца праз мясцовыя чаты. Адныя кажуць, што гэта новая тактыка пратэсту і так выбудоўваецца актыўная грамадзянская супольнасць. Іншыя лічаць дваровую актыўнасць здзіманнем пратэсту.

Пра дваровую актыўнасць і яе патэнцыял у будучай Беларусі я пагаварыла з аналітыкам, сацыёлагам Генадзем Коршунавым, грамадскім дзеячам Юрыем Стукалавым і культуролагам, эксперткай па бізнес-камунікацыі, заснавальніцай школы дзелавой культуры і этыкету Аксанай Зарэцкай.

This image has an empty alt attribute; its file name is Untitled-design-6.jpg

1. Дваровыя маршы – гэта паспяхова перафарматаваная форма пратэсту альбо ўсё ж такі сведчанне таго, што сілавікам удалося запалохаць людзей і пратэсты сапраўды паступова здзімаюцца?

Лесі цікава: Да чаго прывядзе дваровая актыўнасць?

Генадзь Коршунаў: Прынцыповая памылка – бачыць пратэст толькі на вуліцы. Пратэст – гэта выказванне незадаволенасці існым уладам. Пратэст можа быць арганізацыйны, культурніцкі, эканамічны, палітычны. Пратэст нашмат больш шырокі, чым наўпрост вулічнае шэсце. Так, гэта важна і з палітычнага, і з камунікатыўнага, і з псіхалагічнага пункту гледжання. Але пратэсты – гэта не толькі вуліца. І тое, што цяпер пратэсты ўціснулі ў двары, – гэта не дрэнна, і пратэсты ад гэтага не здзімаюцца. 

Пратэсты не могуць быць аднолькавымі ўвесь час. І калі вось гэтая нядзельная актыўнасць перайшла ў двары, яна стала не толькі нядзельнай. Людзі незадаволеныя тым, што ім не даюць пратэставаць, яны шукаюць іншыя каналы, спосабы, метады. А вулічныя пратэсты ўсё роўна застаюцца, хоць і не ў такім агульназаўважным маштабе. Напэўна, яно было б больш наглядна і відавочна, калі б гэта была адна шматтысячная калона. Цяпер не так, але гэта не змяншае колькасці пратэстоўцаў. 

Лесі цікава: Да чаго прывядзе дваровая актыўнасць?

Аксана Зарэцкая: Дваровыя маршы – гэта выдатная форма пратэсту, таму што яна кажа пра трансфармацыю пратэсных дзеянняў ад дэманстрацыйных, разлічаных на гледача, да формаў глыбінных, матываваных чыстымі перакананнямі. Яна дазваляе яшчэ больш згуртаваць людзей і знайсці падтрымку сярод тых, хто сапраўды побач. Такая форма выказвання сваёй нязгоды з несправядлівасцю, падманам і жорсткасцю ўшчыльняе пратэст, робіць яго больш канцэнтраваным.

Лесі цікава: Да чаго прывядзе дваровая актыўнасць?

Юры Стукалаў: На мой погляд, любая актыўнасць, у якім бы яна выглядзе не была, мае сэнс. Людзям неабходна разумець, што яны не адныя, таму дваровыя мерапрыемствы і адбываюцца. Пасля 5 месяцаў актыўнасці ў шмат каго з’яўляецца стомленасць –  і гэта нармальна, цяпер гэта ўсё праходзіць у форме дваровай актыўнасці, але мы не ведаем, як будзе развівацца сітуацыя вясной. Ціск, які аказваецца на людзей, таксама адыграў сваю ролю, але актыўнасць не знікла, яна перафарматавалася. Гэтая форма адпавядае чаканням і запыту грамадства.

2. Ці сапраўды ўсе гэтыя дваровыя чаты, маршы, акцыі салідарнасці – гэта праява фармавання новай грамадзянскай супольнасці, якая можа стаць асновай будучых эфектыўных грамадскіх і палітычных рухаў?

Генадзь Коршунаў: Гэтае перафарматаванне дае значна больш, таму што вялікія маршы – гэта эмацыйная повязь, шыкоўныя відэашэрагі для ўсіх суседзяў і міжнароднай супольнасці. Мы адчулі сябе, Сусвет убачыў нас. Вялікія маршы сваёй мэты дасягнулі. Але больш, чым проста хадзіць, вялікія маршы не могуць нічога даць. Маленькія раённыя, дваровыя дзеі даюць, як гэта ні парадаксальна, нашмат больш. Яны даюць досвед гарызантальных сувязяў, яны даюць адчуванне, што нас шмат, і яны даюць досвед самаарганізацыі не абстрактнай, а вельмі канкрэтнай. 

Пачынаецца з кавы, торцікаў, а сканчаецца маршамі, якія становяцца ўвогуле непадкантрольнымі, таму што яны могуць адбывацца і ў нядзелю, і ў суботу, і не толькі маршы, але і шмат іншых дзеянняў. У перспектыве гэта нам дае новыя мадэлі мясцовага самакіравання, новыя мадэлі вырашэння сваіх пытанняў цяпер і тут. На мой погляд, гэта выбудова новага палітычнага плану. 

Аксана Зарэцкая: Цалкам дакладна, што дваровыя пратэсты фармуюць новы від грамадзянскасці ў беларусаў. Гэта пашырэнне асабістай прасторы ад дзвярэй кватэры да двара, да вуліцы, а потым і да горада. Гэта прыняцце ў сферу адказнасці большай прасторы і ўсведамленне сябе як часткі вялікай грамады, а не толькі сваёй сям’і ці працоўнага калектыву. Грамадзянскасць шмат у чым будуецца на ідэнтыфікацыі сябе з нейкай культурнай прасторай. Дваровы пратэст шматкроць пашырае гэтую культурную прастору і вучыць чалавека суадносіць свае жаданні і дзеянні са значна большай колькасцю людзей і меркаванняў, чым у сям’і.

Юры Стукалаў: У Беларусі больш шырока пачалі фармавацца гарызантальныя сувязі – гэта факт. Гэта тычыцца не толькі Мінска, але і рэгіёнаў. Усе гэтыя віды актыўнасці безумоўна развіваюць грамадзянскую супольнасць, шмат новых людзей прыйшло ў актывізм. Ці захаваецца такая актыўнасць у будучыні – пытанне, але людзі адчулі смак грамадскай актыўнасці. Важна, каб патэнцыял і энергія новых актыўных людзей не праходзілі і ў будучыні яны сапраўды змаглі стаць рухальнай сілай грамадскіх пераўтварэнняў. Я думаю тут таксама сваю ролю мусяць адыграць і існыя актары грамадзянскай супольнасці (ініцыятывы, НДА), якія маюць прапаноўваць варыянты актыўнасці новых людзей.

3. Улады змаглі выціснуць пратэсты з цэнтральных вуліц у двары, цяпер спрабуюць зачысціць і пратэсты ў дварах. Калі ў іх гэта атрымаецца – што далей?

Генадзь Коршунаў: Я б вельмі здзівіўся, калі б дваровыя і раённыя пратэсты задушылі. Усе працэсы ў Сусвеце, што ў прыродзе, што ў грамадстве, – яны развіваюцца хвалямі. Калі дзесьці нешта затухае, яно перацякае ў іншы нейкі пласт, пасля яно перацякае ў іншыя формы. Таму калі людзям не дазволяць збірацца ў дварах па тры-чатыры чалавекі… Па-першае, трэба каб у кожным двары тады стаяў той, хто будзе іх заціскаць, што, напэўна, немагчыма. 

Аксана Зарэцкая: Я не думаю, што ўладам удасца зачысціць двары, – гэта занадта вялікая колькасць пунктаў, якія мусяць кантралявацца. У сучасных умовах на гэта не варта спадзявацца. Да таго ж дваровыя асяродкі пратэсту існуюць не толькі ў рэальнай прасторы, але і ў віртуальнай. Яны хаатычныя і спарадычныя. Ніякая цэнтралізаваная сістэма не справіцца з такой разнастайнасцю і несістэмнасцю.

Юры Стукалаў: Што будзе далей – гэтага ніхто не ведае. Мне здаецца, што актыўнасць не спадзе да канца. Напружанасць у грамадстве застаецца, большасць людзей нікуды не дзеліся, яны па-ранейшаму абмяркоўваюць, што адбываецца ў краіне. Новы ўсплёск можа адбыцца з любой нагоды. Калі гэта будзе – складана сказаць, але, думаю, што не раней за вясну. Як паказаў досвед, сіла беларусаў у гарызантальнасці, дык вось гэтая гарызантальнасць і падкажа, што рабіць далей.

Фота: Павел Крычко